Сюды мы наведваліся і раней, колькі гадоў таму... Яшчэ да эпохі інтэрнэту і навігатараў. Звярнулі з сябрамі з шашы, убачыўшы знак з гучным для беларускай гісторыі назовам «Кухцічы». Але ішоў дождж, дарога ў лужынах-калюжынах, гістарычных аб'ектаў праз смугу не назіралася — і мы павярнулі назад.
Цяпер зразумела, што шукаць трэба было не Кухцічы, а Першамайскае. Менавіта так сёння называецца мясціна, дзе была сядзіба старажытнага роду Завішаў, казаў казані аўтар першага падручніка на беларускай мове Сымон Будны, куды прыязджалі дзеячы беларускага адраджэння да мецэнаткі Магдалены Радзівіл...
Мы, нягледзячы на наяўнасць навігатараў, і цяпер усё-ткі трошкі паблукалі, і вось бачым першы аб'ект... Музей трактарнай тэхнікі. Адкрыты ў 2020-м да 80-годдзя сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Напэўна, пастараўся Уздзенскі сельскагаспадарчы вытворчы ліцэй, які сёння займае тэрыторыю былой сядзібы. «Жалезныя коні», што дзівілі нашых дзядуль-бабуль, урачыста пастаўленыя на каменныя п'едэсталы, каля кожнага — шыльдачка... Трактары, вядома, дзіўна глядзяцца на фоне старасвецкіх будынкаў з калонамі... Але ўсё дагледжана, а дадатковая цікавінка для прыцягнення турыстаў ніколі не лішняя.
А мы пачынаем наш агляд з самага старажытнага тут будынка... Які пераносіць нас ажно ў XVІ стагоддзе, залатое стагоддзе Вялікага Княства Літоўскага. Калі, згодна з запісам ад 1 верасня 1567 г. «Попісу войска Літоўскага», уладальнікам маёнтка Кухцічы з'яўляўся намеснік князёў Радзівілаў Мацей Кавячынскі, які набыў Кухцічы ў пана Яна Глябовіча.
Род Кавячынскіх знакаміты, хоць незаслужана забыты. Кавячынскія герба «Астоя» згадваюцца ў летапісах яшчэ ў XІV ст. Уладальнік Кухціч і саўладальнік мястэчка Узда Мацей Кавячынскі скончыў Вітэнбергскі ўніверсітэт у Германіі, дзе далучыўся да кальвінізму. Адным з кірункаў пратэстанцкага руху было асветніцтва, забеспячэнне народаў Святым Пісаннем на нацыянальных мовах. У 1561—1562 гг. Кавячынскі разам з Сымонам Будным і шляхціцам Лаўрэнціем Крышкоўскім заснаваў друкарню ў Нясвіжы, карыстаючыся падтрымкай вядомага рэфарматара Мікалая Радзівіла Чорнага. Сярод кніг, выпушчаных там, былі выданні на старабеларускай мове, у тым ліку знакаміты Катэхізіс Сымона Буднага.
Пасля таго як спадкаемец Чорнага, Радзівіл Сіротка, перайшоў у каталіцтва, друкарню пратэстантаў у Нясвіжы закрыў, яе перанеслі — і, магчыма, менавіта сюды, у Кухцічы.
Тут жа, у Кухцічах, Мацей Кавячынскі будуе храм — кальвінісцкі збор... Праўда, ёсць версія, што з'явіўся ён раней, пры Глябовічах, якія таксама сталі пратэстантамі. Але дакладна вядома адно — пры Мацеі Кавячынскім гэты прысадзісты храм так званага абарончага тыпу дзейнічаў, і тут прамаўляў Сымон Будны.
Падыходзім да суровага будынка, узведзенага ў часы Рэнесансу. Магутныя сцены, з-пад тынкоўкі выглядвае чырвоная кроў цэглы. Колішняга купала няма, але хоць бы дах увогуле ёсць, хай сабе руберойдны. Храм мае складаную дванаццацігранную форму — так званы кафалікон, сімвал гармоніі Сусвету.
Паглядзець, што ўнутры, нельга... Усе шчыльна зачынена, вокны пазабіваныя дошкамі. З аднаго боку, нам як вандроўнікам крыўдна — нельга зайсці і ўявіць казань Сымона Буднага. Магчыма, казаў ён тут нешта і пра карыстанне роднай мовай, як у прадмове да Катэхізіса — «Абы вашы княжыцкія міласці не толькі ў чужаземскіх языцэх кахалі, але бы ся теж... і того здавна славного языка славенскага размілаваці і оным ся бавіці рачылі». З другога боку, радасна — спадчына захоўваецца, няхай пакуль у стане кансервацыі, але накрытая дахам, абароненая ад вандалаў, і ёсць шанц, што старажытны храм дачакаецца рэканструкцыі.
