Май — чэрвень 1944-га. У лясах Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны дзень і ноч не сціхаюць баі. Тут, у раёне возера Палік, з ворагам змагаюцца і народныя мсціўцы Аршанска-Сенненскай зоны — быццам у пастку іх заманілі сюды гітлераўцы, каб канчаткова расправіцца з «бандытамі», якія на працягу трох гадоў, што ідзе вайна, перашкаджаюць ажыццяўленню захопніцкіх планаў. Усіх, хто знаходзіцца на іх шляху, — пад знішчэнне. Не грэбуюць ні жанчынамі, ні нямоглымі старымі, нават дзецьмі…
Нацысцкая карная аперацыя «Кармаран» стала апошняй масавай акцыяй бесчалавечнасці фашыстаў у дачыненні не толькі да народных мсціўцаў, але і да мірных жыхароў Беларусі.
Пакуль савецкае камандаванне завяршала падрыхтоўку да беларускай стратэгічнай аперацыі «Баграціён», гітлераўцы ачышчалі прыфрантавую зону, тылавыя раёны, а таксама найважнейшыя камунікацыі ад партызан. Усяго за некалькі дзён да вызвалення праз жорсткія здзекі фашыстаў давялося прайсці тысячам беларусам. Перажыўшы амаль усю акупацыю, многім з іх зусім крыху не хапіла, каб дачакацца пераможных залпаў...
Галоўным адрозненнем аперацыі «Кармаран» ад папярэдніх было тое, што супраць партызан змагаліся не толькі падраздзяленні СС і калабарацыянісцкія фарміраванні. У бой з народнымі мсціўцамі ўступілі ўзброеныя з ног да галавы вайскоўцы Вермахта. Каб канчаткова расправіцца з партызанамі, была задзейнічана артылерыя, танкі. Атакі ажыццяўляліся нават з неба — сваю чорную справу рабілі нямецкія лётчыкі.
Пасля вайны ўдзельнікі тых жудасных падзей скажуць: такія жорсткія экспедыцыі праціўнік праводзіў упершыню. Прадстаўнік Беларускага штаба партызанскага руху А. Бардадын пісаў, што «партызаны Ушацкай і Бягомльскіх зон перажылі згустак усіх цяжкасцяў, якія могуць сустрэцца ў перыяд ваенных дзеянняў».
Дакументы сведчаць: з 1 да 12 мая праціўнік з напрамку Віцебска ў Лепель перакінуў да трох палкоў пяхоты, 30—35 танкаў, 20 бронемашын, да 1000 здраднікаў. «У Талачыне 7000 немцаў, у Беразіне — да 2500, Маладзечна — Вілейка — Смаргонь — да 9500 чалавек, у раёне Зембіна — да 5000 чалавек, у Браславе, Міёрах, Дрысе, Слабодцы — да 8000, у асноўным латышы, часткова немцы. У Чашніках — да 2000 немцаў».
Аперацыя «Кармаран» ажыццяўлялася практычна на той жа тэрыторыі, што і годам раней аперацыя «Котбус». У склад Барысаўска-Бягомльскай зоны, якая падлягала знішчэнню, уваходзілі поўнасцю Бягомльскі раён, Плешчаніцкі (за выключэннем самога гарадскога пасёлка), заходняя частка Лепельскага і Халопеніцкага, паўночна-заходняя — Барысаўскага, часткова Смалявіцкі, Лагойскі, Заслаўскі, Радашковіцкі, Ільянскі раёны.
Вялікая партызанская зона, праз якую праходзілі найважнейшыя транспартныя камунікацыі (меўся нават аэрадром), уяўляла небяспеку для нямецкай арміі. Акрамя таго, гітлераўцы планавалі вывезці ўсё працаздольнае насельніцтва ў Германію, спусташалі кожны падворак: забіралі ў людзей усё: ад адзінай курыцы да апошняга кавалка хлеба.
«Нямецкія каты забівалі ўсіх, хто трапляў на іх шляху, — успаміналі пасля партызаны. — Працаздольнае насельніцтва адпраўлялі ў Германію. Тых, хто не падыходзіў, — пад расстрэл. Не шкадавалі ні старых, ні малых. Яны забралі ў людзей хлеб, бульбу, жалезныя плугі, чугуны, патэльні. Хлеб, які знайшлі ў ямах і не змаглі вывезці, знішчылі. Немцы забаранілі праводзіць сяўбу. Мірныя грамадзяне былі асуджаны на галодную смерць».
