Канчатковы вердыкт будзе вынесены пасля таго, як прадстаўнікі НАН Беларусі даследуюць пробы вады. З гэтай мэтай навукоўцы, кажучы медыцынскім тэрмінам, сабралі іх анамнез. Карэспандэнт «Звязды» праехала разам з вучонымі па самых знакамітых крыніцах Гродзенскага раёна і даведалася, чаму так важна ўзяць іх пад ахову дзяржавы.
Роўна а дзявятай гадзіне раніцы наша група выязджае з Гродна на мікрааўтобусе з адпаведным надпісам — «даследчы». І сапраўды, тут можна было ўбачыць самыя розныя прылады для даследавання. Пазней імі карысталіся супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах і Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Выязджаем у бок пагранперахода «Прывалка». Непадалёку ад вёскі з такой жа назвай знаходзіцца крыніца Райгарад — адна з самых вядомых у наваколлі. Яе асаблівасць у тым, што гэта самае нізкае месца ў Беларусі — Нёманская западзіна. Сходні зручныя, відаць, што многія здаўна ходзяць сюды па ваду. Праўда, насцярожвае блізкасць вялікага аўтамабільнага руху і прыдарожная гасцініца. Удзельнікі экспедыцыі звяртаюць асаблівую ўвагу на чысціню навакольнай тэрыторыі. Толькі такім чынам можна захаваць і саму крыніцу.
Між тым разгортваецца работа па даследаванні аб'екта. Па-першае, вымяраецца тэмпература вады. Прынята лічыць, што крыніцы павінны мець даволі халодную ваду, якая не награваецца нават у спёку. Тэрмометр паказвае +8 градусаў. Затым вызначаецца так званы дэбіт — расход вады ў адзінку часу. Гэты паказчык дазваляе прадказаць існаванне крыніцы ў засуху. Як правіла, у крыніцах з высокім дэбітам бывае якасная вада. Яна збіраецца з вялікай тэрыторыі, што зніжае верагоднасць забруджвання. Дарэчы, вызначыць гэты паказчык нескладана. Дастаткова мець пэўную ёмістасць і секундамер. Падчас нашай паездкі дэбіт крыніц вагаўся ад 0,18 да 1,81 літра за секунду. Высокі напор мае крыніца пад назвай «Сто крыніц». Вада сюды збіраецца з безлічы невялікіх падземных ручайкоў і выходзіць з-пад зямлі магутным фантанам.
Кожны з удзельнікаў экспедыцыі мае свой участак даследавання. Напрыклад, кандыдат біялагічных навук Юрый Гігіняк чэрпае з ручаёў так званыя донныя адклады. Навошта? Аказваецца, гэта важны кампанент вывучэння. Бо крыніцы маюць своеасаблівыя ўмовы — вельмі нізкія тэмпературы. Гэта дае спадзяванне знайсці тут жывыя арганізмы, якія, магчыма, захаваліся з даўніх часоў — ледавіковага перыяду. І такія арганізмы знаходзілі.
— Мы назіраем, ці ёсць якая-небудзь жыўнасць у гэтай вадзе і донных адкладах крынічных ручаёў, — тлумачыць навуковец. — Калі мы знаходзім лічынку ашытка ці падзёнкі, такая вада адносіцца да вельмі высокага класа чысціні. Калі нічога не водзіцца, трэба глядзець гідрахімію — чаму тут не жывуць. Магчыма, вада чыстая, але па нейкіх хімічных паказчыках не прыдатныя для жыцця.
Як расказвае Юрый Гігіняк, у многіх крыніцах могуць быць рэчывы, якія не ўплываюць на колер, але зніжаюць пітную якасць. Таму неабходна рабіць адпаведныя аналізы — біяхімічныя і гідрахімічныя. Таксама ідзе ацэнка па эстэтыцы, гістарычнай памяці. Такім чынам, даследаванні вызначаюць якасць вады, жывёльны і раслінны свет, гістарычную і культурную каштоўнасць гэтай крыніцы. Усе атрыманыя звесткі і вынікі ўвойдуць у спецыяльны каталог крыніц Беларусі. Такое выданне выйшла з друку і сёлета. Работа над станам крыніц не спыняецца, іх трэба вывучаць і пры неабходнасці аднаўляць звесткі.
