Шмат каму з нас знаёмая праблема: назапасіліся дыхтоўныя, але ўжо не патрэбныя рэчы. Ёсць некалькі варыянтаў, як імі распарадзіцца. У нашым аглядзе не толькі адрасы, па якіх прымаюць такія рэчы, але і рэкамендацыі, як гэта лепш зрабіць, а таксама некаторыя разважанні аб матывах паводзін тых, хто аддае і хто атрымлівае.
У канцы сезона мая прыяцелька пераглядае гардэроб усёй сям'і і вырашае: што пакінуць, а што ўжо добра б абнавіць. Мінулай восенню жанчына вырашыла адмовіцца ад паліто, якому пяць гадоў, але апранала яна яго вельмі рэдка. Знайшліся цалкам дыхтоўныя, састарэлыя рэчы або якія надакучылі, і ў гардэробе ў мужа. Прадаваць ці неяк інакш іх уладкаваць проста няма часу. Таму непатрэбнае акуратна складаецца ў вялікія чыстыя пакеты і выносіцца да кантэйнернай пляцоўкі. Усё гэтае дабро хутка разбіраецца. «Няхай носяць на здароўе, — кажа Лена. — У нас шафы не перагружаныя, я веру ў тое, што захоўванне старых рэчаў неспрыяльна ўплывае на псіхалагічны стан».
А вось яе суседка лічыць інакш: «Трасе ад думкі, што маю куртку надзене нейкі бомж і «забярэ» мой дабрабыт». Таму яна рве, рэжа яе і ў такім выглядзе выкідвае.
Здавалася б, непатрэбныя рэчы. Але як шмат стаўленне да іх расказвае пра чалавека: адзін расстаецца, каб спатрэбіліся іншым, другі знішчае, каб ніхто не змог скарыстацца.
Узнікаюць псіхалагічныя праблемы і тады, калі мы аддаём непатрэбныя рэчы знаёмым. «Дзяўчынка суседкі практычна вырасла ў адзенні маёй дачкі. Розніца ва ўзросце ў дзяцей восем месяцаў, — дзеліцца мінчанка Ірына. —— Праблемы пачаліся, калі дзяўчаты былі ў падлеткавым узросце. Дачка суседкі пыталася ў маёй адкрытым тэкстам: калі твая мама аддасць мне тваю куртку (джынсы, заплечнік)? Мая Маша была ў шоку, ды і я таксама. Тут і суседка пачала «пілаваць»: у вас ёсць грошы, вы можаце купіць новае, а маёй у чым хадзіць? Мяне яна абвінаваціла ў наяўнасці мужа, футра і добрай працы. А суседка ў разводзе, аліменты мізер, сама мала зарабляе, таму ўпэўнена, што ёй усё павінны. Паміж намі была цяжкая размова, пасля якой суседка перастала вітацца. Яе дачка спрабавала арганізаваць ганенне маёй дачкі ў школе. На шчасце, аднакласнікі не падтрымалі».
Мая сяброўка Вольга разам з дзецьмі аказалася распарадчыкам маёмасці памерлай свякрухі. Неяк Вольгу падпільнавала суседка памерлай жанчыны і спытала, ці можа яна аддаць ёй пару рэчаў. Дэмісезоннае паліто пасля хімчысткі свякруха так і не паспела надзець, а чаравікі былі практычна новыя, з напалову сцёртымі фабрычнымі набойкамі. Оля вынесла жанчыне паліто, у кішэні якога ляжалі адпоратыя гузікі, і ідэальна вычышчаныя чаравікі ў скрынцы. Замест падзякі суседка расказала ўсяму кварталу, што ў Вольгі няма сумлення і павагі да пажылых людзей: гузікі ў паліто не прышыла і набойкі новыя не зрабіла. Праўда, падтрымкі яна не знайшла. Цяпер вось і на пажылых дам пакрыўджана. Яны ёй сказалі, маўляў, у дармавое паліто можна і самой прышыць гузікі, а ўжо калі эканоміш на чаравіках, дык знайдзі грошы на набойкі.
Мараль гэтых гісторый такая: Ірына і Вольга на сваім вопыце пераканаліся, што ў атрымальнікаў «халявы» моцна псуецца характар. Цяпер добрыя рэчы, якія ім непатрэбны, аддаюць праз пасрэдніка — дабрачынныя арганізацыі. Жанчыны мяркуюць, што такім чынам рэчы трапяць менавіта да тых, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, а не проста да нахабных аматараў дармаўшчыны.
