Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях ваеннай бяспекі. Мерапрыемства адбылося ў Цэнтры стратэгічнага кіравання Міністэрства абароны ў беларускай сталіцы.
Размову з ваеннымі Прэзідэнт пачаў з заўвагі: падзеі, што разгортваюцца ў Чарнаморскім басейне, пытанні, звязаныя з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі, аўтаномна, незалежна ад Беларусі разглядаць нельга.
«Мы — звяно ў гэтым аульным ланцугу. Мы яшчэ не да канца ведаем, але ўяўляем задуму нашых праціўнікаў, сёння шчыра можам сказаць, нашых ворагаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, сталі часцей палёты над Калінінградскай вобласцю самалётаў-разведчыкаў, на сумежных з Беларуссю краінах праходзяць ваенныя вучэнні.
«Як заяўляе міністр абароны Расіі, дзясяткамі самалётаў здзяйсняецца аблёт расійскіх граніц і трэніруецца бомбамятанне. Шчыра было заяўлена, што адпрацоўваецца ядзерны ўдар па Расіі. Калі на сумежных тэрыторыях будуюцца лакадныя дарогі і праводзяцца масава вучэнні з перакідваннем дадатковых войскаў да нашай граніцы (іх ужо дзясяткі тысяч), гэта не дарэмна. За гэтым нешта стаіць», — дадае кіраўнік краіны.
Ён падзяліўся з ваеннымі сваімі разважаннямі наконт гэтага. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, праціўнікі спрабуюць «адбудаваць Расію» і вылучылі тэзіс, што яна рыхтуецца нападаць на Украіну.
«Калі збіраецца, пакладзіце факты на стол і пацвердзіце гэты тэзіс. Але нічога не трэба пацвярджаць. Мы бачым па Беларусі, — кажа Прэзідэнт.— Пачынаюцца актыўныя рухі вакол Расійскай Федэрацыі пад прыкрыццём таго, што яна збіраецца напасці на Украіну. У мяне такіх звестак аб нападзенні няма. Калі б такія задумы былі, то беларускія ваенныя, і я ў тым ліку, пра гэта ведаў бы».
Як дадаў Прэзідэнт, калі будзе зноў развязана вайна на Данбасе ці на мяжы з Расіяй, Беларусь не застанецца ўбаку і вядома, каго падтрымае.
«Яны гэта разумеюць. І Украіна пачала ўмацоўваць сваю паўночную мяжу. Хаця для гэтага ніякіх фактаў, прычын для ўзмацнення беларуска-ўкраінскай граніцы сёння няма. Там абсалютная цішыня. Нават спакайней, чым было раней», — канстатуе кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт разважае: краіны-суседкі на Захадзе, верагодна, турбуюцца, што плынь мігрантаў паменшылася — гэтых людзей яны выкарыстоўвалі для вырашэння сваіх унутраных праблем і напружання Беларусі.
«Яны выдатна разумеюць, што калі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, Беларусь убаку не застанецца. Таму беларускую армію неабходна стрымліваць, напружваць на заходніх межах — Латвія, Літва, Польшча і на поўдні — узмацненне ўкраінскай граніцы. Паглядзіце, у бліжэйшы час усё, што я сказаў, будзе пацверджанае», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка.
Раней ім была дадзена каманда кіраўнікам сілавога блоку ні ў якім разе не падавацца на правакацыі і самім не правакаваць канфлікты. Але ў той жа час, дадае Прэзідэнт, міністру абароны Віктару Хрэніну і Генштабу было даручана падрыхтаваць планы магчымага адказу на агрэсію і супрацьпраўныя дзеянні з парушэння мяжы ў дачыненні да Беларусі.
«Генштаб кожны раз павінен памятаць, па якіх кірунках гэтыя мярзотнікі будуць дзейнічаць супраць нас, і як мы на гэта будзем рэагаваць», — акцэнтуе кіраўнік краіны.
Ён нагадаў, што яго прасілі падтрымаць стварэнне сіл хуткага рэагавання, якія будуць задзейнічаны на працягу 2-3 гадзін і вылучаны ў любую кропку Беларусі.
