Сёння на беларуска-польскай мяжы працуе намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрый БАСКАЎ.
Парламентарыя заўважылі ў стыхійным лагеры бежанцаў на беларуска-польскай мяжы ў нядзелю, 14 лістапада. Ён патлумачыў, што прыехаў сюды па даручэнні Прэзідэнта, каб асабіста ацаніць, як арганізавана гуманітарная і медыцынская дапамога з мэтай далейшага інфармавання Кіраўніка дзяржавы аб сітуацыі на мяжы. У панядзелак сенатар працягнуў сваю місію.
Нагадаем, што ўсю каардынацыю дзейнасці гуманітарнай місіі бежанцам, якія захраслі на беларуска-польскай мяжы, ажыццяўляе Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. На месцы сітуацыю кантралююць сенатары: днямі тут працаваў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ, які дарэчы, быў адным з першых, хто апынуўся на граніцы і дапамагаў у размеркаванні першага гуманітарнага грузу сярод бежанцаў. Тады ж у якасці валанцёра дапамагаў член гэтай профільнай камісіі Ігар ГЕДЗІЧ. Зараз жа калег змяніў намеснік старшыні гэтай камісіі Дзмітрый БАСКАЎ.
— Бачу, што бежанцы базава забяспечаны ўсім: кормяць дзяцей, жанчын. На маіх вачах ужо двойчы прывозілі дровы, — расказаў сенатар.
Завітаўшы ў палатку, дзе арганізавана харчаванне і абагрэў самай уразлівай катэгорыі — жанчын з дзецьмі — сенатар пераканаўся, што ёсць вада і ежа для бежанцаў.
— Усю магчымую дапамогу, натуральна, мы аказваем. Уязджаць яны нікуды не хочуць, а жадаюць дайсці туды, куды імкнуліся, — кажа ён і падкрэслівае, што падчас гутарак з бежанцамі, усе яны пацвярджалі: Беларусь для іх — транзітная краіна, а канчаткова мэта — Еўрасаюз.
— Зразумела, яны хочуць прайсці туды, аднак іх не пускаюць. Нават сітуацыя (паказвае — «Зв.»), калі Прэзідэнт прапанаваў перавезці дзяцей у санаторый і для гэтага было ўсё арганізавана, аднак яны (бежанцы — «Зв.») адмовіліся, бо да апошняга вераць і чакаюць, што будзе нейкі калідор, каб трапіць у Еўрасаюз, — кажа Дзмітрый Баскаў.
Пасля некалькіх гадзін, праведзеных у лагеры, сенатар падзяліўся першымі эмоцыямі ад убачанага:
— Безумоўна, эмоцый шмат. За некалькі гадзін, праўду кажучы, так змёрз, што не магу зразумець і ацаніць, як гэтыя людзі пераносяць холад? Як спяць па начах у палатках? Як выратоўваюцца? Моцныя эмоцыі і перадаць іх словамі гэта цяжка, — адзначае ён. — Першыя дзве гадзіны я проста хадзіў і моўчкі назіраў, што тут адбываецца.
Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-baskau
[4] https://zviazda.by/be/tags/myazha
[5] https://zviazda.by/be/tags/bezhancy
[6] https://zviazda.by/be/tags/senatar
[7] https://zviazda.by/be/tags/medycynskaya-dapamoga
[8] https://zviazda.by/be/tags/gumanitarnaya-dapamoga