На разгляд у суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да 38-гадовага мінчаніна, якога абвінавачваюць у незаконным абароце наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, распавялі [1] ў пракуратуры Партызанскага раёна.
Супрацоўнікі наркакантролю затрымалі беспрацоўнага мужчыну, які выходзіў з лесу. Нічога забароненага пры ім не было, аднак у яго мабільным тэлефоне меліся фотаздымак і геаграфічныя каардынаты меркаванага месца закладкі мефедрона. Па ім міліцыянеры хутка знайшлі асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва масай не менш 1,97 г.
Затрыманы растлумачыў, што паехаў за закладкай па просьбе таварыша-айцішніка, якому павінен прыстойную суму грошай. Прычым, гэта было не ўпершыню. За кожную аказаную паслугу той спісваў яму частку доўгу.
— Следствам устаноўлена, што прыяцель затрыманага сапраўды набыў у ценявой інтэрнэт-краме мефедрон. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі ён здзейсніў незаконныя з мэтай збыту набыццё і захоўванне асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры групай асоб, гэта значыць злачынства, прадугледжанае ч. 3 арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь, — распавёў намеснік пракурора Партызанскага раёна Максім Смаленскі.
Пасля падчас ператрусу па месцы жыхарства таго самага айцішніка аператыўнікі знайшлі не менш 14,95 г мефедрону, каля 18 г гашышу і не менш 0,39 г алею канабіс. Гаспадар кватэры настойваў на тым, што выяўленыя наркотыкі і псіхатропы набыў выключна для сябе. Дарэчы, у момант затрымання ён быў нападпітку і знаходзіўся ў стане, выкліканым спажываннем дурману.
— Сваімі наўмыснымі дзеяннямі грамадзянін здзейсніў незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозку наркатычных сродкаў і асабліва небяспечных псіхатропаў у буйным памеры групай асоб, быўшы асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае арт. 328 КК, — працягвае М. Смаленскі. — Ягоныя дзеянні кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 328 КК, санкцыя якой прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў са штрафам або без яго.
Аб наяўнасці намеру на збыт дурману паказвае значны аб’ём канфіскаванага ў кватэры абвінавачанага асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва: 14,95 г мефедрону адпавядае прыблізна 60 разавым дозам.
Дарэчы, мужчына сапраўды працаваў кіраўніком аднаго з аддзелаў у IT-кампаніі, раней не судзімы. Падчас папярэдняга расследавання ад дачы паказанняў ён адмовіўся, да вынясення прысуду будзе знаходзіцца пад вартай у следчым ізалятары.
Прэв'ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://web.telegram.org/k/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-sprava
[3] https://zviazda.by/be/tags/narkotyki
[4] https://zviazda.by/be/tags/prakuratura-partyzanskaga-rayona