Каля дзесяці гадоў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій плённа супрацоўнічае з Маскоўскім універсітэтам тэхналогій і кіравання імя К. Разумоўскага. Сумесныя навуковыя канферэнцыі, анлайн-сустрэчы, круглыя сталы, выставы, конкурсы прафесійнага майстэрства — усё гэта робіць жыццё дзвюх ВНУ больш насычаным і дынамічным. Напрыканцы мінулага года ў Магілёў прыехала дэлегацыя выкладчыкаў і студэнтаў з Масквы. У тым ліку і доктар тэхнічных навук загадчык кафедры біятэхналогій і прадуктаў харчавання з расліннай і жывёльнай сыравіны Ігар Нікіцін. У магілёўскім універсітэце ён прачытаў некалькі лекцый, прысвечаных такому сучаснаму сёння кірунку, як персаніфікаванае харчаванне. Гэта тэма якраз і была крыніцай вывучэння яго доктарскай дысертацыі. Нягледзячы на вельмі сціслы графік работы, прафесар знайшоў хвілінку, каб пагутарыць з карэспандэнтам «Звязды» наконт апошніх тэндэнцый у грамадскім харчаванні.
Дарэчы, гэта яшчэ адна назва маскоўскага ўніверсітэта. На сёння гэта адзіная ў Расіі ўстанова, якая ўзаемадзейнічае з сайтам па казацтве пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі і бярэ на мэтавыя месцы дзяцей казакоў, у тым ліку з іх каледжаў і кадэцкіх карпусоў. «Гэта элемент нашай патрыятычнай падрыхтоўкі грамадзян, сацыяльная місія ўніверсітэта», — удакладняе Ігар Нікіцін. У савецкі час вышэйшая навучальная ўстанова называлася Усесаюзны завочны інстытут харчовых тэхналогій і рыхтавала кадры для ўсёй харчовай прамысловасці Савецкага Саюза. Потым адбылася грунтоўная трансфармацыя, у выніку якой акцэнт быў зроблены на стацыянарную форму адукацыі.
Універсітэт вядзе вялікую навуковую работу ў галіне грамадскага харчавання і з'яўляецца адным з лідараў у гэтым кірунку. З развіццём ІT і медыцынскіх тэхналогій узнікаюць новыя сучасныя формы, якія дазваляюць вырашаць праблемы ў харчовай прамысловасці і ісці ў нагу з перадавымі сусветнымі тэндэнцыямі.
— Харчаванне — адзін з найважнейшых фактараў, які ўплывае на здароўе чалавека ў сучасным свеце нароўні з заняткамі спортам, — канстатуе Ігар Нікіцін. — Гэта два самыя важныя фактары, якія дазваляюць папярэдзіць развіццё так званых элементарна залежных захворванняў — дыябету, інфарктаў, інсультаў, астэапарозаў. Гэтыя захворванні ўзнікаюць у сувязі з няправільным ладам жыцця і няправільным харчаваннем. Яны спеюць вельмі доўга. У нас цяпер ва ўсіх дэфіцыт вітаміну Д. Калі вы здасце кроў на аналіз, вітамін будзе ў вас або на мяжы, або ніжэйшы за норму. З аднаго боку, гэта дрэнна, з іншага — сітуацыя трывіяльная: такое сустракаецца амаль у 80 % жыхароў Расіі і Беларусі. Для ўсіх, хто жыве вышэй 40-й паралелі, гэта характэрна. У доўгатэрміновай перспектыве гэта прыводзіць да астэапарозу. Сто працэнтаў, што ў чалавека да 60 гадоў будуць гэтыя захворванні. Тая ж самая гісторыя з вітамінамі С, групы В (да 50 % людзей маюць дэфіцыт). Выправіць гэта можна, скарэкціраваўшы свой рацыён, нормы харчавання. Але, каб гэта адбылося, трэба прыкласці намаганні. Такога, каб чалавек сказаў сабе, што з сённяшняга дня пачне піць вітамін Д і будзе так рабіць пастаянна, на жаль, не бывае. Бо ён не бярэ пад увагу, забывае. І для дзяржавы задача № 1 — стварыць такія ўмовы, пры якіх гэтыя хваробы не наступалі б. Гэта — прапаганда здаровага ладу жыцця, вытворчасць якасных прадуктаў і ўкараненне іх у практыку харчавання.
Прафесар лічыць, што нельга ўсіх людзей карміць аднолькава, бо ў кожнага маецца нейкая свая схільнасць. Напрыклад, два чалавекі з'елі адну і тую ж страву, але адзін пасля гэтага адчувае сябе добра, а другі — не.
