Сёння мы назіралі рэзкую змену надвор'я. Калі раніцай фіксавалі ад нуля да мінус 5 градусаў, то ўжо ў сярэдзіне дня па краіне было 3—10 марозу. Справа ў тым, што сінаптычная сітуацыя была сфарміравана тылавой часткай цыклону з цэнтрам над Маскоўскай вобласцю. А таму ў Паўднёвыя шыроты накіравалася халодная арктычная паветраная маса, і ў нашай краіне адбылося анамальнае зніжэнне тэмпературы. І ў далейшым будзе марозна, на большай частцы тэрыторыі пройдзе кароткачасовы снег, месцамі завеі, на асобных участках дарог галалёдзіца, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
І гэта правільна, што ў самы кароткі дзень у годзе (21 снежня), у дзень зімовага сонцастаяння, будзе дастаткова холадна. Далейшае пахаладанне да нас прыйдзе разам з халоднай няўстойлівай паветранай масай, якая паступае на тэрыторыю Беларусі з поўначы Еўропы. Уначы месцамі, а ўдзень у многіх раёнах пройдзе невялікі снег. Крыху павялічыцца снежны полаг. Зараз ён складае 1—5 сантыметраў, чакаецца 3—8 сантыметраў. На асобных участках дарог прагназуецца галалёдзіца. Вецер паўночны, паўночна-заходні, уначы парывісты, удзень умераны. Дзённая тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 4 градусаў па паўднёвым захадзе да мінус 12 градусаў па паўночным усходзе краіны. Атмасферны ціск будзе расці, а значыць, наперадзе чакаецца ўзмацненне маразоў і сонечнае надвор'е.
У сярэдзіне тыдня ўмовы надвор'я ў краіне будуць вызначаць халодныя паветраныя масы, якія паступаюць з поўначы Еўропы. У сераду чакаецца воблачна з праясненнямі. Месцамі пройдзе кароткачасовы снег, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны — 10—17 марозу, пры праясненнях — да мінус 18—20 градусаў. Удзень тэмпература паветра складзе мінус 7—13 градусаў, у паўднёва-заходніх раёнах маразы слабейшыя: уначы — 7—9, удзень — 3—6 градусаў са знакам мінус.
Яшчэ адзін досыць марозны дзень будзе ў гэты чацвер. Кароткачасовыя снегапады чакаюцца ўначы па паўднёвым захадзе, а ўдзень месцамі па краіне. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе мінус 11—18 градусаў, пры праясненнях — 19—23 марозу, у дзённыя гадзіны слупкі тэрмометра пакажуць 7—13 градусаў ніжэй за нуль. У паўднёва-заходніх раёнах гэтай ноччу будзе мінус 7—10 градусаў, удзень — 2—6 градусаў ніжэй за нуль.
Але арктычная надвор'е будзе «кіраваць» у нас нядоўга. Ужо ў пятніцу сітуацыя пачне мяняцца. Атлантыка адправіць на кантынент чарговы цыкланічны віхор і пад уплывам яго цёплага атмасфернага фронту сцюжа з тэрыторыі краіны пачне адступаць, паволі. Тэмпература паветра ўначы будзе мінус 8—15 градусаў, па ўсходзе пры праясненнях — да 16—18 марозу. Удзень тэмпература паветра складзе 1—7 марозу, у паўднёва-заходніх раёнах краіны ўначы мінус 4—7 градусаў, а ўдзень тут ужо чакаецца адліга пры тэмпературы нуль — плюс 3 градусы. У начныя гадзіны прагназуецца пераменная воблачнасць, месцамі кароткачасовы снег. Раніцай і ўдзень магчыма воблачнае надвор'е, на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па паўднёвым захадзе з дажджом. Месцамі слабая мяцеліца, наліпанне мокрага снегу і галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёва-заходні, паўднёвы ўмераны.
Як адзначаюць айчынныя сіноптыкі ў доўгатэрміновым прагнозе, ужо ў суботу ўдзень у нас усталюецца выдатнае слабамарознае надвор'е. У гэты дзень краіна яшчэ будзе знаходзіцца ў арбіце атлантычнага цыклону. Таму ўначы на большай частцы тэрыторыі, а ўдзень месцамі пройдзе кароткачасовы снег, па поўдні мокры снег з дажджом. У асобных раёнах чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе 3—10 марозу, пры праясненнях да 13 градусаў ніжэй за нуль. Удзень тэмпература складзе да мінус 3—8 градусаў. У паўднёвых раёнах тэмпература паветра на працягу сутак будзе вагацца ад мінус 2 да плюс 2 градусаў. Сіноптыкі лічаць, што ў нядзелю зноў падзьме вецер з поўначы Еўропы. Тэмпература паветра панізіцца да мінус 20 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/zima
[5] https://zviazda.by/be/tags/arktychny-holad
[6] https://zviazda.by/be/tags/temperatura-pavetra
[7] https://zviazda.by/be/tags/sinoptyki