Дэпутат, грамадскі дзеяч, доктар, маці, жонка, дачка — гэтыя іпастасі ўвасабляе ў сабе чарговая суразмоўніца «Звязды» Ірына Луканская. Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў, днём яна працуе ў парламенце, а ўвечары спяшаецца на чарговае дзяжурства ў РНПЦ «Маці і дзіця» да сваіх маленькіх пацыентаў. Ірына Луканская імкнецца быць карыснай на ўсіх сваіх працоўных пасадах, бо дапамагаць людзям — галоўная справа яе жыцця.
— На гэтым тыдні адкрылася чарговая сесія ніжняй палаты парламента. Якія законапраекты рыхтуе ваша камісія прадставіць калегам?
— Працуем над разнастайнымі, але самы вялікі — Грамадзянскі кодэкс, як казаў Прэзідэнт нашай краіны, «эканамічная Канстытуцыя краіны». Кожны дэпутат уносіць свае прапановы па зменах, збіраюцца рабочыя групы па тэме. Навацыі законапраекта прадугледжваюць замацаванне ў кодэксе такіх новых прававых інстытутаў, як безадзыўная даверанасць, канвертаваная пазыка, апцыён на заключэнне дагавора, апцыйны дагавор. Законапраект рыхтуецца да першага чытання.
Асабіста вяду законапраект аб змяненні натарыяльнай дзейнасці. Ён таксама рыхтуецца толькі да першага чытання. Дадзены праект закона падрыхтаваны ў мэтах прывядзення натарыяльнай дзейнасці ў адпаведнасць з Законам Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2021 г. № 99-З «Аб ахове персанальных даных», а таксама з улікам практыкі прымянення Закона аб натарыяце.
Як медработнік, прымаю ўдзел у распрацоўцы законаў, накіраваных на ўдасканаленне медыцынскай дапамогі. Так, у нас быў у двух чытаннях прыняты Закон аб ахове здароўя, да другога чытання рыхтуецца законапраект па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў. Шмат было дэбатаў наконт бязвыплатнага донарства. Але прадугледжаны разнастайныя шляхі кампенсаторных выплат, ільготы для бязвыплатных донараў. Магчымасць атрымаць выплату за здачу кампанентаў крыві застаецца.
Яшчэ як старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага саюза жанчын хацела бы звярнуць увагу на адзін законапраект, які звязаны з вельмі балючай тэмай — хатнім гвалтам. Новым законам пашырана кола пацярпелых, якіх адносяць да ахвяр хатняга гвалту, каб магчыма было дапамагаць большай колькасці людзей. Закон зараз дапрацоўваецца, улічваючы пажаданні грамадства.
— Вы актыўны карыстальнік сацыяльных медыя. Ці звяртаюцца да вас праз іх выбаршчыкі са сваімі пытаннямі?
— Бывае, больш просяць праз месенджары прыйсці на прыём. Але дэпутатаў заўсёды суправаджаюць звароты людзей. У маёй практыцы большасць праблем датычыцца камунальных паслуг. Я думаю, як так зрабіць, каб камунальныя службы сталі больш эфектыўнымі, аператыўнымі. Задаюць пытанні па ахове здароўя, ковід вельмі напружвае сістэму. Тым не менш як спецыяліст адзначу: ахова здароўя ў Беларусі развіваецца. Калі сяджу на аператыўках у бальніцы, слухаю даклады калег аб іх штодзённай рабоце, здзіўляюся, бо іх маніпуляцыі — гэта вышэйшы пілатаж. Вельмі хочацца, каб у кожным чалавеку выхоўвалася гэта павага да сваёй справы, да іншых і жаданне дапамагаць, а не толькі карыстацца.
— У дэпутацтва вы прыйшлі з пасады кіраўніка Гродзенскай дзіцячай паліклінікі № 1. Вы вядомы педыятр у сваім горадзе. Як удаецца вам цяпер сумяшчаць урачэбную практыку з дэпутацтвам? Не сумуеце па сваёй мінулай рабоце?
— Зараз я прыйшла якраз з начнога дзяжурства. Я працую дзяжурным педыятрам у РНПЦ «Маці і дзіця». Люблю сваю прафесію. Кажуць, што жаданне лячыць нельга вылечыць.
На папярэднім месцы працы ў Гродне ў мяне быў вельмі сяброўскі калектыў, збалансаваны па колькасці маладых спецыялістаў і вопытных урачоў. На галоўным месцы стаяў наш пацыент і яго сям'я. У супрацоўнікаў калектыву не было такога: закончыўся працоўны час — і тых, хто чакае ў калідоры, не прымаю. Мы ўласным маладым прыкладам паказвалі: калі ў цябе шмат пацыентаў, ты не можаш зачыніць дзверы і пайсці дамоў.
— Чаму вы вырашылі паспрабаваць сябе ў дэпутацкай рабоце?
— Мы з маім калектывам Гродзенскай дзіцячай паліклінікі № 1 рабілі шмат добрых спраў, праектаў. І ў нейкі момант здалося, што можна зрабіць яшчэ больш. Спадзяюся, мае надзеі апраўдаюцца. Ды яны ўжо апраўдваюцца.
