Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі арганізуе сёння ў Мінску і абласных цэнтрах навучальныя валанцёрскія інтэнсівы для ўдзельнікаў інфармацыйна-прафілактычнай акцыі «COVID-патруль», паведамляе [1] БелТА са спасылкай на сакратара Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўніка руху «Добрае сэрца» Аляксандру Ганчарову.
«Сумесна з зацікаўленымі перад стартам акцыі мы ўжо праводзілі рэспубліканскую вучобу валанцёраў для далейшага правядзення шырокай інфармацыйнай кампаніі па тэме вакцынацыі, захавання элементарных правілаў асабістай гігіены і рэспіраторнага этыкету. Падобныя інтэнсівы адбудуцца сёння на рэгіянальным узроўні. Радуе, што штодня шэрагі Добраахвотніцкага пула акцыі „COVID-патруль“ папаўняюць новыя людзі. Таму наша задача не толькі забяспечыць іх уласную бяспеку пры працы ў месцах масавага збору людзей — гандлёвых цэнтрах, грамадскім транспарце, але і навучыць працы з насельніцтвам у перыяд складанай эпідсітуацыі, даць неабходныя веды па шэрагу пытанняў», — патлумачыла Аляксандра Ганчарова.
Навучальныя інтэнсівы пройдуць у фармаце анлайн з удзелам спікераў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, абласных цэнтраў гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў.
Акцыя «COVID-патруль» стартавала ў Мінску 14 кастрычніка. 19 кастрычніка да праекту далучыліся рэгіёны. Арганізатарам інфармацыйна-прафілактычнага праекта выступае БРСМ пры падтрымцы Беларускага саюза жанчын і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/brsm-provedet-v-regionah-obuchajuschie-intensivy-dlja-volonterov-covid-patrulja-465580-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/akcyya-covid-patrul
[3] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[4] https://zviazda.by/be/tags/navuchalnyya-intensivy
[5] https://zviazda.by/be/tags/valancyory