Гродзенка Тэрэза Белавусава, якая ўзначальвае творчы калектыў «Крыніца», родам з гэтых мясцін. Тут жылі яе продкі, яна з дзяцінства чула пра гаючую сілу крынічнай вады. Пазней, калі сям'я жыла ў Гродне, яна з бацькамі часта прыязджала сюды па ваду. Бралі з некалькіх крыніц.
— Мае продкі з пакалення ў пакаленне надавалі значную ўвагу крынічнай вадзе, — расказвае Тэрэза Іосіфаўна падчас экспедыцыі. — І мая бабуля, і маці нават лячылі вадой, якая б'е з зямлі, праходзіць ачыстку пяском і гравіем. Цяпер варта паказаць на навуковай аснове, якая насамрэч гэтая вада, якія сюды ўваходзяць кампаненты. Зрабіць табліцу мікраэлементаў, утрымання хімічных рэчываў. Такія даследаванні праводзіліся 20, 10 гадоў таму. Зараз варта параўнаць вынікі аналізаў, каб упэўніцца, што якасць вады не пагоршылася.
Жанчына даўно сочыць за станам мясцовых крыніц. Кажа, што такі запавет атрымала ад маці, а тая — ад бабулі. Тады ў крыніц не было назваў. Таму яна выйшла з прапановай зрабіць крыніцы імяннымі ў адпаведнасці з іх гісторыяй. Напрыклад, адна з іх стала называцца імем Элізы Ажэшкі, бо сюды любіла прыязджаць вядомая пісьменніца, якая жыла ў Гродне. Кажуць, што вада з гэтай крыніцы амалоджвае. Крыніца Мар'яна названа ў гонар бабулі і маці Тэрэзы Іосіфаўны. Назва Райгарад звязана з унікальнай мясцовасцю — Нёманскай западзінай. Існуе старажытнае паданне, што нібыта тут праваліўся горад. Усе імянныя вытокі сёлета ўвайшлі ў новае энцыклапедычнае выданне «Крыніцы Беларусі».
На сёння крыніцам удзяляецца пільная ўвага. Іх вывучэнне ўваходзіць у Дзяржаўную навукова-тэхнічную праграму «Зялёныя тэхналогіі», паведамляе вядучы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Васіль Пашкевіч. За тры папярэднія гады даследаваны самыя буйныя крыніцы ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Вывучаны хімічны склад вады, а таксама ўмовы фарміравання крыніц — прыроднага альбо тэхнагеннага паходжання. Апошнія, напрыклад, сустракаюцца ў меліяратыўных каналах ці кар'ерах. І такіх даволі многа.
У Гродзенскай вобласці амаль ўсе даследаваныя крыніцы прыродныя, узніклі без умяшання чалавека.
— Да гэтага часу такіх маштабных даследаванняў крыніц не праводзілася, — заўважае суразмоўца. — Вельмі добра, што зараз звярнулі на гэта ўвагу, выдзяляюцца сродкі. Сумесна вывучаецца гідрахімія, гідрагеалогія і гідрабіялогія вытокаў. Разам з намі працуе і Інстытут гісторыі, дзе займаюцца вывучэннем культурна-гістарычнай значнасці крыніц. З многімі звязаны розныя паданні, легенды. Гэта наша спадчына.
Па большасці крыніц, сцвярджае Васіль Пашкевіч, няма дакладных даных. Іх трэба вывучаць, бо яны вельмі важныя для падтрымання воднага балансу ў экасістэме тэрыторый. У першую чаргу звяртаецца ўвага на чысціню, таму што вадой актыўна карыстаецца насельніцтва.
— На жаль, вельмі многія крыніцы маюць сляды антрапагеннага і тэхнагеннага забруджвання, звязаныя з сельскагаспадарчай і камунальна-бытавой дзейнасцю. І хаця за апошнія гады вядзецца работа па іх добраўпарадкаванні, нямала такіх, што патрабуюць пільнай увагі, — кажа гідрагеолаг.