— Улічваць індывідуальныя патрэбнасці сёння стала магчыма, паколькі медыцынскія і ІT- тэхналогіі настолькі прасунуліся наперад, што мы можам з дапамогай смартфона сабраць усю інфармацыю пра сябе (колькасць пройдзеных за дзень крокаў, працягласць сну, частата пульсу і гэтак далей) і на падставе яе распрацоўваць меню і рацыён, якія будуць больш канкрэтна задавальняць нашы патрэбы, — кажа Ігар Нікіцін. — Такое харчаванне папярэджвае развіццё небяспечных захворванняў у доўгатэрміновай перспектыве. Мы як навуковая ўстанова больш распрацоўваем метадалогію і навуковыя асновы гэтага падыходу. Але ўжо ёсць шэраг кампаній, якія ўкараняюць гэта ў практыку. Напрыклад, нашы калегі з 1-га медуніверсітэта імя І. Сечанава з кафедры «Малекулярная біялогія». Можна прыйсці туды і зрабіць платны аналіз. А мы ў сваю чаргу распрацавалі праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць аўтаматычна складаць рацыён. Застаецца толькі прытрымлівацца яго. Гэта можа звесці паходы да ўрачоў да мінімуму. Харчаванне будзе кантралявацца пастаянна ў рэжыме анлайн.
Ёсць такое паняцце — мікрабіёта. Гэта колькасць бактэрый, якія жывуць у нашым кішэчніку. Іх склад мяняецца ў залежнасці ад таго, што мы ядзім, якія прымаем лекі, хварэем альбо здаровыя. Згодна з тэорыяй акадэміка Аляксандра Уголева, мікрабіёта сінтэзуе да 10 % карысных рэчываў для нашага арганізма. А 90 % гэтых рэчываў мы атрымліваем з ежай. Мікрабіёта, якая функцыянуе няправільна, з часам прыводзіць да сур'ёзных захворванняў.
Дастаўка ежы з дапамогай дронаў, харчовыя прынтары, картрыджам для якіх з'яўляецца харчовая сумесь, — усё гэта пакуль здаецца нечым фантастычным. Між тым гэта наша не вельмі далёкая будучыня.
— Робіце харчовую сумесь, а прынтар выдае тое печыва, якое вам патрэбна, — усміхаецца прафесар. — Калі казаць пра харчовыя прадукты, то мы з вамі сёння знаходзімся ў такім часе, калі ўзнікае шмат новых, якіх раней не было. Традыцыйныя становяцца нават ужо незапатрабаванымі. Звярніце ўвагу на тое, чым харчуецца моладзь: снікерсы, чыпсы і гэтак далей. Гэта дастаткова шкодная ежа, але яе можна зрабіць карыснай. Мой калега з Піцера распрацаваў спосаб ашчаднай сушкі яблык, морквы, гарбуза: сушыць іх без страты вітамінаў і робіць снэкі. Тыя снэкі, якія сёння распаўсюджаны, — не наш прадукт. А трэба ўсё пераканвертаваць так, каб дзеці куплялі сваё і елі на здароўе.
— А што вы маеце на ўвазе, кажучы пра новыя прадукты?
— Узяць, напрыклад, хлеб. Не ўсё, што мы называем хлебам, ім з'яўляецца. У класічнай тэрміналогіі хлеб — гэта прадукт браджэння. А сёння шмат якія прадпрыемствы ігнаруюць гэтую стадыю, выкарыстоўваюць хімічныя разрыхляльнікі, узбіўны хлеб, які атрымліваецца шляхам пенаўтварэння. Знешне гэта хлеб, а па тэхналогіях невядома што. Або ўзяць, напрыклад, расліннае мяса. Мы называем гэта мясам, хаця яно такім і не з'яўляецца. Але з яго могуць зрабіць такую катлету для гамбургера, што не адрозніць. І гэта пры тым, што ў ёй ні граму мяса. Гэта выйсце для прадуктовай сістэмы, таму што вытворчасць кілаграма свежай ялавічыны абыходзіцца для экалогіі вельмі дорага. Я ўжо не кажу пра цану вытворчасці. Сёння ёсць нават такое, што расліннае мяса робяць не з расліннага, а з клетачнага. Вырошчваюць яго ў прабірцы. Гэта пытанне найбліжэйшых 5—10 гадоў. Яно нават па клетачным складзе будзе ідэнтычнае.
