Героя Беларусі няма сярод нас ужо больш як дзесяць гадоў, але яго імя па-ранейшаму на слыху. Беларускаму мастаку № 1 стагоддзя, як яшчэ пры жыцці называлі Міхаіла Андрэевіча, прысвячаюць мастацкія творы і публікацыі, яго карціны ўпрыгожваюць музейныя экспазіцыі, ладзяцца персанальныя выстаўкі мастака. З цеплынёй генія свайго часу ўспамінаюць сябры і калегі, тыя, каму хоць раз пашчасціла пабачыць Майстра або паразмаўляць з ім.
Гэта быў чалавек з унікальным бачаннем свету. Яго стыль пісьма непадобны ні на які іншы. Кожны мастацкі твор — глыба, філасофія, душа аўтара. Менавіта толькі па яе кліканні ён і пісаў.
Найбольш вядомыя і, напэўна, самыя кранальныя карціны Міхаіла Савіцкага — з серыі «Лічбы на сэрцы». Гэтыя 16 твораў — асаблівы этап у творчасці мастака. За тэму ўсяго жыцця, як ён сам яе называў, Міхаіл Савіцкі ўзяўся дастаткова позна: на той час ён быў ужо прызнаным майстрам. Працаваць над знакамітай серыяй пачаў у 1974 годзе. За пяць гадоў з-пад яго пэндзля выйшла 13 работ. Яшчэ тры з'явіліся ў 1987 годзе.
Карціны, якія раскрываюць жудаснае аблічча фашызму і адначасова сцвярджаюць бессмяротнасць няскоранага чалавека, напісаны майстрам не на аснове дакументальных крыніц і аповедаў удзельнікаў тых падзей. Увесь жах вайны і бесчалавечнасць акупантаў Міхаіл Савіцкі зведаў на сабе. «Я не мог не напісаць гэтую серыю, — расказваў Міхаіл Андрэевіч. — Па-першае, дзеля моладзі, якая нарадзілася пасля вайны. Жывапіс, на мой погляд, можа раскрыць найглыбейшы трагізм вайны, уздзейнічаючы на чалавека выключна праз сэрца, эмоцыі і душэўнае сузіранне. Вядома, вярнуцца, хоць бы ў думках, у той жудасны час было вельмі няпроста. Яшчэ раз перажыць мінулае, добраахвотна вярнуцца туды, у самае дно пекла. Здароўе, надламанае вайной, таксама супраціўлялася. Часам так мучыла язва, што рука не магла трымаць пэндзаль...»
— Сёння ў нашым музеі, цэнтры патрыятычнага выхавання, прапаноўваю паглядзець на Савіцкага як на патрыёта сваёй краіны, чалавека, які прысвяціў жыццё любові да Радзімы, — адзначыў падчас адкрыцця выстаўкі дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў. — Хацелася б, каб гэтую выставу наведала як мага больш людзей. Мы раскажам аб кожнай карціне, аб кожным штрыху творчасці. Гэта фігура, безумоўна, гераічная. Чалавек з адкрытым сэрцам і складаным лёсам.
Сапраўды, такога лёсу, як у Міхаіла Савіцкага, не пажадаеш нават самаму горшаму ворагу. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён, ураджэнец вёскі Звенячы Талачынскага раёна, што на Віцебшчыне, служыў у Чырвонай Арміі. У радах легендарных абаронцаў Севастопаля змагаўся з ворагам да ліпеня 1942 года. Затым трапіў у палон. Прайшоў усе колы пекла ў канцлагерах Дзюсельдорфа, Бухенвальда і Дахау. Здавалася, выжыць пасля такіх пакут было немагчыма. За няўдалыя спробы ўцёкаў яго неаднойчы хацелі расстраляць. Жыццё дало Савіцкаму другі шанц. І не адзін! Напэўна, для таго, каб як мага больш людзей даведалася аб злачынствах, якія ўчынілі фашысты.
— Міхаіл Савіцкі — тая фігура, якая стварыла характэрную рысу ў беларускім мастацтве, — заўважыў намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга. — Яго карцінам уласціва вялікая вобразнасць, сімвалізм. Творам ужо больш за 40 гадоў, але яны не перастаюць уздзейнічаць на нас. Гэта вялікія творы: па сэнсе, па жывапісных якасцях.
Па словах кіраўніка прадстаўніцтва Россупрацоўніцтва ў Беларусі Эдуарда Крустаклна, карціны Савіцкага сучасныя дагэтуль. «Сёння і Беларусь, і Расія займаюцца пошукамі месцаў забітых, закатаваных фашыстамі людзей, — удакладніў ён. — Пракуратуры нашых краін шукаюць злачынцаў, у якіх, як ні дзіўна, ёсць імя, прозвішча і нават нацыя-
нальнасць».
Амерыканскія салдаты, якія вызвалялі Дахау ў красавіку 1945 года, знайшлі Міхаіла Савіцкага без прытомнасці. Пасля лячэння і шматлікіх праверак органамі НКУС ён даслужваў мастаком-афарміцелем у 6-й гвардзейскай зенітна-артылерыйскай дывізіі. Гэта было выключна яго жаданне: па здароўі ён ужо быў непрыдатны для службы. Дэмабілізаваўшыся ў 1946 годзе, вярнуўся на радзіму. Потым была вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы, Маскоўскім мастацкім інстытуце імя Сурыкава. Амаль усё сваё жыццё Міхаіл Андрэевіч пражыў у Мінску. Тут і пайшоў з жыцця.
Вераніка КАНЮТА
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-savicki
[5] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-muzey-gistoryi-vyalikay-aychynnay-vayny