«Усё, на што мы былі здольныя і нават не здольныя ў фінансавых адносінах, мы для арміі імкнуліся зрабіць. Таму мэта нашай сённяшняй нарады ў гэтым цэнтры — магчымае рэагаванне нашых узброеных сіл (то-бок не толькі арміі, але і МУС, пагранічных войскаў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі) на магчымыя несяброўскія, агрэсіўныя крокі ў кірунку Беларусі», — тлумачыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падсумаваў свае тэзісы: мы не разгортваем свае воінскія падраздзяленні, але планы супрацьдзеяння павінны быць нават на задуму варожых узброеных сіл.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў: даўно заяўляў, што супраць Беларусі разгорнутая гібрыдная вайна па ўсіх кірунках. Ён кажа, дайшлі ў ёй нават да гарачага супрацьстаяння.
«Мы не ведаем, што яны нам падкінуць. Ці маглі мы прадказаць, што ў нас узнікне нейкі міграцыйны крызіс? Мы ж пра гэта нават не думалі, але ён узнік і падаграваецца пастаянна», — кажа Прэзідэнт.
Ён заяўляе, што ў гэтым крызісе дайшло да забойства людзей. Так, учора, кажа Аляксандр Лукашэнка, падкінулі труп на беларускую граніцу, сёння ноччу знойдзены яшчэ адзін.
«Той жа почырк. У спальны мяшок засцёгваюць мёртвага ці паўмёртвага чалавека і выкідваюць. Пагранічнікі знаходзяць ужо без дыхання. Учора на хутары пагранічнікі знайшлі траіх чалавек. Калі знайшлі труп, убачылі тры спальных мяшкі. Пачалі пошук. Генерал Лапо (Анатоль, старшыня ДПК. — „Зв.“) мне далажыў, што знайшлі абмарожаных», — расказвае Прэзідэнт.
Бежанцы размясціліся ў закінутым доме, яны ўжо не маглі ісці. «Паўзлі. Некалькі соцень метраў прапаўзлі, знайшлі хату. Напэўна, ужо і мясцовыя жыхары дапамаглі, печку распалілі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ адна ноч, і трэба было б ампутаваць ногі, калі жывых знайшлі б. Гэта на літоўскай граніцы».
Па яго словах, забойства людзей і выкідванне целаў на нашу граніцу становіцца акцыяй.
«Што за гэтым стаіць? Я думаю, следчыя разбяруцца», — дадае Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт абмеркаваў з ваеннымі дзеянні заходніх палітыкаў. Ён акцэнтаваў увагу, што прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі здзейсніў на днях візіт у Вялікабрытанію.
«Вось паглядзіце, на працягу года-двух яны хочуць з падачы Амерыкі разбурыць Еўрапейскі саюз. Амерыканцам не патрэбныя партнёры, што могуць стаць роўнымі з імі. Як толькі еўрапейцы ўвялі сваю валюту еўра (а гэта пагражае доллару), так пачаліся праблемы ў Еўраатлантычным блоку», — звяртае ўвагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён сцвярджае, што невыпадкова Вялікабрытанія выйшла з ЕС, а цяпер такая стаўка робіцца на Польшчу.
«З іх ужо нехта пачынае заяўляць: закончацца датацыі з Еўрасаюза ў мільярды еўра, нам Еўрасаюз не патрэбны. Таму ўсё робіцца для разбурэння Еўрапейскага саюза», — мяркуе кіраўнік краіны.
Прэзідэнт заяўляе, што ў такой абстаноўцы неабходна абараніць краіну. «Я не драматызую падзеі, але ваенных папярэджваю. На любы магчымы іх рух у нас павінен быць адэкватны адказ. Вось ваша задача. І папярэджваю, не дай Бог, калі ў вас будзе нейкі фармалізм», — падкрэслівае кіраўнік краіны.
Ён адзначае, што ваенныя павінны дакладна разумець, як будуць дзейнічаць у надзвычайным выпадку. Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка атрымаў ад Прэзідэнта даручэнне — выкарыстаць любую магчымасць для падтрымання арміі.
