Прывабнасць мастацтва ў тым, што яно нікога не пакідае раўнадушным. Кожны знойдзе для сябе нешта цікавае: карціны, якія западаюць у самае сэрца, незвычайныя лёсы мастакоў... На адной выстаўцы можна цалкам адчуць бязмежную сілу чалавечага таленту і твораў, якія ён нараджае. «Звязда» разам з галерэяй «АртХаос» вырашылі пазнаёміць усіх з гэтай сілай.
Жыццёвы і творчы лёс (калі, канешне, гэтыя паняцці можна раздзяляць) Міхася Ляўковіча падобны на сцэнарый фільма, у якім галоўны герой, пераадольваючы ўсе перашкоды, слухаючы сэрца, ідзе да сваёй мэты. Вядомы мастак-акварэлыст, выкладчык рэалістычнага жывапісу, сёння алеем піша абстракцыі. Аднак пра ўсё па парадку.
Нарадзіўся Міхась Ляўковіч у вёсцы Язна Мёрскага раёна. З дзяцінства марыў быць мастаком, бацькі творчыя здольнасці сына падтрымлівалі. «Я доўга ўпрошваў тату купіць мне лыжы. Пакуль аднойчы да яго не прыйшоў сябар. І бацька сказаў: калі добра намалюю дзядзьку Факстрота (цікавая мянушка), то купіць лыжы. А ў яго такая знешнасць выразная была, ну я і намаляваў. Бацька слова стрымаў. Так я зарабіў свой першы ганарар», — успамінае Міхаіл Васільевіч.
Нягледзячы на ўвесь творчы патэнцыял, удзел у гуртках фатаграфіі і малявання, літаратурна-тэатральным, пасля восьмага класа хлопец вырашае за кампанію з сябрам паступаць у нафтавы тэхнікум. «Мне ўсе настаўнікі ў адзін голас казалі «Міша, не тваё». Ну куды там, мы ж максімалісты, як і кожнае маладое пакаленне. Таму сёння я спакойна стаўлюся да моладзі, якая не прымае парады. Кожны павінен сам зваліцца на зямлю, каб адчуць, што яна цвёрдая. Паступаю ў тэхнікум, нас вядуць на тэхнічную тэрыторыю, а людзі там усе у нафце, у мазуце, мурзатыя. Праз месяц зразумеў, што гэта не маё, забраў дакументы і вярнуўся ў школу. Дырэктар сустракаў як блуднага сына», — расказвае Міхаіл Ляўковіч.
Мара стаць мастаком аказалася мацнейшай за ўсё. Але на той час паступіць на мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта было вельмі няпроста. Аднаго прыроднага таленту аказалася недастаткова — патрэбна была адпаведная падрыхтоўка. Напісанае на тройку сачыненне падчас уступных іспытаў перашкодзіла стаць студэнтам і дапамагло стаць салдатам. Як расказвае Міхаіл Васільевіч, менавіта ў войску выпаў шанц раскрыць творчыя здольнасці: «У арміі мяне прызначылі мастаком у Дом афіцэраў. А маім камандзірам быў капітан Чуян, выпускнік Разанскага мастацкага вучылішча. Я служыў у вельмі маляўнічых Карпатах, а капітан кожныя выхадныя вадзіў нас на эцюды. І ў войску я ўпершыню ўбачыў класны набор ленінградскіх акварэльных фарбаў і пандзлі. Іх я і сёння захоўваю. Капітан казаў, што «Ляўковіч з лёту схоплівае». Калі сам стаў выкладчыкам, зразумеў, як добра, калі чалавек гатовы ўсмоктваць інфармацыю». З арміі ён прывёз даведку аб заканчэнні двухгадовага курса ў студыі выяўленчага мастацтва, дзе авалодаў рознымі дэкаратыўна-прыкладнымі навыкамі. Але ўступныя іспыты ва ўніверсітэт да гэтага часу ўжо скончыліся, і прыйшлося ўладкавацца мастаком-афарміцелем на наваполацкі завод «Палімір». Аднак думка пра адукацыю не пакідала: «Кіраўніцтва вырашыла адправіць мяне на курсы павышэння кваліфікацыі мастакоў-афарміцеляў і пасля зрабіць намеснікам начальніка вытворчасці па эстэтыцы. Але лёс распараджаецца інакш, я добра здаю іспыты ў Віцебску. Нават сачыненне на выдатна напісаў, у арміі перапісаў безліч дакладаў, пастаноў пленумаў ЦК КПСС і візуальна запомніў, дзе якія знакі прыпынку ставіць, як словы правільна пішуцца. Так я стаў студэнтам мастацка-графічнага факультэта. Вучыцца мне было лёгка і цікава. Асабліва добра даваўся акварэльны жывапіс. За адзін сеанс заняткаў, а гэта чатыры гадзіны, па чатыры эцюды рабіў».