Так, гэта дзіва, што храм добра захаваўся... Бо калі ў 1938 годзе тут была арганізавана МТС «Пагранічнік», у будынку абсталявалі падстанцыю, рухавік якой працаваў на мазуце. Тады шмат што змянілі, прыбралі гонтавы дах і пакрыты бляхаю купал, пазбівалі ляпніну...
Зрэшты, Кухціцкаму збору не прывыкаць да перабудоў. Як многія беларускія храмы, ён пераходзіў з канфесіі ў канфесію. У XVІІ стагоддзі пры Крыштафе Кавячынскім, падкаморыі менскім, стаў каталіцкай капліцай... У тым жа стагоддзі храм перабудоўваў італьянскі архітэктар Карла Спампані ў стылі класіцызму. З'явіліся прытвор з вежамі, ляпныя гірлянды, пілястры, над уваходам геральдычны картуш, склеп-пахавальня пад алтарнай часткай.
Але абліча будынка засталося беларускім — суровы вой, які гатовы да выпрабаванняў і доўгай абароны супраць чужынцаў і ўласных няўдзячных дзяцей...
На адной са сцен храма чорная каменная шыльда: «Тут займеў апошняе заспакаенне сын зямлі беларускай князь Мікалай Вацлаў Радзівіл (1880—1914). І зверху надпіс: «Лёгка зямелька табе, княжэ, ў роднай забытай старонцэ».
І гэта нас пераводзіць да іншай часткі гістарычных Кухціч, да сядзібы, якая памятае ўладальнікаў-Завішаў. Бо Мікалай Вацлаў Радзівіл — другі муж апошняй уладальніцы Кухціч, Магдалены з Завішаў.
Да старажытнага роду Завішаў Кухцічы перайшлі ў канцы XVІІ стагоддзя, ад княгіні Барбары Горскай. У XІX стагоддзі застаўся апошні прадстаўнік роду Завішаў — Ян Казімір. З-за ўдзелу ў паўстанні 1931 года быў пазбаўлены права на графскі тытул. Але Ян Казімір выгадна ажаніўся з Марыяй Квілецкай, фрэйлінай імператарскага двара. У іх было тры дачкі. Адна, Альжбэта, «з асаблівасцямі», яе нікому не паказвалі. Старэйшую, Марыю, дужа любілі — прыгажуня, сапраўдная свецкая дама, маці вазіла яе з сабою па балях... Трэцюю дачку, па імені Магдалена, лічылі непрыгожай і няўклюднай. Зусім маладзенькай, не пытаючыся згоды, выдалі замуж за графа Людвіка Красінскага, які быў старэйшы амаль на трыццаць гадоў. Шлюб быў няўдалы, без асаблівай прыязнасці. І Магдалену мы ведаем не як Красінскую, а як Магдалену Радзівіл, паводле яе другога замужжа.
Калі Магдалена першы раз аўдавела, ёй было трыццаць чатыры гады. Можна было пажыць згодна з уласнымі інтарэсамі. Падчас падарожжа ў Англію ў 1904 годзе на параходзе яна сустрэла князя Мікалая Радзівіла, нашмат маладзейшага за сябе. Але гэта была сустрэча аднадумцаў і вялікае каханне. Насуперак меркаванню «свету» Магдалена і Мікалай ажаніліся. Разам падтрымлівалі беларушчыну.
А ў 1914-м Мікалай пайшоў добраахвотнікам на фронт і загінуў.
Ягонае цела адправілі сюды, у Кухцічы. Труну сустракалі на станцыі Негарэлае, данеслі сюды на руках. Адпелі і пахавалі князя тут, у капліцы, былым кальвінісцкім зборы, пра што сведчыць убачаная намі таблічка.
Дарэчы, хутчэй за ўсё, астанкі князя дасюль тут... Калі ў храме абсталёўвалі падстанцыю, труну дасталі, праверылі на наяўнасць каштоўных прадметаў — а рабавалі яе, падобна, і раней, бо сярод мясцовых жыхароў хадзіла легенда, што князя пахавалі разам з залатой шабляй. Нічога каштоўнага не знайшлі, пакінулі астанкі на месцы, а зверху зацэментавалі.
