Супрацоўнікамі патрульна-паставой службы міліцыі Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце сумесна з супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС сталіцы па гарачых слядах затрыманы 42-гадовы мінчанін, які ўчыніў асабліва злоснае хуліганства.
Устаноўлена, што затрыманы ў начны час прыехаў на чыгуначны вакзал, дзе ў яго ўзнік канфлікт з кампаніяй мужчын. Па словах падазраванага, яму не спадабалася, што апошнія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення і груба нецэнзурна лаяліся ў грамадскім месцы.
Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, пасля непрацяглага высвятлення адносін мужчыны пакінулі памяшканне вакзала, аднак падазраваны палічыў, што канфлікт не вычарпаны і адправіўся следам за імі, узяўшы з сабой шкляную бутэльку, знойдзеную ў кантэйнеры для смецця. Выявіўшы кампанію каля аднаго з жылых дамоў, мінчанін падчас бойкі нанёс чатыры ўдары шкляной бутэлькай па галаве аднаму з апанентаў.
Вядома, што мужчына працуе дырэктарам у сталічнай фірме, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, разам з тым прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.
Следчыя далі прававую ацэнку і распачалі ў дачыненні да затрыманага крымінальную справу за ўчыненне асабліва злоснага хуліганства.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/guus-mingarvykankama
[2] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[3] https://zviazda.by/be/tags/asabliva-zlosnae-huliganstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-sprava