Работа ў Палаце прадстаўнікоў адкрыла новае бачанне шэрагу рэчаў. Улічваючы складаны 2020 год, можна сказаць, работа дапамагла зняць ружовыя акуляры на многае. Пачалася эпідэмія ковіду, краіна перажыла атаку, перадусім інфармацыйную. Мы недаацанілі значнасці ўсіх гэтых «укідаў» у нашу інфармацыйную прастору.
З калегамі з Гродзенскага гарадскога і абласнога Саветаў дэпутатаў я аднойчы выйшла на плошчу да тых, хто пратэстуе, каб з імі паразмаўляць. Яны кідалі ў наш бок ганебныя словы, хадзілі з бчб-сімволікай. У мяне было адчуванне, што я вярнулася ў ваенныя 40-я. Ведаю шмат людзей, якія, трапіўшы адзін раз на пратэст, убачыўшы агрэсіўнасць некаторых, зразумелі: ім не гуляць у адной камандзе.
Зараз мы жывём з санкцыямі, але я лічу, што яны зробяць нашу краіну мацнейшай, калі мы захаваем адзінства ў дзяржаве і кожнай сям'і.
— Не магу ў вас не запытаць пра ваша стаўленне да вакцынацыі. Гэта ж вельмі значная і актуальная тэма для кожнага.
— Я і ўся мая сям'я вакцынаваліся. Заклікаю да гэтага ўсіх. Так, зрабіўшы прышчэпку, ты можаш захварэць. Эфектыўнасць нават «Спадарожніка V» каля 93 працэнтаў, то-бок, 7 чалавек са 100 захварэюць. Але яны перанясуць хваробу лягчэй. Калегі кажуць, што ў ковід-рэанімацыі прышчэпленых няма.
Не трэба хвалявацца, калі пасля прышчэпкі павысілася тэмпература — значыць, больш выпрацоўваецца антыцелаў. Мы закупляем вакцыну «Спадарожніка V» у краіны, якая ёю прышчапляе сваіх грамадзян, — яшчэ адно пацвярджэнне, што яна якасная.
Задача сёння — зрабіць каранавірус сезонным вірусам, кіруемым. Вось вакцына ад грыпу, памятаю са студэнцтва, — гэта была «жывая» вакцына, ад яе хварэлі, пераносілі лёгкі грып. Зараз усе вакцыны інактываваныя — не могуць выклікаць захворванне. Вакцына «Спадарожнік V» — вектарная вакцына на адэнавірусе, таму ад яе могуць быць грыпападобныя сімптомы, якія праходзяць без наступстваў.
Зараз вакцынацыю першым кампанентам прайшло больш за 2 мільёна беларусаў, але каб была эфектыўнасць ад вакцынацыі, неабходна прышчапіцца не менш чым 60 працэнтам насельніцтва.
— Ці кансультуеце і заахвочваеце сваіх калег-дэпутатаў да вакцынацыі?
— Канечне. Многія калегі, у каго няма супрацьпаказанняў, вакцынаваліся. Некаторыя прыходзяць, пытаюцца, ці варта прышчапляцца. Калі чалавек хварэў, кажу: неабходна пачакаць ад 3 да 6 месяцаў. Але некаторыя калегі, асабліва мужчыны, крыху асцерагаюцца і не робяць прышчэпкі.
— Ці застаецца ў вас час на захапленні, сям'ю?
— У мяне двое дарослых дзяцей — сын і дачка. Я замуж выйшла рана, у нас з мужам каханне са школьных часоў. Ужо чацвёра ўнукаў. Жартам называю сябе не бабуляй, а шматдзетнай жонкай дзядулі. У мяне вельмі актыўная маці, з якой бяру прыклад. Яна, нягледзячы на ўзрост, заўсёды нешта робіць, імкнецца мне дапамагчы.
У свабодныя часы хочацца атрымаць асалоду ад зносін з сям'ёй. Часам мы нешта гатуем разам, бывае, проста гуляем па лесе. Вельмі важна адчуваць сябе ў моманце і разумець, наколькі выдатна, што ты ёсць на гэтым свеце і можаш змяніць яго да лепшага. Вельмі люблю дапамагаць людзям — вось гэта маё захапленне для душы.
— Што робіць вас шчаслівай?
— Я вельмі спачуваю маці, у якіх хворыя дзеці, бо сама разумею: калі хварэе дзіця, нічога не хочацца, акрамя яго выздараўлення. Гэта вялікае шчасце — здаровыя дзеці. Калі дома ўсе здаровыя, можна працаваць, тварыць, вынаходзіць, крылы вырастаюць для вялікіх спраў. Вельмі важна бачыць прыгажосць навокал і вучыць гэтаму дзяцей, каб яны былі таксама шчаслівыя. Дапамагаць блізкаму — таксама шчасце, бо не кожны з-за сваёй слабасці можа дапамагчы. Неабходна, каб моцны падтрымліваў слабага: бацькі — дзяцей, дарослыя дзеці — сталых бацькоў. Такое кола ўзаемадапамогі павінна быць у кожным доме і ва ўсёй нашай дзяржаве. Мая мара, каб у нашай краіне не было інтэрнатных устаноў ні для старых, ні для дзяцей. Я мару пра дасканалы свет, свет, у якім жывуць толькі адказныя і добрыя людзі, дзе сям'я была б кожнаму старому і малому.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/iryna-lukanskaya
[5] https://zviazda.by/be/tags/rnpc-maci-i-dzicya-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou