«Мінскі раён заўсёды пад увагай», — падкрэсліў у размове з карэспандэнтам «Звязды» старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч. — «Усе буйныя аўтамагістралі ад сталіцы да абласных цэнтраў пралягаюць праз тэрыторыю раёна, таму ў нейкім сэнсе мы з’яўляемся своеасаблівай візіткай як Мінскай вобласці, так і краіны ў цэлым».
— Уладзімір Іосіфавіч, пагадзіцеся, што ніводны другі раён краіны не развіваецца такімі тэмпамі, як Мінскі. Колькасць насельніцтва ў некаторых прысталічных населеных пунктах перавышае колькасць жыхароў большасці раённых цэнтраў. Але пабудаваць жыллё — гэта адно, а стварыць неабходную сацыяльную інфраструктуру — задача значна цяжэйшая. Як у Мінскім раёне вырашаецца такая праблема?
— Зараз насельніцтва Мінскага раёна складае больш за 260 тысяч чалавек. Але адразу адзначу, што такое павелічэнне колькасці жыхароў ідзе не ад павышэння нараджальнасці, а з прычыны працэсаў урбанізацыі. Шмат жыхароў з усіх рэгіёнаў краіны марыць змяніць сваё месца жыхарства на Мінск альбо Мінскі раён. Штогод колькасць насельніцтва ў Мінскім раёне павялічваецца на 6–8 тысяч чалавек. Чаму так адбываецца? Адказ просты. Сёння працэнт беспрацоўя ў прысталіччы складае ўсяго 0,02 %. Чалавек, які пераехаў сюды на пастаяннае месца жыхарства, знойдзе працоўнае месца без якіх-небудзь праблем. Галоўнае, каб ён не быў гультаём. Але, упэўнены, гультай сюды і не паедзе.
Што датычыцца развіцця сацыяльнай інфраструктуры, то гэтую праблему мы паступова вырашаем. Зразумела, што адначасова ўвесці ў эксплуатацыю неабходную колькасць аб’ектаў дашкольнай адукацыі і сярэдніх школ нерэальна. Школ у раёне сапраўды пакуль не хапае. Каля 10 тысяч дзяцей з населеных пунктаў прысталічча навучаюцца ва ўстановах адукацыі Мінска. Блізкасць да сталіцы дазваляе выкарыстоўваць падобныя меры. Дадам, што і медыцынскае абслугоўванне часткі насельніцтва раёна ажыццяўляецца таксама ў сталіцы.
Тым не менш усе неабходныя сацыяльныя стандарты ў частцы медыцынскага абслугоўвання альбо адукацыі мы павінны выконваць. І такая работа актыўна вядзецца. Дзякуючы падтрымцы, якую аказвае нам Мінскі аблвыканкам, на тэрыторыі раёна штогод з’яўляецца ўсё больш сучасных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры — школ, дзіцячых садкоў, паліклінік і амбулаторый.
Напрыклад, толькі летась у Мінскім раёне ўведзена ў эксплуатацыю шэсць устаноў дашкольнай адукацыі. Гэта, на мой погляд, небывалая з’ява. Ніколі раней столькі аб’ектаў адукацыі не здавалася на працягу аднаго года. Сёлета ў верасні адкрылася вялікая сучасная школа ў Калодзішчах. Дарэчы, у снежні там адкрыецца і новы дзіцячы сад. Зараз вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на будоўлю школы і дзіцячага сада на тэрыторыі Бараўлянскага сельвыканкама. Мы не спыняемся на вырашэнні гэтай вельмі вострай праблемы, добра разумеем патрэбы людзей і паступова іх вырашаем. На жаль, апошнія 10–15 гадоў, калі будаўніцтва жылля ў Мінскім раёне ішло бурнымі тэмпамі, вырашэнню падобных пытанняў не ўдзялялася належнай увагі. Зараз даводзіцца наганяць.
— Што яшчэ робіцца для таго, каб павысіць якасць жыцця людзей?
— Адной з галоўных задач на найбліжэйшы час з’яўляецца забеспячэнне населеных пунктаў якаснай чыстай вадой. І за апошні час у гэтым плане зроблена нямала. Нашым прадпрыемствам «Водаканал Мінскага раёна» наладжаны ўласны выпуск станцый абезжалезвання. За тры апошнія гады, якія існуе гэта вытворчасць, на прадпрыемстве выпушчана каля 30 падобных станцый, якія ўстаноўлены ў населеных пунктах Мінскага раёна. Вырашаецца яшчэ адна вострая праблема, уласцівая гэтай тэрыторыі.
Зараз у прысталіччы створана больш чым 100 калектываў індывідуальнай забудовы. Выдзелены зямельныя ўчасткі, людзі пабудавалі індывідуальныя жылыя дамы. Але ў большасці з такіх арганізацый існуюць праблемы з добраўпарадкаваннем вулічна-дарожнай сеткі. У 2018 годзе мной было ініцыіравана пытанне аб перадачы ўсіх вуліц населеных пунктаў Мінскага раёна на баланс нашага раённага прадпрыемства «Мінрайгаррамаўтадор». Агульная працягласць вулічна-дарожнай сеткі ў Мінскім раёне сёння складае больш за 1700 кіламетраў. Для параўнання: да 2018-га яна складала ўсяго 420 км. Аб’ём работ па абслугоўванні і рамонце павялічыўся ў чатыры разы. Тым не менш прадпрыемства выконвае ўсе неабходныя задачы. Мы, як выканаўчая ўлада, імкнёмся дарожнікам дапамагчы, у прыватнасці, закупляем новую тэхніку для выканання дарожных работ.
Жыхары падобных населеных пунктаў часта звяртаюцца ў райвыканкам з просьбай уладкаваць вуліцы. На жаль, усім імгненна дапамагчы ў гэтым плане мы не можам. Але ёсць сярод членаў калектываў індывідуальных забудоўшчыкаў нямала ініцыятыўных людзей, якія падахвочваюць суседзяў на самастойнае вырашэнне гэтай праблемы з дапамогай дзяржаўных арганізацый. Сваімі сіламі і за кошт уласных сродкаў яны выконваюць частку работ па ўладкаванні вуліц, у прыватнасці, пакрыццё праезнай часткі пясчана-жвіровай сумессю. А дзяржаўная арганізацыя праз некаторы час ажыццяўляе асфальтаванне гэтых участкаў. У Мінскім раёне можна знайсці нямала прыкладаў такога ўдалага супрацоўніцтва. Дзякуючы яму ўладкаванне вулічна-дарожнай сеткі значна паскорылася.
— Значная частка насельніцтва Мінскага раёна працуе ў сталічных арганізацыях і на прадпрыемствах. Як за апошні час палепшыліся транспартныя зносіны з Мінскам?
— Пытанні транспартнага забеспячэння сёння пакуль знаходзяцца на стадыі абмеркавання са сталічнымі ўладамі. На жаль, у Мінскім раёне няма ўласнага аўтапарка, што не дае магчымасці надзейна рэгуляваць пытанні аўтобусных перавозак. Толькі ў Заслаўі ёсць транспартнае падраздзяленне, якое займаецца перавозкай людзей у межах гэтага горада. Транспартныя паслугі на сёння забяспечваюцца сталічнымі аўтапаркамі, а таксама прыватнымі перавозчыкамі. З улікам таго, што колькасць насельніцтва павялічваецца, пытанне падвозу людзей да месца працы альбо школьнікаў ва ўстановы адукацыі стаіць вельмі востра. Па даручэнні старшыні аблвыканкама сёння мы працуем над стварэннем у раёне ўласнага перавозчыка. Пэўныя складанасці ёсць, але яны паступова вырашаюцца. Думаю, на працягу наступнага года рашэнне будзе знойдзена.
— Людзі ахвотна пераязджаюць у Мінскі раён. А як увогуле развіваецца эканоміка раёна?
— Не менш актыўна прыходзіць у Мінскі раён і бізнес. Бізнесменам выгадна развіваць тут вытворчасць. Зручная лагістыка, рынкі збыту, вялікая колькасць рабочых рук і іншыя магчымасці прыцягваюць сюды шмат дзелавых людзей. У прыватнасці, сёлета за 9 месяцаў у раёне было створана больш за 2000 новых рабочых месцаў.
Але, на мой погляд, гэты працэс усё ж неабходна стрымліваць. Стварэнне інвестыцыйных пляцовак менавіта ў Мінскім раёне выклікае адток капіталаў і працоўных рэсурсаў з іншых раёнаў вобласці і рэгіёнаў краіны. Гэты працэс патрабуе строгага рэгулявання. Мы не можам бясконца сцягваць сюды людзей. Значнае павелічэнне колькасці насельніцтва — гэты новыя праблемы сацыяльнага плана: новыя школы, дзіцячыя сады, паліклінікі і, адпаведна, значная нагрузка на дзяржаўны бюджэт.