«Я запрасіў сюды міністра ўнутраных спраў, кіраўніка нашай пагранічнай службы, старшыню камітэта. Вы павінны разумець: мы людзі ваенныя. Не дай Бог, нешта здарыцца — мы бяром зброю ў рукі. Павінен вам сказаць, што ў сістэме ўнутраных спраў падрыхтаваных хлапцоў не менш, чым у арміі», — заяўляе Аляксандр Лукашэнка. Папрасіў ён не забывацца і пра войскі тэрытарыяльнай абароны, якія з’яўляюцца годным рэзервам.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу далажыць, як будуць рэагаваць на вучэнні ва Украіне пад назвай «Палессе». Але адзначыў: краіна не бразгае зброяй.
«Мы не бразгаем зброяй, — кажа Прэзідэнт. — Мы разумеем, што такое вайна. Многія з нас перажылі нягоды пасляваенных год, калі голыя, раздзетыя з зямлянак не маглі вылезці. Цяпер жывём прымальна. Мы не хочам ніякіх войнаў. Мы небагатая краіна, але нам чужое багацце і чужыя тэрыторыі непатрэбныя. Дай Бог, асвоіць гэтую зямлю», — дадае Прэзідэнт.
Ён папярэджвае, калі да нас прыйдуць са зброяй, беларусам ёсць, чым адказаць.
Пасля кіраўніка краіны слова ўзяў міністр абароны Віктар Хрэнін.
Ён далажыў, што ведамства пастаянна праводзіць ацэнку ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол Беларусі і пошук аптымальных варыянтаў узмацнення бяспекі краіны.
«Вынікі ацэнкі паказваюць, што меры, якія прымаюць краіны Захаду па мілітарызацыі рэгіёна, вядуць да істотнага змянення балансу сіл. Паблізу граніц нашай краіны нарошчваецца наступальны патэнцыял узброеных сіл краін-членаў блока НАТА. Разгортваюцца новыя ваенныя фарміраванні, закупаюцца сучасныя прыклады ўзбраення. У Польшчы фарміруецца 18-я механізаваная дывізія і брыгады тэрытарыяльнай абароны. Частка з іх — паблізу нашай дзяржаўнай граніцы», — пералічвае міністр.
Асаблівую заклапочанасць ваенных выклікае закупка сумежнымі краінамі танкаў «Абрамс», ЗРК «Патрыёт», РСЗА «Хімарс», баявых самалётаў Ф-35, аснашчаных крылатымі ракетамі.
Ужо ў размове з журналістамі Віктар Хрэнін паведаміў, што прыярытэтнымі кірункамі ў нацыянальнай абароне з’яўляюцца — комплексная падрыхтоўка войскаў сумесна з Расіяй да парыравання пагроз, мерапрыемства на сярэдне тэрміновую перспектыву па прыкрыцці паўднёвага кірунку, удасканаленне адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі.
Па словах міністра, у будучым годзе маштабныя вучэнні не адбудуцца, але ў планах — трэніроўкі па прыкрыцці паўднёвых граніц з Расійскай Федэрацыі.
Віктар Хрэнін адзначыў, што прыцягванне суседнымі краінамі сіл тэрытарыяльнай абароны вядзе да павышэння ваеннай актыўнасці.
«Мы не плануем у сённяшніх умовах прыцягваць нашу тэрытарыяльную абарону, бо ёсць дакладныя задачы для чаго яны ў нас прызначаныя і ў якім выпадку яны будуць прымяняцца. Але яны ў нас ёсць: зладжаныя, укамплектаваныя і забяспечаныя, у гэтым можаце не сумнявацца», — канстатуе кіраўнік ваеннага ведамства.
Ён рэзюмуе, што гэтым часам ваенныя ніякіх дадатковых мерапрыемстваў па прывядзенні ў вышэйшую ступень гатоўнасці ўзброеных сіл не праводзяць. «Але на любыя неадэкватныя дзеянні мы робім план, які закладваем на выпадак неабходнасці», — кажа Віктар Хрэнін.
Марыя ДАДАЛКА
Фота: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyakasndr-lukashenka
[5] https://zviazda.by/be/tags/narada
[6] https://zviazda.by/be/tags/vaennaya-byaspeka