Нават пасля Пастановы ЦК ВКП(б) ад 23 красавіка 1932 года «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый», паводле якой усе пісьменнікі, «што падтрымліваюць платформу савецкай улады і імкнуцца ўдзельнічаць у сацыялістычным будаўніцтве» былі аб’яднаны ў адзіны саюз, пасля ўважлівага рэтраспектыўнага аналізу аказваецца куды больш размаітым, чым прынята лічыць.
Газета «Звязда» 6 кастрычніка 1930 года апублікавала «Дэкларацыю аргбюро Беларускага літаратурнага аб’яднання Чырвонай арміі і Флоту», падпісаную А. Александровічам, Л. Бэндэ, Х. Дунцом, Я. Ліманоўскім, М. Лыньковым, М. Чаротам і інш.
Сярод задач новага творчага згуртавання, якое займела абрэвіятуру БелЛАЧАФ (або Беллачаф), было выяўленне і выхаванне новых чырвонаармейскіх пісьменнікаў, стварэнне літаратурных гурткоў, арганізацыя трывалай сувязі цывільных аўтараў з арміяй і флотам; «Беллачаф будзе забяспечваць сваёй мастацкай прадукцыяй літаратурную старонку „Чырвонаармейскай праўды“ і „На варце“, вайсковыя аддзелы мясцовых газет, а таксама клапаціцца аб выданні зборнікаўальманахаў, прысвечаных умацаванню абароназдольнасці краіны».
Паказчыкамі існавання любога творчага аб’яднання з’яўляюцца шэраг фактараў: наяўнасць творчай праграмы, кола аднадумцаў, выдавецкай пляцоўкі і інш. У выпадку з БелЛАЧАФ, у дадатак да пералічанага, мы маем справу з беспрэцэдэнтнай арганізацыйнай увагай, узмоцненай выканальніцкай вайсковай дысцыплінай.
У БССР перыяду 1920–1930-х гадоў выходзіла і распаўсюджвалася шмат літаратуры на беларускай мове, звязанай з баявой і палітычнай падрыхтоўкай у Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі (РСЧА; рус. РККА), дакладней — у Беларускай вайсковай акрузе. У шэраг кніжных выданняў уваходзілі творы мастацкай літаратуры: «Праўда чырвонаармейская. Апавяданні выбраны і зрэдагаваны палітычным аддзелам 2-й Беларускай стралковай дывізіі» (Масква, 1926), «Чырвонаармейская чытанка» (Мінск, 1928) і інш.
На жаль, узнаўленню ўсёй карціны перашкаджаюць існуючыя фактаграфічныя лакуны — адсутнасць у беларускіх кніжніцах усіх армейскіх выданняў азначанага перыяду, у тым ліку і поўных камплектаў перыядычнага друку.
Аўтарам гэтых радкоў была ўважліва прагледжана падшыўка штодзённай газеты «Чырвонаармейская праўда» (Смаленск) за першую палову 1931 года, якая захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і наглядна пацвярджае ажыццёўленасць асноўных палажэнняў агучанай «Дэкларацыі...»
Пачэснымі гасцямі перыядычнага выдання былі Я. Колас, Я. Купала, М. Чарот і інш. З паэзіяй і прозай выступалі творцы, каля прозвішчаў якіх стаялі нумары вайсковых падраздзяленняў, а таксама абрэвіятуры БелЛАЧАФ і АБВШ — Аб’яднаная беларуская ваенная школа: М. Макаеў, Васіль Туманаў, С. Шылай, С. Богуш, Н. Курышкін, Пятро Мінін і інш.
Асноўнымі тэмамі пісьменнікаў-пачаткоўцаў былі ідэалагічная пільнасць, розныя аспекты армейскай службы і планы на будучае цывільнае жыццё, дзе можна будзе прымяніць атрыманыя ў войску навыкі, тэхнічныя веды. Творы змяшчаліся паасобку і ў спецыяльных падборках — «На літаратурных гонях», «Літаратурная старонка».
У якасці прыкладу найбольш удалых опусаў варта прывесці строфы з верша Міхася Дукраўца (190 полк) — «Усходняй і Заходняй», апублікаванага 17 чэрвеня 1931 года. Відавочна, што аўтар у значнай ступені наследуе архітэктоніку і вобразна-выяўленчы лад паэмы Паўлюка Труса «Дзясяты падмурак» («Падаюць сняжынкi — // дыяменты-росы, // Падаюць бялюткi // за маiм акном...»). Асноўныя акцэнты пабудаваны на кантрасце цяперашняга і мінулага, рознага ладу жыцця на беларускіх землях па розныя бакі дзяржаўнай граніцы, а таксама маштабным будаўніцтве, тэхнічным прагрэсе ў БССР:
Што было ўчора,
Не вярнуць ніколі.
Новую гамонку
Шэпча сёння лес.
Залатых калоссяў
Перазвон у полі.
Як гармонік грае
Сёння МТС.
Лес, пясок, балота —
Як акінуць вокам.
Панавалі ў краі
Цемра, здзек ды бруд.
Зараз край маячыць
Пераможным крокам,
Кілаваты гоніць
Волат «Асінбуд».
Ад 17 лютага на старонках перыядычнага выдання публікуюцца «Гутаркі з пачынаючымі пісьменнікамі на літаратурныя тэмы» В. Ажгірэя (АБВШ). Вылучаюцца наступныя тэматычныя блокі: «Розніца паміж мовай паэтычнай і празаічнай», «Чым жа дасягаецца маляўнічасць мовы?», «Параўнанні, эпітэты, метафары», «За ўдарныя тэмпы», «Некалькі слоў аб лірыцы» і інш.
