З пачатку кастрычніка падчас акцыі Чырвонага Крыжа па вакцынацыі ў сельскіх рэгіёнах прышчэпку ад COVID-19 атрымалі больш за 520 чалавек старэйшыя за 60 гадоў з пяці раёнаў Віцебскай вобласці. Пра гэта паведамляе [1] БелТА са спасылкай на старшыню Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіну Жаланаву.
У Віцебскай вобласці пілотнымі рэгіёнамі, дзе рэалізуецца праект «Вакцынацыя супраць COVID (пачатковы этап)», сталі Шумілінскі, Сенненскі, Віцебскі, Глыбоцкі і Лепельскі раёны. Тут валанцёры Чырвонага Крыжа разам з медыкамі выязджаюць у аддаленыя вёскі, распавядаюць пенсіянерам пра спосабы абароны ад COVID-19 і жадаючых атрымаць прышчэпку ад небяспечнага віруса адразу дастаўляюць у пункты вакцынацыі. «Так як на брыгады хуткай дапамогі ідзе нагрузка немаленькая, мы дапамагаем з транспарціроўкай. У бліжэйшых раёнах — Віцебскім, Сенненскім, Шумілінскім — мы даем аўтамабіль абласной арганізацыі. У аддаленых раёнах заключылі дагаворы з транспартнымі кампаніямі, аплачваем іх паслугі на дастаўку жыхароў сельскіх населеных пунктаў да месца вакцынацыі. З пачатку кастрычніка з дапамогай валанцёраў Чырвонага Крыжа вакцынаваны 524 чалавекі ва ўзросце старэйшыя за 60 гадоў. Гэта адна з найбольш уразлівых катэгорый грамадзян, якіх неабходна зберагчы ад каранавіруса», — адзначыла Галіна Жаланава.
Для такой працы абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа навучыла 45 валанцёраў, правяла з імі трэнінгі і семінары. Ім распавялі, як аказваць пры неабходнасці першую дапамогу людзям, якіх на транспарце дастаўляюць на вакцынацыю, як засцерагчы сябе: гэта захаванне масачнага рэжыму, нормаў гігіены і рэспіраторнага этыкету. Кожны добраахвотны памочнік заключыў дамову з арганізацыяй і атрымаў медыцынскую страхоўку.
Галіна Жаланава таксама распавяла пра інфармацыйна-асветніцкую працу арганізацыі. «Добраахвотныя памочнікі ў пунктах вакцынацыі раздаюць улёткі і памяткі для пенсіянераў. У гэтых матэрыялах гаворыцца аб сімптомах, якія могуць паўстаць пасля ўвядзення вакцыны, праз колькі дзён трэба прыйсці для атрымання другога кампанента, як аберагаць сябе ў поствакцыйны перыяд», — адзначыла старшыня абласной арганізацыі.
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/krasnyj-krest-v-oktjabre-pomog-privitsja-ot-koronavirusa-524-pensioneram-vitebskoj-oblasti-466761-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/chyrvony-kryzh
[3] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/pensiyanery
[5] https://zviazda.by/be/tags/vakcynacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus