Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раздзяліў гістарычнасць першага святкавання Дня народнага адзінства разам з удзельнікамі форуму «Сімвал адзінства», што прайшоў у «Мінск-Арэне». Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС.
Вітаючы ўдзельнікаў свята, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння адраджаецца традыцыя ўспамінаць падзею, якая вярнула ўсім разрэзаную па-жывому родную зямлю. «У далёкім 1939-м Беларусь ўз’ядналася ў сваіх нацыянальных межах. Стагоддзямі падзяляемы паміж княствамі, каралеўствамі і імперыямі народ упершыню атрымаў шанец пабудаваць уласную дзяржаву на сваёй гістарычнай зямлі. Гэта здарылася больш за 80 гадоў таму 17 верасня», — сказаў ён.
Па словах беларускага лідара, для пакаленняў, якія жывуць цяпер, гэты дзень — наша гістарычная памяць. Памяць, якая звязвае разам людзей і эпохі, перадае вопыт і перасцерагае ад фатальных памылак. «Уся наша гісторыя часам цяжкага і драматычнага шляху да набыцця і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала найстаражытную мудрасць: сіла — у адзінстве», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларусы ведаюць, што значыць ва ўгоду чужым нацыянальным інтарэсам, нечым празмерным геапалітычным амбіцыям страціць палову роднай зямлі, страціць сувязь з блізкімі і сябрамі на доўгія 20 гадоў.
«На доўгія 20 гадоў звыш чатырох мільёнаў чалавек, якія пражывали на акупаванай Польшчай тэрыторыі, былі пазбаўлены права размаўляць на роднай мове, вучыцца ў нацыянальных школах, развіваць сваю самабытную культуру. Ды і проста беларусамі звацца. Няма нічога дзіўнага ў тым, што 17 верасня 1939 года жыхары Заходняй Беларусі сустракалі Чырвоную армію як вызваліцельніцу. Са слязамі на вачах і кветкамі. Памятаюць гэтую сустрэчу архіўныя фота, якія беражліва захоўваюцца ў старэнькіх сямейных альбомах», — сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, сёння мы не ў сілах прымусіць замаўчаць нацыяналістаў розных масцяў, нашчадкаў калабарацыяністаў, якія атаясамліваюць гэтую падзею з нападам фашысцкай Германіі на Польшчу. Але можна адказаць фактамі. «Да сярэдзіны верасня далёкага 1939 года Польшча пацярпела паражэнне ў вайне з Германіяй, польскія войскі былі разгромленыя. Урад збег ў Вялікабрытанію. Дзяржава перастала існаваць. Гэта Польшча. Над Заходняй Беларуссю, якая ўваходззіла ў склад ужо неіснуючай Польшчы, навісла цень нацызму. Вярнуўшы страчаныя спрадвечна беларускія землі, савецкі ўрад спыніў смяротную пагрозу для жыхароў рэгіёну на цэлых два гады», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
За спіной Прэзідэнта на экране была прадстаўлена карта Беларусі ў 1921 годзе. Ён падкрэсліў, што гэта не проста так. Карту размясцілі, каб ячшэ раз паказаць, якой тады была краіна — разадраная, разарваная і напалову аддадзеная.
«Гэта было справядліва? Не. 20 гадоў людзі пакутавалі, 20 гадоў з іх здзекваліся, забаранялі размаўляць так, як яны хочуць. Дзецям няма дзе было вучыцца. Ішла паланізацыя гэтай часткі Беларусі. Мы не маглі з гэтым змірыцца», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на яшчэ адзін важны момант. Чаму ў 1939 годзе палякі не абаранілі свае спрадвечна польскія землі? Чаму за два тыдні здалі ўсю Польшчу да Гродна і Брэста? «Чаму вы не паміралі там, калі гэтая ваша зямля? Што ж можна было казаць „Усходніх крэсах“? Там за Бугам нашы дні былі б палічаныя. Не трэба спрачацца, давайце шчыра: тады была адноўлена справядлівасць. Беларускі народ зноў здабыў права жыць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар канстатаваў, што ў 1939 годзе беларусы абаранялі сваю зямлю і беларускі народ здабыў права жыць і развівацца ў межах адной рэспублікі.
За кароткі час у заходніх абласцях людзі атрымалі бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, пачалі дзейнічаць амаль 6 тысяч школ, адкрыліся нацыянальныя ВНУ і тэатры. Будаваліся новыя фабрыкі і заводы, каб людзям даць працоўныя месцы і яны маглі пракарміць сваю сям’ю. Ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах з’явіліся беларускія газеты і часопісы.
«Уз’яднанне ў 1939 годзе Беларусі дало магутны імпульс развіццю эканомікі, навукі, культуры. Але галоўнае — беларусы аб’ядналіся. Былі разам і ў барацьбе супраць прыхільнікаў аднаўлення „вялікай“ Польшчы, і ў барацьбе з гітлераўскімі акупантамі», — упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што на палях бітваў, у партызанскіх атрадах і падполлі жыхары Заходняй і Усходняй Беларусі, не задумваючыся, паміралі за сваю Бацькаўшчыну. «У гэтай самай страшнай і жорсткай вайне ў гісторыі чалавецтва дужэла і гартавалася народнае адзінства беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў, яўрэяў і іншых малых народаў, якія пражывалі ў рэспубліцы», — адзначыў ён.
Прэізідэнт падкрэсліў, што ў неймаверных выпрабаваннях беларускі народ фармаваўся ў адзіную нацыю. І сёння можна з гонарам гаварыць, што савецкая рэспубліка, якая стала ў 1945-м сузаснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заняла ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, адбылася як беларуская нацыянальная дзяржава з роўнымі правамі для ўсіх грамадзян.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што у ХХ стагоддзі наша нацыянальнае адзінства не раз было выпрабаванае на трываласць. У 1990-я, калі народ адхіліў спробу пабудаваць на сваёй зямлі нацыяналістычную дзяржаву вельмі радыкальнага толку (з лозунгам «Беларусь для беларусаў»), не даў разваліць краіну і расцягнуць багацце па кутах, захаваў мір і згоду ў грамадстве.
«І ў жніўні — верасні мінулага года, калі ў востры перыяд развязанай супраць нас гібрыднай агрэсіі беларусы абаранілі сваю дзяржаўнасць. Мы, сапраўдныя беларусы, не далі паўтарыць бліцкрыг 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Але да драматычных ўрокаў першай паловы мінулага стагоддзя мы вяртаемся не для таго, каб кагосьці папракнуць. Я паўтару, што казаў не раз. Суседзі нам дадзены ад Бога. У адносінах з усімі мы імкнемся да міру і дружбы. Мы ніколі не квапіліся на чужы каравай або кавалачак зямлі, нам свайго хапае. Мы не нагадваем ім, што Беласток — гэта беларускія землі. Што Вільнюс і землі навокал — беларускія. Мы пра гэта не кажам», — падкрэслў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт назваў унутрыканфесіянальную раўнавагу і міжнацыянальнае адзінства — непарушнай асновай нашага грамадства.
«Усе мы, хто жыве на гэтай зямлі,, — беларускі народ. У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх. Гэта непарушна. Гэта назаўжды. Але ніколі мы не дазволім гераізаваць бурых і іншых забойцаў беларускага народа. Такімі яны назаўжды застануцца ў нашай гістарычнай памяці, — сказаў кіраўнік дзяржавы, — І няма чаго тут рабіць тым, хто гэтых злачынцаў цягне з забыцця. Тым, хто спрабуе падпарадкаваць, растаптаць, разарваць нашу суверэнную краіну, зрабіць яе часткай санітарнага кардону, які акружае братнюю Расію», — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння многія кажуць, а можа варта забыць усё, што было менш за сотню гадоў таму. Маўляў, была Хатынь, але ж там ёсць помнік, як і тысячы іншых помнікаў. «Можна забыць. Але вы не забудзьцеся, беларусы, адно. Як толькі мы забудзем дарогу да гэтых помнікаў, як толькі зарасце хмызняком дарога да Хатыні — гэта зноў паўторыцца, гэта зноў прыйдзе ў нашы дамы. Пакуль мы памятаем, мы жывём. І проста жыццёвая мудрасць — калі мы забудзем іх, сапраўды гэтак жа забудуцца нас. Таму мы не павінны гэтага дапусціць, гэта ў нашых славянскіх сэрцах і думках», — перасцярог ён.
Беларускі лідар падкрэсліў, што ў аснове народнага адзінства — найстаражытная ў нашай дзяржаве традыцыя народаўладдзя. «Свой гістарычны шлях і палітычны статус мы разам выбіраем на рэспубліканскіх рэферэндумах і ўсебеларускіх сходах. Выбіраем сэрцам! Менавіта так ў 2021-м годзе — у Год народнага адзінства — было агучана і падтрымана большасцю галасоў беларусаў прапанова зрабіць дзень 17 верасня сваім новым дзяржаўным святам.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў белаоусаў памятаць, што Дзень народнага адзінства — галоўнае свята, якое доўгія дзесяцігоддзі сарамліва не хацелі адзначаць. Па яго словах, не было б гэтага дня — не было б нас.
Прэзідэнт расказаў, пра свае ўражанні ад нядаўнай паездкі ў Таджыкістан, неверагодна прыгожую краіну. Па яго словах, кожны раз падлятаючы да Душанбэ, ён здзіўляецца, як там працуюць людзі. Кожны кавалачак зямлі дагледжаны, паколькі ад гэтага залежыць жыццё людзей. І навокал — страшная сітуацыя, у чарговы раз узарваўся Афганістан.
«Краіна растузаная грамадзянскай вайной два з дзясяткам гадоў таму назад, падхопленая на рукі маім сябрам Рахмонам, толькі пачала падымацца. Людзі толькі ў мінулым годзе атрымалі дастатковую колькасць электраэнергіі. Жыццё вельмі цяжкае, але людзі пераадольваюць гэта. І зноў бяда. Я да чаго гэта кажу. Да таго, каб вы бераглі тое, што ёсць. Як толькі мы страцім гэта — бяда, бяды не абмінуць. І калі ты вяртаешся дадому, у чарговы раз пачынаеш разумець, якая прыгажуня ў нас краіна. У якім выдатным месцы, падораным нам богам, мы жывем. Беражыце гэта. Гэта належыць нашым дзецям», — падзяліўся Прэзідэнт.
Звяртаючыся да народу Беларусі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што новае дзяржаўнае свята зойме такое ж годнае месца ў нашай сучаснай гісторыі, як Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці. Калі б не было гэтага ўз’яднання, не было б у нас Дня Перамогі і Дня Незалежнасці. Нас бы не было, бо не было б зямлі, на якой нарадзіліся нашы продкі.
«Таму што дата — 17 верасня — жыла і будзе жыць у сэрцы і памяці беларускага народа. І мы, грамадзяне сучаснай незалежнай Беларусі, ведаем, што назаўсёды звязаны самабытным лёсам розных пакаленняў беларусаў, якія тысячы гадоў жывуць на гэтай зямлі. На нашай з вамі роднай беларускай зямлі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-narodnaga-adzinstva
[6] https://zviazda.by/be/tags/adkb