Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў разлічвае, што прэзідэнты Беларусі і Расіі зацвердзяць саюзныя праграмы да канца года. Аб гэтым ён заявіў у час Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «30 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў: вынікі, перспектывы», перадае [2] БелТА.
Дзмітрый Мезенцаў нагадаў: нядаўна ўрады Беларусі і Расіі адобрылі 28 саюзных праграм, якія дазваляюць аб’яднаць патэнцыял дзвюх краін на карысць большай канкурэнтаздольнасці Саюзнай дзяржавы на знешніх рынках, цеснага супрацоўніцтва даследчых устаноў, больш глыбокага міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. «Мы чакаем у бягучым годзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы і што кіраўнікі нашых дзяржаў зацвердзяць саюзныя праграмы, якія вызначаць прамысловую, падатковую, мытную, навукова-даследчую палітыку, а таксама дзясяткі іншых напрамкаў. Настаў час, калі краіны-ўдзельніцы СНД больш гатовы вывучыць напрацоўкі Саюзнай дзяржавы», — сказаў ён.
«Але акрамя відавочнай эканамічнай выгады, нам важна помніць аб тым унікальным узаемадзеянні, якое характарызуе СНД і Саюзную дзяржаву. Гэта практыка даверу, павагі да адзінай гісторыі, імкненне да ўзаемавыручкі. Вельмі важна перадача сацыяльнай памяці аб гэтым ад старэйшага пакалення тым, хто ўступае ў дарослае жыццё, — адзначыў дзяржсакратар. — Мы сёння бачым, наколькі складаныя знешнія выклікі і пагрозы на міжнароднай арэне, які беспрэцэдэнтны націск зведваюць Беларусь і Расія. Усім стала зразумела, што паасобку процістаяць гэтым выклікам і пагрозам практычна немагчыма. Апошнія два гады барацьбы з COVID-19 паказваюць, што такое ўзаемавыручка, таварыства».
Дзмітрый Мезенцаў адзначыў: ствараецца сумесны расійска-беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. «Мы гаворым і пра станаўленне адзінай інфраструктуры фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў Саюзнай дзяржавы, аб сумеснай рабоце над прабіятычнай вакцынай, якая дапоўніць шэраг вакцын для барацьбы з COVID-19. Сёння распрацоўваюцца сумесныя праграмы ў самых высокатэхналагічных галінах, на перадавых рубяжах генетыкі, біялогіі, якія маюць і прыкладное значэнне. Унікальным становіцца ўзаемадзеянне ў галіне мірнага атама, ядзернай медыцыны», — рэзюмаваў ён.
Сёння ў Мінску праходзіць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «30 гадоў Садружнасці Незалежных дзяржаў: вынікі, перспектывы». Арганізатар — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Выканаўчы камітэт СНД. На канферэнцыі плануецца падвесці вынікі 30-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў і выпрацаваць канкрэтныя рэкамендацыі па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці Садружнасці на перспектыву. Мерапрыемства праходзіць пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://blr.belta.by/politics/view/mezentsau-razlichvae-shto-prezidenty-belarusi-i-rasii-zatsverdzjats-sajuznyja-pragramy-da-kantsa-goda-104566-2021/
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-mezencau
[4] https://zviazda.by/be/tags/snd
[5] https://zviazda.by/be/tags/sayuznaya-dzyarzhava