Пра работу, прызванне, узрост, захапленні, выпрабаванні і дапамогу вышэйшых сіл гутарым з генеральным дырэктарам Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» — дырэктарам Інстытута мікрабіялогіі, доктарам біялагічных навук, акадэмікам НАН Беларусі Эміліяй Каламіец.
— Эмілія Іванаўна, за 17 гадоў вашага кіраўніцтва Інстытут мікрабіялогіі неаднойчы аказваўся ў ліку найлепшых у Акадэміі навук, трапляў на Рэспубліканскую дошку гонару. Што было самым цяжкім для вас за гэтыя гады?
— Усё давалася няпроста. Мяне прызначылі дырэктарам у 55 гадоў. Сіл і энергіі яшчэ было дастаткова, але вопыту арганізацыйнай дзейнасці не хапала. Як дабіцца таго, каб супрацоўнікі жылі нябедна? У якім напрамку, за кошт чаго развіваць інстытут? На гэтыя пытанні даводзілася шукаць адказ. Каштоўныя распрацоўкі ў калектыве меліся. Але ў краіне адсутнічалі профільныя высокатэхналагічныя прадпрыемствы для асваення вытворчасці інавацыйнай прадукцыі. Стварылі свае магутнасці: у 2009 годзе адкрылі біятэхналагічны цэнтр, аснашчаны сучасным абсталяваннем, і пачалі выпускаць вопытныя партыі біяпрэпаратаў для фарміравання спажывецкага попыту. Аднымі з першых у НАН Беларусі ініцыіравалі ДНТП «Прамысловыя біятэхналогіі». Гэта праграма дазволіла прыцягнуць спецыялістаў іншых арганізацый, каб аб'ектыўна ацэньваць нашы прэпараты і тэхналогіі, перспектыўнасць іх прымянення ў сельскай гаспадарцы, медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Так мы здзейснілі сапраўдны прарыў на шляху камерцыялізацыі інтэлектуальнага прадукту.
— Сёння ўжо няма праблем з пошукам сродкаў на развіццё навукі?
— Важная крыніца фінансавання навукова-тэхнічнай дзейнасці інстытута — дзяржпраграмы рознага ўзроўню. Сама іх распрацоўка — велізарная інтэлектуальная работа. Кажу гэта як аўтар, у тым ліку міждзяржаўнай мэтавай праграмы ЕўрАзЭС «Інавацыйныя біятэхналогіі». Вынікам рэалізацыі праграм стала стварэнне больш як 60 біятэхналогій, практычнае выкарыстанне якіх таксама прыносіць даход. Арганізацыя ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» дазволіла мабілізаваць намаганні розных акадэмічных структур і вырашаць шэраг складаных задач, з якімі не па сілах справіцца інстытуту. Так, у супрацоўніцтве з Бабруйскім заводам біятэхналогій намі паспяхова выкананы, напрыклад, буйны заказ расійскай кампаніі на распрацоўку і вытворчасць полікампанентнага прэпарату для раслінаводства.
— Колькі часу патрабуецца на распрацоўку арыгінальнага прэпарату?
— Гады тры. Гэты тэрмін звязаны з неабходнасцю правядзення двухгадовых рэгістрацыйных іспытаў. Звычайна супрацоўнікі лабараторый адначасова працуюць над 5—6 праектамі. Сёння шмат працуем над павышэннем канкурэнтаздольнасці, удасканаленнем прэпаратаў і тэхналогій, каб яны і заўтра заставаліся запатрабаваны на рынку.
— Якія якасці дапамагаюць стаць паспяховым кіраўніком, дасягаць высокіх вынікаў?