Акрамя цыкла артыкулаў-гутарак, В. Ажгірэй аператыўна размяшчаў на старонках выдання шэраг рэцэнзій на нядаўнія творы чырвонаармейцаў. Так, апавяданне С. Богуша «Трактарысты» апублікавана 9 лютага, а водгук на яго — 8 красавіка. Урывак з паэмы М. Макаева «Ганс» і верш Васіля Туманава «Адпускнік» пабачылі свет і былі дэталёва разгледжаны, адпаведна — 8 красавіка і 1 мая 1931 года.
Газета інфармавала аб росце шэрагаў новага творчага згуртавання:
«Пры Менскім доме Чырвонай арміі створана гарнізоннае чырвонаармейскае літаратурнае аб’яднанне ЛАЧАФ.
Аб’яднанне наладзіла сувязь з БелЛАЧАФам. У склад яго ўвайшло каля 25 асоб начальніцкага складу і чырвонаармейцаў.
БелЛАЧАФ для работы сярод чырвонаармейскага гуртка выдзеліў кансультацыйную групу, у якую ўвайшлі т.т. Міхась Чарот, Андрэй Александровіч, П. Галавач і некаторыя другія. Гэта група будзе даваць рэгулярную кансультацыю пачынаючым пісаць вайскоўцам.
Дом Чырвонай арміі выдзеліў спецыяльны пакой для работы гуртка і падбірае належную літаратуру...» (Вількобрыйскі «Растуць шэрагі ЛАЧАФ»; «ЧП», 2 лютага 1931 г.)
У артыкуле «Даць новае папаўненне Беллачафу» («ЧП»; 2 сакавіка 1931 г.) пададзена інфармацыя аб правядзенні ў Беларускай вайсковай акрузе агляду мастацкай работы: «Літаратурныя гурткі ў ім павінны прыняць самы шчыры ўдзел. <...> Сярод беларускіх часцей мы маем пакуль што некалькі гурткоў (АБВШ, Менскі Дом Чырвонай арміі, 16 сапёрны батальён). Вось гэтыя гурткі павінны ў часе агляду перш за ўсё паказаць сваю работу, абмяняцца вопытам сваёй працы». «Чарвонаармейская праўда» ў выпуску ад 3 красавіка паведамляла аб пачатку працы ў Доме Чырвонай арміі (Смаленск) першай канферэнцыі ЛАЧАФ Заходняй вобласці, на якой «прысутнічаюць байцы і камандзіры — члены літаратурных гурткоў часцей Заходняй вобласці, прадстаўнікі Беллачафу і пралетарскія пісьменнікі Заходняй вобласці і Беларусі».
У 1931 годзе армейскае літаратурнае аб’яднанне займела сваё рэпрэзентатыўнае выданне (пакуль што адзінае з намі выяўленых) — «БелЛАЧАФ» (Мінск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва). Як сказана ў сціслай анатацыі: «Большасць твораў, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, з’яўляюцца першымі работамі маладых пісьменнікаў». Знаёмства са зместам кнігі пераконвае, што рэй тут вялі ўжо вядомыя аўтары (кожны з адным творам): М. Чарот, Пятрусь Броўка, Іл. Барашка, С. Шушкевіч, Анатоль Вольны, С. Ліхадзіеўскі, Платон Галавач, Янка Бобрык, В. Сташэўскі.
А вось рэшту склалі беллачафаўскія гадаванцы: П. Буйвалінскі з апавяданнем «Дэлегат»; А. Шчарбакоў адразу з трыма творамі — вершам «Пра шаблю», апавяданнем «Пляма» і эскізам «Сёння»; С. Богуш з апавяданнем «Наказ выканаў!» Адзін аўтар прадставіў свае празаічныя і паэтычныя іпастасі пад рознымі варыянтамі імені: Іван Гуцаў (апавяданне «Навакол штандараў») і Янка Гуцаў (верш «Шынель»).
Штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» 21 красавіка 1932 года засведчыў нараджэнне яшчэ адной ініцыятывы — «Першай літаратурнай канферэнцыі пагранахраны і войск АДПУ БССР». У мерапрыемстве, якое прайшло 15–17 красавіка, бралі ўдзел 54 дэлегаты — прадстаўнікі літаратурных гурткоў памежнай аховы і войск АДПУ, пісьменнікі. У склад прэзідыума, сярод іншых, абраны Александровіч, Галавач, Броўка, а таксама народныя паэты рэспублікі Янка Купала і Якуб Колас. Ад імя БелАПП канферэнцыю вітаў Міхась Лынькоў. Паводле вынікаў пасяджэнняў, аформлена пагранічная секцыя БелЛАЧАФ, на ўсебеларускую канферэнцыю ЛАЧАФ вылучана 17 дэлегатаў. Удзельнікі форуму выказаліся за выданне літаратурна-мастацкага пагранічнага часопіса.
«ЛіМ» ад 15 і 25 мая 1932 года апублікаваў некаторыя з дакладаў, прадстаўленых на першай літаратурнай канферэнцыі пагранаховы і войск АДПУ БССР, — «Заходнееўрапейская літаратура рыхтуецца да вайны» (Е. Гальперына), а таксама тэксты Л. Бэндэ, І. Шапавалава…
Выяўленая фактаграфія літаратурнага жыцця ў РСЧА пачатку 1930-х гадоў дазваляе весці гутарку пра адметную і недаследаваную з’яву ў гісторыі культуры Беларусі. Кантэкстуальныя падыходы прадугледжваюць параўнальны разгляд БелЛАЧАФа з арганізацыйнавыдавецкім, творчым вопытам іншых аб’яднанняў, найперш «Маладняком» і БелАППам. Вынікі павінны даць цікавы плён.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук
Ілюстрацыі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-trus
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/bssr