Маскоўскі прафесар расказаў, што ўжо цяпер некаторыя вытворцы атрымліваюць танны і высакаякасны бялок з альтэрнатыўных крыніц бялку, такіх як, напрыклад, конікі альбо мухі.
— Жывёл ім ужо кормяць і людзей у найбліжэйшы час будуць гэтым карміць, — папярэджвае вучоны. — Бялок з насякомых па сваіх паказчыках, дарэчы, нічым не горш. Калі вы не ведаеце, што гэта, ніколі не падумаеце пра мух і конікаў.
— А навошта нам такое трэба? — не разумею я. — Чаму б не развіваць натуральную гаспадарку — кароў, свіней і гэтак далей?
— Тут ёсць як мінімум два фактары. Па-першае, існуючая сістэма харчовага забеспячэння пабудавана на прамысловых маштабах вытворчасці і з'яўляецца прычынай вялікай колькасці захворванняў у людзей. Таму што яна забяспечвае колькасць, але не заўсёды якасць. Памідоры, якія выраслі на летніку, або тыя, што ў цяпліцы на гідрапоніцы — дзве прынцыпова вялікія розніцы. У іх розны склад, у апошніх вітамінаў нашмат меней. Але прамысловая вытворчасць мае іншыя мэты — усіх накарміць. Другая праблема ў тым, што вытворчасць прадуктаў наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Нельга гэта бясконца развіваць. Трэба шукаць новыя падыходы.
Беларусь славіцца якасцю прадуктаў. Яшчэ мы можам сабе дазволіць ствараць экалагічна чыстую і якасную прадукцыю. Але так адбываецца далёка не ва ўсіх краінах. Да таго ж у харчаванні таксама ёсць трэнды. І шмат паслядоўнікаў.
— Гэта як з аўто, — прыводзіць прыклад суразмоўца. — 120 гадоў таму людзі ездзілі на конях, але з'явіліся машыны, і яны пераселі на іх. З харчаваннем адбываецца нешта падобнае. Гэта працэс, які як хваля: яго нельга прыпыніць, можна толькі правільна да яго адносіцца і старацца ўплываць, каб не адбывалася злоўжыванняў і шкоды.
— І якія прадукты вы б параілі есці?
— У сучасным свеце складана даваць якія-небудзь парады. Паўтару словы грэчаскіх і славянскіх філосафаў. Авіцэна казаў, што розніца паміж лекамі і ядам толькі ў дазіроўцы. А Павел Фларэнскі папярэджваў, што няма ніводнай добрай рэчы, якая б у спалучэнні са словам «шмат» не стала б жахлівай. У харчаванні, як у любой сферы жыцця, павінна быць памяркоўнасць. Няма прадуктаў, якія вылечаць вас, і няма такіх, якія, з'еўшы адзін раз, вы на ўсё жыццё сапсуяце сабе здароўе. Пытанне ў сістэме. Правільна пабудаваная сістэма харчавання забяспечыць жыццё і здароўе на доўгія гады, а няправільная, наадварот, заб'е, але гэта адбудзецца не за дзень і нават не за год. Таму важна правільныя звычкі ў харчаванні закласці з дзяцінства.
— І якім чынам?
— Для мяне як бацькі гэта таксама праблема. Дзеці — геданісты, яны любяць усё салодкае і страчваюць волю, якая ў іх яшчэ слабая. Гатовы за марожанае рабіць урокі цэлы дзень. Але тут лепш выхоўваць дзяцей уласным прыкладам. Калі бацькі ядуць сасіскі, а дзецям кажуць, што гэта шкодна, ні да чаго добрага такое не прывядзе. У сям'і павінна быць правільная сістэма харчавання.
— А як вы харчуецеся? Каву, напрыклад, раніцай ужываеце?
— Каву не п'ю зусім. Я яе проста не люблю. Але я за тое, каб раніцай снедаць. Сёння, напрыклад, з'еў аўсянку, салату з капусты і нават катлету. Вялікія перапынкі ў харчаванні — не вельмі добра. Трэба харчавацца часта і невялічкімі порцыямі. Калі раніцай нічога не ясце, у абед нешта перахопліваеце, а вечарам наядаецеся, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Трэба есці 3-4 разы — спартсмены, напрыклад, харчуюцца па 8 разоў, кожныя 2 гадзіны. Паўтаруся, правільнае харчаванне павінна фарміравацца з дзяцінства і стаць звычкай.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/harchavanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[6] https://zviazda.by/be/tags/igar-nikicin