І пачатак красавіка ў Беларусі часам паказвае, што другі месяц вясны бывае капрызны. Учора мы прачнуліся, а на дварэ снег. Ды і холадна неяк, таму што тэмпература паветра ўначы дасягае часам 10 марозу, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
А ў першы дзень красавіка ўмовы надвор’я ў Беларусі будуць вызначаць маларухомыя атмасферныя франты. Таму ў пятніцу воблачна з праясненнямі. Уначы па паўднёвай палове, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць сур’ёзныя ападкі. Будзе назірацца снег, мокры снег і дождж, удзень па Брэсцкай вобласці месцамі чакаецца моцны мокры снег. Раніцай месцамі слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні парывісты, удзень месцамі моцны парывісты. Максімальная тэмпература паветра складзе ад плюс 1 градуса да 7 цяпла. Атмасферны ціск будзе слаба падаць.
У суботу захаваецца ўплыў франтальных раздзелаў, якія звязаны з паўднёвым цыклонам і перамяшчаюцца да нас праз Украіну. Чакаецца воблачна, па паўночным захадзе краіны з праясненнямі. На большай частцы краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па паўднёвым усходзе з дажджом. Месцамі чакаецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні парывісты, удзень месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 5 градусаў па паўночным захадзе да 3 цяпла па паўднёвым усходзе краіны. Удзень будзе ні тое ні сёе — ад нуля да плюс 6 градусаў.
Самы халодны дзень (дакладней ноч) красавіка наступіць у нядзелю. 3 красавіка тэрыторыя краіны будзе знаходзіцца ў полі паніжанага атмасфернага ціску, сфарміраванай у халоднай паветранай масе. У гэты дзень па паўднёвым усходзе краіны захаваецца ўплыў франтальнага падзелу. Будзе воблачна з праясненнямі. Уначы пераважна па паўднёва-ўсходняй палове краіны, а ўдзень па Гомельскай вобласці пройдзе кароткачасовы снег і мокры снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, паўночны ўмераны, уначы парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 1 градуса да мінус 6 градусаў, пры праясненнях да 9 марозу. Удзень красавіцкае сонца разагрэе паветра ад нуля да 7 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/krasavik-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[5] https://zviazda.by/be/tags/sneg