На запыт у інтэрнэце «куды аддаць непатрэбныя рэчы» адказаў вельмі шмат. Кожны можа выбраць прыдатны варыянт. Хтосьці давярае Чырвонаму Крыжу, іншы хоча дапамагчы Асацыяцыі шматдзетных бацькоў. Цяпер шмат і грамадскіх арганізацый, валанцёраў, якія займаюцца зборам і размеркаваннем гуманітарнай дапамогі.
З некаторымі мы паразмаўлялі і даведаліся нямала цікавага. Напрыклад, Беларускі фонд міласэрнасці і здароўя прымае выключна сезонныя рэчы. Знаходзіцца ён у Мінску на вуліцы К. Маркса, 39. Папярэдне просяць тэлефанаваць на нумар +375 17 327 28 80.
У Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (тэл. +375 17 320 03 88; 316 73 90) расказалі, што ім патрэбна адзенне, абутак для людзей ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 40 гадоў. Так атрымліваецца, што больш за ўсё рэчаў прыносяць мінчане, а тыя, хто мае патрэбу, ёсць ва ўсіх рэгіёнах. Па іх заяўках камплектуюцца пасылкі і адпраўляюцца адрасатам.
Міжнародная грамадская арганізацыя «SOS-Дзіцячыя вёскі» будзе ўдзячная за цацкі, спартыўны інвентар, фарбы, пластылін, альбомы, кнігі, пасцельную бялізну, сродкі па доглядзе дзяцей. А вось дзіцячае адзенне тут прымаюць, толькі калі ёсць заяўка. Звязацца з прадстаўнікамі арганізацыі можна па тэлефоне ў Мінску +375 17 375-82-70, у Бараўлянах +375 17 511-32-01, у Мар'інай Горцы +375 1713 3-48-92 і ў Магілёве +375 222 79-49-44.
Пры храме іконы Божай Маці «Усецарыца» (Мінск, вул. Чыгуначная, 23 Г) прымаюць не толькі адзенне, абутак, але і кнігі, пасцельную бялізну, посуд, дробную бытавую тэхніку. «Нашы падапечныяі — бяздомныя, інваліды, адзінокія пажылыя людзі, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — патлумачыла валанцёр Наталля Блышчык. — Мы таксама апякуем хоспісы, таму запатрабавана пасцельная бялізна, сродкі гігіены і догляду». На тэрыторыі храма ёсць палатка, у якой тыя, хто мае патрэбу, могуць атрымаць неабходныя рэчы. Абавязкова папярэдне патэлефануйце па нумары +375 44 557-02-59 і дамоўцеся аб даце і часе візіту ў храм.
Таксама не абмяжоўваюцца прыёмам толькі адзення і абутку ў дабрачыннай арганізацыі «АДРА Беларусь». Тут запатрабаваны дзіцячыя цацкі, бытавая тэхніка, мэбля, будаўнічыя і аддзелачныя матэрыялы. Усё, акрамя мэблі ды іншых буйных рэчаў, можна прывезці ў офіс арганізацыі на вуліцу Акрэсціна, 56 у Мінску. Аб непатрэбнай мэблі і бытавой тэхніцы паведамляюць на вайбер +375 29 692-84-04, сюды ж адпраўляюць заяўкі тыя, хто мае патрэбу. Непасрэдна дабрачынец і атрымальнік дамаўляюцца аб спосабах вывазу буйных рэчаў. Будаўнічыя і аддзелачныя матэрыялы, дакладней, часцей за ўсё іх рэшткі, прымаюць тут для праекта «Камфортная старасць». А ўжо валанцёры выкарыстоўваюць іх, калі робяць касметычны рамонт у кватэрах адзінокіх пажылых людзей.
Праект «Падзяліся ежай» гэтая дабрачынная арганізацыя ажыццяўляе з адной з гандлёвых сетак. Валанцёры фарміруюць наборы з прадуктаў, якія доўга захоўваюцца, што ахвяравалі пакупнікі. Затым раздаюць іх людзям, якія жывуць у нястачы.