Шыкоўнага палаца Завішаў, дзе калісьці ўчыняліся балі і збіраліся вядомыя асобы, няма... Азіраемся, спрабуючы зразумець, дзе ён мог стаяць. Рэшткі парку, пагоркі, на адным з якіх сёння стаіць альтанка, магчыма, як і калісьці. Напэўна, палац быў непадалёк ад флігеляў — іх засталося, здаецца, два. Падыходзім да аднаго з іх, якому порцік з чатырма калонамі надае больш-менш «панскі» выгляд. У дом таксама не зайсці, што, зноў паўтару, і добра. Зазіраем праз шчыліны ў дошках, якімі забітыя вокны: інтэр'еры прадказальна не захаваліся. А вось у сутарэнні пралезці магчыма... Прычым і ў адным флігелі, і ў другім.
Сутарэнні я люблю... Так што прабіраюся туды, праз завалы цэглы і смецця, асвятляю ліхтарыкам скляпеністыя столі, уяўляю даўнія часы... Калі сюды прыязджалі бліскучыя госці, у тым ліку мінскі губернатар Карнілаў, калі Магдалена Радзівіл, якая насуперак арыстакратычнаму атачэнню прыхінулася да беларушчыны, збірала тут вядомых беларускіх дзеячаў...
Каля ўвахода ў сутарэнні чуваць нечыя галасы. Напэўна, бачаныя намі наверсе такія ж вандроўнікі, купка маладзёнаў, юнакі, дзяўчаты. Чую — абмяркоўваюць, заходзіць ці не заходзіць... Цёмна, страшна... А я тут у цемры медыцірую. Што рабіць? Пачакаць, пакуль сыдуць? Нарада турыстаў зацягваецца, нарэшце чуваць, як пад нечымі падэшвамі хрусціць абваленая тынкоўка... Чакаць надакучыла, асцярожна выходжу з самай цёмнай часткі на больш асветленую...
Дружны віскат сведчыць, што маё з'яўленне заўважанае.
Што ж, няхай распавядаюць пасля, што бачылі прывід Магдалены Радзівіл. Урэшце, турыстычныя аб'екты за кошт легендаў і працвітаюць.
Яшчэ адзін захаваны будынак, стайня, сёння прыстасаваны пад нейкі рамонтны двор: стаяць трактары, машыны, працуюць людзі. Корпус выглядае някепска, чырвоная металачарапіца, пабелка.
Успамінаецца тут, у Кухцічах, і Максім Багдановіч... Менавіта на грошы Магдалены Радзівіл выдадзены легендарны зборнік «Вянок», і герб Завішаў «Лебедзь» упрыгожвае тытульны ліст воляю выдаўцоў. А памятаеце апошні верш Максіма — «Я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты»? Маладога віленскага друкара Марціна Кухту падтрымлівала ўладальніца Кухціч Магдалена Радзівіл, і ў гэтым сугуччы мне бачыцца цэлы ланцужок алюзій, пачынаючы з друкарні Сымона Буднага.
Пасля рэвалюцыі апошняя ўладальніца маёнтка Кухцічы Магдалена Радзівіл змушаная была з'ехаць за мяжу. Потым савецкія ўлады адмаўлялі ёй у просьбах вярнуцца на Беларусь, бо яна ж падтрымлівала «нацдэмаў». У Польшчы ж яе не прымалі за адданасць беларускай справе і тое, што лічыла сябе беларускай, аднойчы нават моцна збілі. Памерла Магдалена 6 снежня 1945 года ў манастыры дамініканак у Швейцарыі.
Але хоць бы пасля смерці фундатарка беларускага руху вярнулася на радзіму. У ліпені 2017 г. яе прах быў часова размешчаны тут, у старажытным храме Кухціч, дзе астанкі ейнага ўлюбёнага мужа. Потым перапахаваны ў касцёле св. Роха ў Мінску.
Мы ад'язджаем з Кухціч у спадзяванні, што калі-небудзь вернемся і зойдзем у адноўлены старажытны храм, а ў адным з будынкаў былой сядзібы размесціцца музей Магдалены Радзівіл... А чаму б не памарыць? Магдалена ж тое ўмела.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/pershamayskae
[4] https://zviazda.by/be/tags/kuhcichy
[5] https://zviazda.by/be/tags/symon-budny
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzey-traktarnay-tehniki
[7] https://zviazda.by/be/tags/hram
[8] https://zviazda.by/be/tags/palac