Падчас размеркавання кіраўніцтва ўніверсітэта не захацела адпускаць здольнага выпускніка. Так учарашні студэнт стаў выкладчыкам кафедры выяўленчага мастацтва. «Для мяне гэта было як гром сярод яснага неба. Практычны вопыт у мяне адсутнічаў. А факультэт багемны, студэнты асаблівыя. Мне вельмі пашчасціла са старэйшымі калегамі. Маімі настаўнікамі былі вядомыя мастакі Віцебскай школы — Алег Арлоў, Леанід Анцімонаў, Іван Сталяроў, Альберт Някрасаў, Аляксяндр Гаўрушка. Школа была вельмі моцная. На кафедры ад мяне патрабавалі ўзяцца за кандыдацкую дысертацыю. І аднойчы на пасяджэнні я падняўся і сказаў, што перапісванне чужых думак не лічу навукай, таму дысертацыю напішу гадоў у 60, калі набяруся вопыту і адчую патрэбнасць ім падзяліцца. Быў малады, зялёны, але цвёрда вырашыў, што буду развівацца ў прафесійным кірунку», — расказвае Міхаіл Васільевіч.
Творчая кар'ера ў Міхаіла Ляўковіча пачалася менавіта з акварэлі. Майстэрні тады не было, а працаваць у кватэры з акварэльнымі фарбамі больш зручна, чым з алеем. Кар'ера развівалася, і ў 1995 годзе Міхаіла Ляўковіча абіраюць старшынёй суполкі «Віцебская акварэль». І закруцілася: рэспубліканскія і міжнародныя выстаўкі, праекты, сустрэчы з калегамі. Але сумяшчаць мастацкую і менеджарскую працу аказалася няпроста: «Мае сябры, блізкія казалі мне, што я самадастковы мастак і мне трэба займацца мастацтвам, творчасцю. А я заўсёды быў за калектыў, ініцыіраваў новыя праекты. Але сумяшчаць гэта было вельмі цяжка. І ў 2011 годзе я сышоў з пасады старшыні суполкі, стаў больш часу удзяляць працы». Мастак расказвае, што адрозніваўся ад калег тым, што акварэльныя эцюды пісаў алеем, а потым пераапрацоўваў іх акварэлю. І гэта давала свой плён, змена матэрыялу ўзбагачала працу. Алей дазваляе балансаваць колерам, адценнямі. Акварэль дапаўняе тэхнічныя магчымасці.
У 2015 годзе мастак прымае рашэнне скончыць выкладчыцкую дзейнасць, нягледзячы на слёзы студэнтаў і супраціўленне кіраўніцтва. Выкладанне патрабавала мноства сіл і энергіі, неабходных у творчасці. Міхаіл Васільевіч прызнаецца, што, сышоўшы з выкладчыцкай дзейнасці, адчуў, што такое воля: «Зараз я вельмі імкліва працую. Я не ведаю, колькі часу мне адвёў стваральнік, таму кожны дзень стараюся правесці з карысцю». А сыход быў знакавы. Разам са студэнтамі мастак арганізаваў незвычайную выстаўку. Кожны абраў для сябе музычны твор і паспрабаваў прадставіць яго на палатне.
З'яўляючыся выкладчыкам рэалістычнага мастацтва, Міхаіл Ляўковіч імкнуўся ўласным творчым прыкладам дэманстраваць студэнтам, што гэта такое. Прыводзіў іх у сваю майстэрню, каб паказаць, да каго яны прыйшлі вучыцца. Абстрактныя творы пісаліся «ў стол». Тым больш што ў савецкі час гэты кірунак не вельмі паважалі ці проста не разумелі. З 1990-х гадоў Міхаіл Ляўковіч выкарыстоўвае ў сваіх карцінах абстрактныя элементы, але не выстаўляе іх на першы план. Дазваляў ён і студэнтам адыходзіць ад фармальнай праграмы ці, кажучы мовай мастацтва, тварыць.