Што датычыцца эканомікі, то скажу, што Мінскі раён з’яўляецца асноўнай крыніцай папаўнення бюджэту Мінскай вобласці. Раён не мае патрэбы ў датацыях. Безумоўна, хацелася, каб сродкаў у раённым бюджэце заставалася больш, але мы добра разумеем, што ў іншых раёнах вобласці таксама ёсць урачы, настаўнікі, супрацоўнікі праваахоўных органаў, якім неабходна своечасова выплачваць зарплату. Дарэчы, сярэдняя налічаная заработная плата за 9 месяцаў у Мінскім раёне ва ўсіх сферах дзейнасці перавысіла 1600 рублёў. Тэмп росту ў параўнанні з мінулым годам перавысіў 110 %. У гэтым плане мы сёння саступаем толькі беларускай сталіцы. Эканоміка працуе, раён актыўна развіваецца, для людзей ствараюцца добрыя ўмовы жыцця і працы.
— З якімі вынікамі падышлі да фінішу года аграрыі прысталічча?
— Лічу, што работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў сёлета адпрацавалі добра. Па выніках уборачнай кампаніі наш раён заняў па вобласці ганаровае трэцяе месца па агульных паказчыках. На жаль, у параўнанні з мінулым годам недабралі мы зерневых культур, але вельмі добры вынік атрымалі па кукурузе. Яе сабралі амаль 70 тысяч тон.
Што датычыцца жывёлагадоўлі, то мы зараз актыўна займаемся тэхнічным пераўзбраеннем жывёлагадоўчых комплексаў, аптымізуем вытворчасць, зачыняем малочнатаварныя фермы, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца. Так, назіраецца пэўнае зніжэнне вытворчасці малака, але агульныя эканамічныя вынікі не могуць не цешыць. Як кажуць, сёлета мы спрацавалі на вынік.
— Як кіраўнік раённай выканаўчай улады вы часта сустракаецеся з грамадзянамі. З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца людзі?
— Зваротаў шмат, гэта і жыццёвыя пытанні, і звязаныя з побытам, і многія іншыя. У кожным выпадку стараемся людзям дапамагчы. Прывяду адзін прыклад. На сёння ў Мінскім раёне налічваецца 319 садоўніцкіх таварыстваў — больш чым 60 тысяч дачных участкаў, і пытанні зямельных адносін ужо выйшлі на першы план. Нават пытанняў па рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўзнікае менш.
Ствараліся таварыствы на прадпрыемствах ці ў дзяржаўных арганізацыях, дзе людзі адно аднаго ведалі, і ніякіх спрэчак практычна не ўзнікала. Зараз гаспадары ўчасткаў — прадстаўнікі новага пакалення, пачалі ўзнікаць канфлікты, праблемы. Нехта плот не так паставіў, нехта лазню ўзвёў, і яна на суседскі ўчастак заходзіць, і гэтак далей. А ўлічваючы тое, што сёння прыкладна 30 % дачнікаў пражываюць там пастаянна, то і канфлікты ўзнікаюць часцей. Некаторыя прыходзіцца нават вырашаць праз суд.
На трэцім месцы па колькасці зваротаў пасля дачных пытанняў і работы арганізацый ЖКГ пытанні па архітэктурнай і будаўнічай дзейнасці.
— Якія значныя змяненні ў хуткім часе адбудуцца ў Мінскім раёне?
— Нам трэба актыўна працаваць з уладамі Мінска, вырашаючы пытанні транспартнага забеспячэння, інжынернай інфраструктуры, у прыватнасці сетак водазабеспячэння і водаадвядзення. Ну, а галоўнае змяненне, на мой погляд, датычыцца адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Напрыклад, вёска Копішча, якая адносіцца да Мінскага раёна і прымыкае да МКАД, сёння налічвае 18 тысяч жыхароў. Яе, лічу, трэба перадаць гораду, паколькі ўсе інжынерныя сеткі завязаны на сталіцу і, па сутнасці, гэта ўжо сталічны спальны мікрараён.
Сяргей РУЧАНАЎ
Фота аўтара і з інтэрнэту
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-ruchanau
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-yurgevich
[4] https://zviazda.by/be/tags/minski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/tags/starshynya-minskaga-rayvykankama
[6] https://zviazda.by/be/tags/yakasc-zhyccya