Цяпер любы ахвотны можа дома цягам 10-15 хвілін вызначыць, на што ён захварэў — на COVID-19 або звычайную прастуду...
УП «Дзяржразліковая доследная вытворчасць Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» распрацавала і асвоіла вытворчасць экспрэс-тэстаў для якаснага вызначэння наяўнасці антыгену (віруса ў актыўнай фазе захворвання). Экспрэс-тэст SARS-CoV-2-антыген прызначаны для якаснага вызначэння антыгену віруса SARS-CoV-2 метадам імунахраматаграфічнага аналізу. Экспрэс-тэст дазваляе выявіць антыген карарнавіруса ва ўзоры мазка, узятага з насаглоткі чалавека.
SARS-CoV-2-антыген прызначаны для выкарыстання медыцынскім персаналам, а таксама для індывідуальнага выкарыстання (у хатніх умовах) пры самакантролі стану пры вострай рэспіраторнай інфекцыі. Гэта апошняя распрацоўка акадэмічнага прадпрыемства.
Навукоўцамі і спецыялістамі таксама распрацаваны экспрэс-тэст для якаснага вызначэння антыцелаў (наяўнасці імунітэту падчас або пасля перанесенага захворвання) да каранавіруснай інфекцыі SARS-CoV-2.
Маецца на ўвазе экспрэс-тэст SARS-CoV-2-IgМ / IgG для вызначэння антыцелаў класа IgM і IgG віруса SARS-CoV-2 у крыві, у сываратцы або плазме крыві чалавека метадам імунахраматаграфічнага аналізу. Калі чалавек перанёс захворванне COVID-19, клапоціцца пра сваё здароўе і хоча самастойна кантраляваць наяўнасць імунітэту да каранавіруса, то дадзеныя тэст-сістэмы дазваляюць гэта зрабіць. У бытавых умовах аналіз праводзяць па адной кроплі крыві чалавека, узятай з пальца. Варта ўлічваць, што антыцелы ў арганізме чалавека з’яўляюцца не адразу, а на трэці-пяты дзень захворвання (раннія антыцелы IgM) і на шосты — дзясяты дзень (антыцелы класа IgG). Пры сцёртых формах захворвання спецыфічныя антыцелы IgG да каранавіруса могуць пачаць вызначацца толькі да 20-га дня захворвання.
Экспрэс-тэсты простыя ў выкарыстанні, не патрабуюць медыцынскай адукацыі і лабараторнага абсталявання для правядзення аналізаў, зарэгістраваныя ў Міністэрстве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і дазволеныя да вытворчасці, рэалізацыі і медыцынскага прымянення.
Якасць экспрэс-тэстаў пацверджана лабараторнымі даследаваннямі і клінічнымі выпрабаваннямі. У цяперашні час яны пастаўляюцца ва ўстановы аховы здароўя, а таксама ў аптэчныя сеткі і буйныя гандлёвыя сеткі.
Аднак спецыялісты падкрэсліваюць, што экспрэс-тэсты даюць папярэднія вынікі, якія паказваюць на неабходнасць звароту ва ўстанову аховы здароўя для больш паглыбленага абследавання. Тэсты не прызначаныя для пастаноўкі дыягназу і прызначэння лячэння.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/testy
[2] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[3] https://zviazda.by/be/tags/sars-cov-2