— Сёння ўсё часцей чуеш, што вучоны павінен быць менеджарам. Але, зыходзячы са свайго досведу, магу сцвярджаць: чалавек, які не валодае спецыфікай нашай работы, наўрад ці здолее правільна размеркаваць чалавечыя і фінансавыя рэсурсы, дакладна вызначыць далягляд і спосабы дасягнення мэты. Мяне ратавала якраз тое, што, прасоўваючыся па службовай лесвіцы прыступка за прыступкай, я ведала ўсю «кухню» інстытута знутры. Сваім плюсам як кіраўніка лічу гатоўнасць вучыцца. Ніколі не саромеюся кансультавацца ў калег, пераймаць іх досвед. Што да арганізатарскіх здольнасцяў, па ўсёй верагоднасці, яны закладваюцца на генетычным узроўні. З глыбокага дзяцінства памятаю маміны словы: «Там, дзе ты з'яўляешся, усё становіцца на свае месцы».
— Вы патрабавальны кіраўнік?
— Магу часам рэзка выказацца, калі назіраю адсутнасць ініцыятывы, недастатковую актыўнасць у падрыхтоўцы кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Але я люблю сваіх супрацоўнікаў, шаную калектыў. Імкнуся падтрымліваць здаровую атмасферу, каб на работу ў інстытут хацелася ісці.
— Ці адчуваеце праблему прытоку маладых кадраў?
— Не. Каля 60 % нашых супрацоўнікаў — моладзь. І гэта вытлумачальна. У інстытуце ёсць цікавыя праекты, сучаснае абсталяванне, перспектывы службовага росту і магчымасць добра зарабляць.
— Ці ёсць нейкія маркёры, па якіх адразу зразумела, хто з маладых супрацоўнікаў стане таленавітым даследчыкам, затрымаецца ў навуцы, а хто — не?
— Звычайна гэта відаць ужо па першых справаздачах, па тым, як чалавек трактуе лічбы, паказчыкі, вынікі даследаванняў, ці ўмее аналізаваць, бачыць за прыватным тэндэнцыі, выбудоўваць асобныя факты ў сістэму. Сапраўдны вучоны заўсёды прагны да працы, дапытлівы. Выканаўшы эксперымент, ён не будзе сядзець без справы, а знойдзе ўсю інфармацыю па гэтым пытанні, параўнае з вопытам калег. Калі бачу адсутнасць цікавасці да даследаванняў, заўсёды раю: «Не губляйце часу дарма, шукайце сябе ў іншых сферах». Хаця шмат што залежыць і ад кіраўнікоў: часам маладым трэба дапамагчы раскрыць у сабе патэнцыял вучонага.
— Адміністрацыйная работа зусім не пакідае вам часу і сіл для навукі?
— Яна шмат іх адымае. Але я курырую ўсе праекты. Чытаю ў вольны час дысертацыі, падказваю ідэі. У маладосці часта марнуеш час і сілы нерацыянальна. А з узростам вучышся аддзяляць галоўнае ад другараднага, працаваць больш прадукцыйна. Я і калег вучу не распыляцца, а засяродзіцца і ісці да мэты самым кароткім шляхам.
— Спытаю вас як вучонага: які ўзрост аптымальны для выхаду на пенсію?
— Усё, па-мойму, вельмі індывідуальна: у кожнага свой патэнцыял сіл, здароўя, жаданняў. Вось акадэмік Пётр Аляксандравіч Віцязь у свае 85 гадоў пасля камандзіроўкі на Далёкі Усход на наступную раніцу выходзіць на работу. А ёсць людзі, якія ў 50 мараць аб пенсіі. У балеце ідуць на заслужаны адпачынак яшчэ раней. Навукоўцам, на мой погляд, трэба працаваць, пакуль яны могуць прадуцыраваць ідэі, адчуваюць жаданне і цікавасць да спазнання. Асабіста я ўсім дасведчаным, закаханым у навуку калегам-пенсіянерам падаўжаю кантракты.
— Вы гадуеце сабе пераемніка?
— Вядома. Ужо сёння гатова саступіць крэсла і вярнуцца ў свой аддзел, курыраваць аспірантаў. Але пакуль усе мае патэнцыйныя пераемнікі настолькі захоплены навукай, што адмаўляюцца ад адміністрацыйнай работы. Я ж хачу перадаць інстытут у надзейныя рукі кагосьці са сваіх калег. Калі ў такім калектыве, як наш, з'яўляецца кіраўнік збоку, вялікая рызыка страціць створанае за гады.