Як абстракцыяніст Міхаіл Ляўковіч заявіў аб сабе выстаўкай «Другое дыханне», якая прайшла ў Віцебску ў 2017 годзе. Яе мастак называе праверкай сіл: «Я зразумеў, што трэба ісці наперад, не паварочваючы галавы назад. Толькі так можна адкрыць нешта новае, у першую чаргу, у сабе самім. І вось гэтае інтуітыўнае адчуванне, што я затрымаўся ў адным жанры, прывяло мяне ў абстракцыю».
Свой кірунак у абстракцыі Міхаіл Васільевіч называе лірычным абстракцыянізмам. «Калі мяне напаўняюць нейкія эмоцыі, перажыванні, я пракручваю кампазіцыю, дэталі будучай карціны. У майстэрні ляжыць стос аркушаў, гэта мой нататнік, архіў. Там можна знайсці любы далёкі год мінулага стагоддзя. Я наўмысна не прыбіраю, жонка прапаноўвала, але я не даю. Гэты беспарадак — мой парадак, там мае пачуцці, эмоцыі. Абстракцыя — гэта пачуцці, якія складаюць свет мастака. І ён праз сімвалы, розныя віды абстракцыі даносіць да гледача пэўны настрой», — тлумачыць творца. Але Міхаіл Васільевіч папярэджвае, што глядач павінен быць да гэтага падрыхтаваным, разумець мастацтва і паважаць яго правілы.
Міхаіл Ляўковіч падкрэслівае, што за апошнія гадоў 20 стаўленне да абстрактнага жывапісу змяніліся ў лепшы бок. Усе больш такіх карцін прадстаўлена на розных выстаўках. І таму, па яго словах, узрастае і адказнасць творцы. «Кожны мастак нясе адказнасць перад сабой, стваральнікам, гледачамі. І ў кожнага павінны быць межы эстэтычнага, духоўнага. Унутры мяне яны ёсць. Не бяруся сябе хваліць, але кожную карціну я «праходжу» душой», — расказвае Міхаіл Ляўковіч.
Мабыць, няма больш суб'ектыўнай і асабістай для ўспрымання рэчы, чым абстрактнае мастацтва. Аднак карціны Міхаіла Ляўковіча, якіх бы колераў і адценняў ні былі, вельмі цёплыя, літаральна выпраменьваюць цяпло. «На выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне я прадстаўляў нізку карцін, прысвечаных маім продкам. І людзі па некалькі разоў прыходзілі паглядзець на партрэт бабулі Наталлі, казалі, што яна выпраменьвае цяпло. Відаць, таму што зроблена з глыбокай любоўю і пашанай. У тым жа горадзе выстаўляў партрэт вясковага скрыпача, мужчыны ў простай кашулі. І калі мне сказалі, якую суму прапанавалі за гэты партрэт, у мяне ногі падкасіліся», — расказвае Міхаіл Васільевіч.
Такую асаблівасць сваіх твораў мастак звязвае са сваім настроем і стаўленнем да справы: «Я вельмі грунтоўна падыходжу да працы. Усё абдумваю, рыхтуюся. За мяжой у мяне аднойчы спыталі, колькі часу я працаваў над карцінай. А я спытаў, колькі часу алімпійскі чэмпіён ідзе да перамогі — усё жыццё і, магчыма, пяць хвілін. Калі я стаю каля мальберта, для мяне час не існуе. Фізічна я тут, у майстэрні, а ў думках — там, у карціне. Магчыма, гэта накладваецца адно на адно, і такім чынам атрымліваецца дастукацца да гледача». Міхаіл Васільевіч прызнаецца, што не ведае, хто ці што кіруе рукой мастака падчас працы. Плануецца адно, а на палатне ўзнікае зусім іншае. І, магчыма, у гэтым і прывабнасць мастацтва як для гледача, так і для творцы: «Я ўжо пераканаўся, што намаляванае на злобу дня нікому не патрэбнае і праз час будзе забыта. Кожная эпоха, кожнае пакаленне мела сваіх мастакоў, пісьменнікаў, творцаў. І некаторыя засталіся геніяльнымі. А некаторыя — не. Я не ведаю, якую адзнаку дасць стваральнік маёй творчасці. Неяк дачка спытала, чаго я дасягнуў у жыцці. Я стаў мастаком, мае работы прадстаўлены па ўсім свеце, а гэта след, якім бы ён ні быў».
Валерыя СЦЯЦКО
Фота Аліны МАЗАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/author/alina-mazavec
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/mihail-lyaukovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[7] https://zviazda.by/be/tags/arthaos