Па дадзеных перапісу насельніцтва 2019 года ў Беларусі налічваецца больш за 2 612 тысяч сем’яў, пераважная большасць з іх — нуклеарныя. Пра гэта паведаміла кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана БЕЛАШ падчас мерапрыемства, якое было прысвечана сцвярджэнню сямейных каштоўнасцяў у інфармацыйнай прасторы.
— Пытанні сям’і і ўстойлівага развіцця не губляюць сваёй актуальнасці на працягу многіх стагоддзяў і сёння яны знаходзяцца ў цэнтры ўвагі сацыяльнай палітыкі дзяржавы, — кажа кансультант міністэрства. — Сям’я аснова наогул усёй дзяржавы ў цэлым. У адпаведнасці з канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі і законаў дэмаграфічнай бяспекі, павышэння прэстыжу моцнай сям’і, фарміраванне духоўна-маральных стандартаў жыцця грамадзян у вобласці сямейных адносін з’яўляецца прынцыпова важным напрамкам і задачай дзяржавы для забеспячэння дэмаграфічнай бяспекі.
Між тым апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што і для саміх беларусаў характэрная высокая каштоўнасць сям’і: 98 % насельніцтва лічаць сям’ю важнай часткай свайго жыцця. Сямейны лад жыцця неад’емны атрыбут нашага грамадства і менавіта ў сем’ях пражываюць каля 80 % насельніцтва краіны.
Паводле слоў спецыяліста, доля нуклеарных сем’яў, ядром якіх з’яўляецца шлюбная пара або бацькі і іх дзеці, у агульнай колькасці сем’яў складае 81 %, пашыраных міжпакаленных сем’яў — 11 %. Прычым апошні паказчык за дзесяць гадоў, якія прайшлі з папярэдняга перапісу насельніцтва 2009 года, скараціўся.
— Гэта сведчыць пра тое, што ў маладых людзей з’явіліся фінансавыя магчымасці, каб пражываць асобна ад сваіх бацькоў і іншых сваякоў. Аўтаномія маладой сям’і, з аднаго боку, вельмі важная, паколькі дазваляе фармаваць свой уласны ўклад жыцця. Але з іншага боку, гэта патрабуе асаблівых намаганняў для таго, каб захоўваць міжпакаленныя сваяцкія сувязі, — адзначыла Святлана Белаш.
Таксама кансультант праінфармавала, што больш за 15 % жыхароў Беларусі ўжо перасягнулі ўзрост 65 гадоў. Прычым кожны чацвёрты з іх — старэйшыя за 80 гадоў.
Пакуль яшчэ Беларусь уваходзіць у траціну краін з самым нізкім узроўнем дэмаграфічнага старэння, але паводле прагнозаў экспертаў хуткасць старэння будзе павялічвацца, а значыць, і колькасць насельніцтва старэйшага ўзростаў таксама павялічыцца.
— Мы павінны разумець, што клопат пра старэйшае пакаленне становіцца выклікам для многіх сем’яў і ўсяго нашага грамадства ў цэлым, — сказала прадстаўнік міністэрства. — Гэта патрабуе кансалідацыі намаганняў як дзяржавы так і грамадства, і кожнай сям’і. Наша задача не толькі падтрымаць пажылых людзей, а яшчэ сфармаваць такое грамадства, якое будзе зручна і камфортна для ўсіх узростаў.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-belash
[4] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[5] https://zviazda.by/be/tags/apytanne-gramadskay-dumki