— У перыяд перабудовы многія навукоўцы вымушана пакідалі навуку. Вас не наведвалі такія ж думкі?
— Не. Калі разваліўся СССР, сітуацыя, сапраўды, аказалася вельмі складанай. Пры заробку ў 20 долараў ездзіла з мужам гандляваць у Польшчу, каб карміць сям'ю. За выхадныя магла атрымаць 300—400 долараў. Але не лічыла бізнес сваім пакліканнем, мне хацелася застацца ў навуцы.
— Ці ёсць у вашай сям'і яшчэ навукоўцы?
— Не. Мой муж — інжынер-механік. Цяпер ужо на пенсіі. Дачка Ганна, гледзячы на мой лад жыцця, цвёрда сказала: у навуку нізавошта не пайду. Скончыла БДТУ, зараз вядучы інжынер у буйной кампаніі. Сын Вячаслаў не працуе, у яго інваліднасць. Унучка Марыя — эканаміст у лізінгавай кампаніі. Ёсць у мяне і праўнук Мікалай: яму ўсяго год, ён — наша ўцеха.
— Блізкія вызвалялі вас ад бытавых клопатаў, улічваючы нагрузку на рабоце?
— Практычна не. Як усе жанчыны, і гатавала, і мыла, і дзецьмі займалася. Сын у дзяцінстве патрабаваў шмат сіл і ўвагі, выцягвалі яго разам з мужам як маглі. Гэта стала вялікай школай, я шмат чаго ў жыцці ўсвядоміла, пераасэнсавала. Доктарскую дысертацыю тады прыйшлося адкласці. Але я ўсё ж абараніла яе, няхай і праз 20 гадоў пасля кандыдацкай. Калі ў бацькоў пачаліся праблемы са здароўем, клопат аб іх лёг у асноўным на мае плечы. Прызначэнне на пасаду дырэктара інстытута супала з пагаршэннем іх стану. Уставала ў 5 раніцы, каб усё паспець. І не магу сказаць, што ўспрымала гэта як цяжар, ??ад якога толькі і чакаеш, як бы хутчэй пазбавіцца. Ёсць рэчы, якія прымаеш, бо не можаш іх змяніць.
— Вы хаця б зрэдку адчуваеце зайздрасць? У дачыненні да каго ці чаго такое здараецца?
— Нікому не зайздрошчу. У мяне вельмі развіта пачуццё свайго лёсу, свайго шляху, шчасця, крыжа. Памятаю, аднойчы экстрасенс сказаў мне: «У вас настолькі магутная і цэласная энергетычная абалонка, што да вас нічога дрэннага не прыстае». І я ў гэта веру.
— Ці ёсць у вас хобі?
— Па маладосці вельмі любіла спорт. І прабежкі рэгулярна здзяйсняла, і ёгай займалася. Цяпер стараюся проста больш рухацца, хадзіць пешшу. А яшчэ ўвесь час нешта будую, рамантую, пераабсталёўваю. І ў інстытуце, і па-за ім. На дачы пераважна даглядаю кветкі. У Мінску таксама жывём у прыватным доме з невялікім участкам. Яго добраўпарадкаванне для мяне — сапраўдная творчасць.
— Чула, што вы прыхаджанка аднаго з каталіцкіх касцёлаў Мінска. Як сумяшчаюцца навуковыя веды з верай?
— Можа, вас здзівіць, але для мяне ў гэтым няма супярэчнасці. Многія навукоўцы прыходзяць да веры. Памятаю словы адной манашкі. «Глыбока верыць той чалавек, які на сабе адчуў любоў Бога». Я з дзяцінства адчуваю гэту любоў. Часам кладуся спаць, і да мяне ў сне прыходзяць адказы на пытанні, якія мучылі. Нечакана атрымліваю дапамогу, праблемы цудам вырашаюцца. Як пасля гэтага не верыць у Бога?
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-paklonskaya
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/emiliya-kalamiec
[5] https://zviazda.by/be/tags/dnva-himichny-sintez-i-biyatehnalogii
[6] https://zviazda.by/be/tags/nan-belarusi