Атрымаць дапамогу ад «АДРА Беларусь» можна раз на тыдзень па мінскім адрасе: вуліца Люцыянская, 17 (аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна). Валанцёры нагадваюць, што ў такім выпадку трэба пацвердзіць сваё цяжкае становішча: прад'явіць пасведчанне пенсіянера ці інваліда, даведку аб вызваленні з месцаў пазбаўлення волі. «АДРА Беларусь» праводзіць дабрачынныя кірмашы па ўсёй краіне. Падрабязнасці аб тым, як аказаць або атрымаць дапамогу гэтай дабрачыннай арганізацыі, можна даведацца па тэлефоне +375 29 692-84-04.
Для тых мінчан, у якіх няма часу на візіты ў дамоўлены час, Чырвоны Крыж арганізаваў збор адзення, абутку, пасцельнай бялізны, коўдраў, сумак, рукзакоў, цацак у спецыяльныя кантэйнеры. Яны стаяць на запраўках А-100, размешчаных па вул. Казіміраўская, 39 (МКАД); вул. Акадэмічная, 34; вул. Баравая, 7.
У Магілёве такі кантэйнер ёсць па адрасе Мінская шаша, 31, ГЦ «Парк Сіці». У Гомелі кантэйнеры знаходзяцца па чатырох адрасах: вул. Матросава, д. 6; вул. Свірыдава, д. 1, к. 2; вул. Тэльмана, 39 і вул. Станцыйная, 1. Ва ўсіх гарадах Гомельскай вобласці, акрамя Нароўлі, устаноўлены такія кантэйнеры. У Брэсцкай вобласці ўжо сем кантэйнераў:
У буднія дні з 7.00, у суботу і нядзелю з 8.00 і да 21.00 можна пакінуць складзеныя ў пакеты рэчы ў мінскім Чырвоным касцёле (вул. Савецкая, 15). Тут ёсць спецыяльныя скрыні каля бакавога ўвахода ў храм.
Прымаюць адзенне і абутак для тых, хто мае патрэбу, у Свята-Елісавецінскім манастыры (Мінск, вул. Выгоцкага, 6, +375 29 121-25-41 — дзяжурная сястра). Сюды лепш прыязджаць днём, каб прагуляцца па тэрыторыі, наведаць крамы, дзе прадаюцца прадукты з манастырскага падворка, смачная выпечка, вырабы з майстэрань.
Адрасы кантэйнераў у Брэсце і Брэсцкай вобласці:
Старыя коўдры, пледы і ручнікі можна аддаць у любыя арганізацыі, якія аказваюць дапамогу кінутым катам і сабакам.
Ахвотным аддаць і атрымаць бясплатна рэчы — інтэрнэт у дапамогу. Ёсць шмат сайтаў і супольнасцяў у сацсетках. Вось некаторыя з іх: «Забірай Дарам. BY»; otdam.by; by.yaotdam.ru; darby.by; baraholka.onlіner.by; leboard.ru.
На жаль, кожны валанцёр можа распавесці гісторыю пра тое, што «прыйшоў чалавек, які вельмі ганарыўся сабой (дапамагае гаротнікам), прыносіў мяшок рэчаў, а калі яго распакавалі, то там былі дзіравыя шкарпэткі ці зацыраваныя жакеткі». Былі і такія выпадкі, калі «дарыцель» прасіў, маўляў, прыязджайце, забярыце шмат рэчаў. Аказвалася, што такім чынам спадкаемцы пазбаўляліся ад непатрэбнага ім хламу — менавіта ў такім стане было адзенне іх памерлых сваякоў.
Таму, перш чым аддаваць рэч на дабрачыннасць, шчыра адкажыце: вы самі такое надзенеце? Усе валанцёры прасілі нагадаць: рэчы павінны быць у нармальным стане, гэта значыць, без дзірак, цыроўкі, чыстыя, са спраўнымі маланкамі. Заўсёды аддаецца перавага сезонным рэчам. У Свята-Елісавецінскім манастыры больш за ўсё рады мужчынскаму адзенню і абутку, такі ж асартымент найбольш запатрабаваны ў дамах начнога знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства.
Патэлефануйце ў папярэдне абраную арганізацыю і ўдакладніце ўсе нюансы.
Думайце аб тых, каму прызначана дапамога: што парадуе пажылога чалавека, тое не падыдзе маладому інваліду.
Хто яшчэ прымае і раздае рэчы:
І гэта далёка не поўны пералік.
Маргарыта ДРАЗДОВА
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-drazdova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/dabrachynnasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/adzenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/ezha