«Уся скаціна і птушка канфіскаваны, — пісалі ў данясеннях у штаб народныя мсціўцы. — У вёсках, якія яшчэ не спалены, асабліва ў найбліжэйшых да лесу, не чуваць нават спеваў петухоў».
Амаль 60-тысячнай групоўцы карнікаў супрацьстаяла каля 22 тысяч партызанаў, у тым ліку спецгрупы Беларускага штаба партызанскага руху, Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі БССР і СССР, ваеннай разведкі, якія дыслакаваліся ў раёнах баявых дзеянняў.
Па-рознаму склаўся лёс партызанскіх фарміраванняў, задзейнічаных у аперацыі «Кармаран». Віцебская брыгада, напрыклад, выйшла з акружэння без адзінага выстралу. У той жа час значная частка партызан з брыгады Лапаціна загінула. У цяжкім становішчы апынулася і брыгада «Граза», якая дыслацыравалася ў Талачынскім раёне. Некалькі разоў яна трапляла пад артылерыйскі агонь і бамбардзіроўку нямецкай авіяцыі — страты былі вялікія. Тыя, каму пашчасціла выжыць, выходзілі з акружэння дробнымі групамі.
Гэта быў цяжкі месяц для партызан. Нават у пачатку вайны яны не адчувалі такога ціску. І хто ведае, чым усё магло б скончыцца, калі б не пачалася аперацыя «Баграціён». 27 чэрвеня немцы былі вымушаны пакінуць партызанскую зону: на пяты наступала Чырвоная армія. З улікам таго, што значныя сілы былі кінуты на расправу з партызанамі, аперацыя, якая канчаткова памяняла ход вайны не ў лепшы для іх бок, застала акупантаў знянацку. Савецкім войскам гэта было на руку.
Нягледзячы на тое, што падчас аперацыі «Кармаран» партызанскія фарміраванні істотна пацярпелі (паводле звестак Беларускага штаба партызанскага руху, за час блакады забітымі, палоннымі і зніклымі без вестак партызаны не далічыліся 2416 чалавек), поўнасцю знішчыць народных мсціўцаў не атрымалася. Калі ж верыць нямецкім дакументам, з 25 мая да 19 чэрвеня 1944 года страты партызан склалі 5520 забітымі і 2203 палоннымі. Тыя, каму пашчасціла выратавацца, дапамагалі чырвонаармейцам вызваляць беларускую зямлю ад ворага. Неўзабаве — 16 ліпеня — гэтыя партызаны, якія выжылі насуперак усяму, пройдуць пераможным строем падчас першага ў гісторыі партызанскага парада.
Па даных партызан, страты карнікаў склалі: забіта 3735 чалавек, паранена 2400, узята ў палон каля 1000. Аднак, на погляд многіх гісторыкаў, гэтыя лічбы завышаныя.
Яшчэ доўга пасля вайны аднаўляліся населеныя пункты, закранутыя аперацыяй «Кармаран». Дашчэнту абрабаваныя, яны практычна адбудоўваліся наноў. Многія вёскі так і не паўсталі з попелу. Апошнюю — Дальву, што ў Лагойскім раёне, — разам з яе жыхарамі знішчылі 19 чэрвеня 1944 года. У полымі загінулі 44 чалавекі. Да вызвалення заставаліся лічаныя дні...