У Беларусі крыніцы становяцца значнымі аб'ектамі для турызму і паломніцтва. Напрыклад, Блакітная крыніца ў Магілёўскай вобласці, Ясенец (Кіпень) — у Брэсцкай. На Гродзеншчыне паломнікі едуць да крыніц паблізу Жыровіцкага манастыра і храма-крэпасці ў Сынкавічах.
Наша экспедыцыя праходзіць з удзелам прадстаўнікоў Гродзенскага лясгаса. Яны не застаюцца ўбаку ад «крынічнай» справы. Асабліва значныя работы праведзены сёлета. Мясцовым лясніцтвам зроблены драўляныя насцілы, падыходы, абсталявана новая лесвіца з парэнчамі, пастаўлены дубовыя лаўкі.
На думку навукоўцаў, можна добраўпарадкаваць берагі камянямі, зрабіць невялікую агароджу перад месцам, дзе набіраюць ваду. Гэта засцеражэ крыніцу ад забруджвання. Тэрыторыю таксама варта ачысціць ад хмызняку, паваленых дрэў і карчоў.
— Мы сумеснымі намаганнямі з мясцовымі ўладамі плануем паставіць яшчэ некалькі лавак, магчыма, альтанкі зрабіць, дзесьці спілаваць аварыйныя дрэвы, зрабіць зручныя падыходы да тых крыніц, якія пакуль выглядаюць закінутымі. Гэта дазволіць людзям спакойна прыходзіць і набіраць ваду, — дзеліцца сваімі планамі ляснічы Гожскага лясніцтва Назарый Коршак. — У нас тут вельмі шмат крыніц, бо мясцовасць мае безліч лагчынак, яроў. Але не ўсе даследаваны, асабліва тыя, што знаходзяцца аддалена ад населеных пунктаў і трасы.
Дарэчы, амаль праз усе імянныя крыніцы праходзіць веламаршрут, які звязвае іх з Аўгустоўскім каналам. На дрэвах відаць маркіроўку, ды і абмінуць іх складана: каля кожнай крыніцы ўстаноўлены драўляныя ўказальнікі з надпісам.
Перад вяртаннем у горад не магу не пацікавіцца ўражаннем вучоных. Па словах загадчыка сектара НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзіміра Байчарова, іх стан можна прызнаць станоўчым. Цікавая і сама па сабе мясцовасць, таму парушаць гэты прыродны ландшафт не варта, лічыць ён.
— Мы праехалі чатыры крыніцы ў Гродзенскім раёне. Наступны крок — даследаваць сабраны матэрыял і падрыхтаваць дакументы на наданне ім статусу помнікаў прыроды мясцовага значэння. Па сваіх эстэтычных якасцях, па дэбіце, па гідрабіентах яны маглі б стаць і помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння, але такі статус зарэгістраваць складана. Дакументы па іх павінны прайсці экспертызу ў Мінпрыроды, адтуль накіроўваюцца ў Саўмін, — распавядае кіраўнік экспедыцыі. — У краіне ёсць такія крыніцы, многія былі даследаваны нашымі навукоўцамі, але на гэта пайшло некалькі гадоў. Зараз мы схіляемся больш да надання статусу помнікаў мясцовага значэння. Чаму? Тут мясцовыя ўлады будуць сачыць, каб не парушаліся нормы іх утрымання.
Калі будуць зроблены ўсе аналізы, матэрыялы па кожнай з крыніц перададуць праз інспекцыю прыродных рэсурсаў мясцовым органам улады. Менавіта мясцовая ўлада на аснове навуковых рэкамендацый прымае рашэнне аб наданні той ці іншай крыніцы статусу помніка прыроды мясцовага значэння. І ўвесь далейшы лёс будуць вызначаць гэтыя органы. Работа павінна весціся не стыхійна, а згодна з распрацаванымі праектамі, з улікам усіх экалагічных нормаў, падкрэсліў Уладзімір Байчароў. Парушэнне гэтай зоны нейкай гаспадарчай дзейнасцю будзе мець адпаведныя наступствы.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/krynica
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodnenskaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekspedycyya