Пазнавальна-прагулачная паўкальцэвая экалагічная сцежка «Лясное возера» адкрылася ў сталічным лесапарку Сцяпянка, перадае агенцтва «Мінск-Навіны». Яе працягласць склала 930 м, а маршрут пракладзены побач з возерам.
Незвычайны падарунак жыхарам паднеслі зялёныя будаўнікі Партызанскага раёна
— Падстава сцежкі выканана з адсеву граніту дробнай фракцыі, — распавёў дырэктар УП «Зяленбуд Партызанскага раёна г. Мінска» Віталь Весялоў. — Гэта зроблена для таго, каб нават пасля дажджу перасоўвацца па ёй было камфортна. Адразу ля ўваходнай групы ўстаноўлена веласіпедная паркоўка, дзе можна на час пакінуць свой двухколавы транспарт. На ўваходзе размясціўся дзіцячы гарадок, а не заблудзіцца ў шляху дапамогуць указальнікі ў выглядзе фігурак звяроў. Таксама маюцца інтэрактыўная зона «Угадай жывёла па следзе» і фотазона «Трон лесавіка». Наступнай вясной з’явіцца і музычнае суправаджэнне прагулак: па ўсёй сцежцы ўстаноўлены шпакоўні, вырабленыя школьнікамі падчас летніх канікул.
На прылеглай тэрыторыі добраўпарадкавана валейбольная пляцоўка, маецца адрамантаванае спартыўнае абсталяванне. А для адпачынку ўсіх наведвальнікаў абстаўленыя два дзясяткі разнастайных лавак. Частка з іх удзельнічалі ў раённым конкурсе на лепшую лаўку.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ekalagichnaya-scezhka-lyasnoe-vozera
[2] https://zviazda.by/be/tags/zyalenbud
[3] https://zviazda.by/be/tags/partyzanski-rayon-0