Асабліва немцы лютавалі там, дзе неслі вялікія страты. Людзі хаваліся ў лясах і на астравах сярод балот. Пакінуць сваю хату быў вымушаны і жыхар вёскі Казлы Ільянскага раёна М. Кажура, сын і ўнук якога былі ў партызанах. Але нават у лесе пажылога мужчыну знайшлі гітлераўцы. Збіваў старога аднавясковец, які хацеў даведацца, дзе знаходзяцца партызаны. «Я стаў, акружаны ўзброенымі паліцэйскімі і батальёнцамі, і нічога не адказаў, тады нехта крыкнуў: «Камандзір ротны, ідзі хутчэй сюды, мы злавілі бандыта». Праз некаторы час да месца майго затрымання прыйшоў камандзір роты батальёна Беларускай краёвай аховы З. (імя, імя па бацьку не ведаю) з вёскі Забор'е, і мяне павялі пад аховай на паляну, адкуль — не магу сказаць, хто стаў клікаць жандармаў, якія тут жа з'явіліся ў колькасці двух чалавек. Ім сталі даказваць, што я з'яўляюся бандытам (партызанам), што мае дзеці такія. Пасля гэтага батальёнцы і паліцэйскія разамкнуліся і мне сказалі: «Ідзі наперад». Я пайшоў, і раптам ззаду мяне пачуўся выстрал, я ўпаў і страціў прытомнасць, у такім выглядзе праляжаў да раніцы наступнага дня. Апамятаўшыся, я пераканаўся, што паранены ў галаву, куля пашкодзіла патылічную частку чэрапа. У выніку ранення я страціў слых на правае вуха».
Падчас аперацыі «Кармаран» адбылася апошняя масавая адпраўка людзей на прымусовыя работы ў Германію. Сярод гэтых амаль 1400 чалавек апынулася і жыхарка вёскі Астрошыцы, што на Лагойшчыне, С. Баранчык. «Усяго з нашай вёскі выбралі 10 чалавек: васьмярых дзяўчат і дваіх мужчын. Усіх нас зачынілі ў хляве і нікога не падпускалі падыходзіць. Трымалі нас там цэлыя суткі, нічога не давалі есці, а таксама вады. Не далі магчымасці ўзяць з сабой харчаванне і адзенне. У хлеў да нас прыгналі яшчэ чалавек 60 дзяўчат і мужчын з вёсак Весніна, Манчакі, Рабрышчы і іншых. На другія суткі нас усіх накіравалі ў Германію. Там я працавала ва ўладальніка рэстарана, трывала ўсемагчымыя прыніжэнні і здзекі, пакуль не была вызвалена з рабства і не вярнулася дахаты».
Аб жахлівых зверствах акупантаў у дачыненні да партызан і мірных людзей расказваў партызан брыгады «Дубава» У. Мартынкевіч: «Мы з баямі пачалі адступаць да ракі Бярэзіны, а затым — у балоцістыя мясціны каля возера Палік, дзе былі акружаныя. Акрамя параненых, частка партызан была схоплена ў палон. Тыя, хто застаўся, у тым ліку я, праз балота сышлі ў лес, дзе вялі абарончыя баі да чэрвеня 1944 года. Коней, кароў і абоз з харчаваннем немцы забралі, параненых партызан, якіх мы не паспелі забраць з сабой, таксама. Спачатку здзекаваліся, а затым расстралялі. Найбліжэйшыя вёскі каля балота Палік былі спалены, жыхароў гэтых вёсак часткова сагналі ў Германію, часткова расстралялі. Грудных дзяцей зажыва кідалі ў агонь».
«Мірнае грамадзянскае насельніцтва, якое яны (немцы і іх памагатыя. — Заўв. аўт.) выганялі з вёсак, тулілася ў зямлянках, бо вёскі былі ўжо спалены, у полі, у лесе, прымаючы іх за партызан, усіх расстрэльвалі, зямлянкі спальвалі, — успамінаў партызан атрада «Бальшавік» Лагойскага раёна А. Шустоўскі. — Людзей, якія не паспелі выбрацца і збегчы ў поле, спальвалі проста ў зямлянках. Насельніцтва адпраўлялі ў Германію, але ў большасці ў нашай вёсцы насельніцтва і скаціну забівалі і палілі».
...Не хопіць газеты, каб прывесці ўсе прыклады бесчалавечнасці фашыстаў у адносінах да беларусаў. Аднак мы не забыліся, на генным узроўні мы ўсё памятаем. Здзекам, якія ўчынілі з нашых продкаў на нашай зямлі акупанты, ніколі не будзе апраўдання.
Вераніка КАНЮТА
Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, кандыдат гістарычных навук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vav
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/karmaran
[6] https://zviazda.by/be/tags/karnaya-aperacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/nacysty