Мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту прыменена да 50-гадовага гараджаніна, які залучыў чатырох дзяўчат у занятак прастытуцыяй, а адну з іх прымушаў працягваць гэтым займацца, распавялі [1] агенцтву «Мінск-Навіны» у пракуратуры Кастрычніцкага раёна.
Мужчына знаёміўся з дзяўчатамі, некаторы час меў зносіны, уступаў з імі ў палавую сувязь. Тыя скардзіліся новаму знаёмаму, што маюць фінансавыя цяжкасці. Тады прадпрымальны гараджанін прапаноўваў ім палепшыць сваё фінансавае становішча, аказваючы інтымныя паслугі. Адна з чатырох пацярпелых прыехала ў сталіцу з перыферыі — ёй «дабрадзей» нават арандаваў кватэру, дзе тая і абслугоўвала кліентаў.
Каля паўгода дзяўчыны аддавалі гараджаніну па 20% ад выручаных за занятак прастытуцыяй грошай. Акрамя таго, ён высунуў ім умову, што тыя, па яго жаданні, павінны ўступаць з ім у палавую сувязь. Бясплатна, зразумела. Праз некаторы час адна з дзяўчын вырашыла спыніць аказваць інтым-паслугі, але мужчына стаў ёй пагражаць — казаў, што раскажа яе сваякам, чым яна займалася.
— Падазраваны раней не судзімы. Устаноўлена, што сваімі наўмыснымі дзеяннямі ён здзейсніў уцягванне пацярпелых у занятак прастытуцыяй, а таксама прымус да працягу заняткам прастытуцыяй, — пракаментаваў намеснік пракурора Кастрычніцкага раёна Яўген Мацюшэнка. — Прымаючы да ўвагі, што, знаходзячыся на волі, грамадзянін можа здзейсніць новае злачынства, перашкодзіць усталяванню ісціны па ўзбуджанай у дачыненні да яго крымінальнай справе, схавацца ад органаў папярэдняга расследавання і суда, да яго ўжытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/vzyat-pod-strazhu-minchanin-kotoryj-vovlekal-devushek-v-zanyatie-prostitucziej/
[2] https://zviazda.by/be/tags/prakuratury
[3] https://zviazda.by/be/tags/kastrychnickaga-rayona
[4] https://zviazda.by/be/tags/prastytucyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zaklyuchenne-pad-vartu