У многіх знакамітых людзей, якія праславаліся ў Расіі, а асобныя з іх вядомы і ва ўсім свеце, — беларускія карані. У шэрагу іх — аўтар неўміручай камедыі ў вершах «Гора ад розуму» Аляксандр Грыбаедаў. Да ўсяго ён быў музыкантам, кампазітарам, гісторыкам, паўнамоцным паслом Расіі ў Персіі, цяперашнім Іране.
Аднак доўгі час меркавалася, што род Грыбаедавых «паходзіць з Польшчы, ад прозвішча Грыбоўскіх, якія перасяліліся ў Расію, здаецца, у пачатку царавання роду Раманавых». Прынамсі, так пісаў у 1856 годзе часопіс «Москвитянин». Сцвярджалася, што аднаго з продкаў Аляксандра Грыбаедава выклікалі ў Маскву як чалавека дасведчанага ў правазнаўстве. Ён меў адносіны да Улажэння цара Аляксея Міхайлавіча.
Але ж гэтае Улажэнне ў нечым нагадвала Статут Вялікага Княства Літоўскага. Ён жа, калі прытрымлівацца цяперашніх рэалій, дзейнічаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з якой, верагодней за ўсё, і паходзіў той, хто вопыт Сапегі павінен быў перадаць суседзям. А гэта ўжо больш канкрэтныя звесткі. У камісію па складанні Зводу законаў Маскоўскай дзяржавы ўваходзіў дзяк Фёдар Грыбаедаў. Ён быў ці карэнным масквічом, ці прыехаў яшчэ зусім юным. У архіўных матэрыялах згадваецца яго бацька Ян Гржыбоўскі. Як быццам атрымліваецца нестыкоўка. У сапраўднасці пасяліўся ў Маскве ў першай чвэрці ХVІІ стагоддзя, перапісаў сваё прозвішча на рускі манер.
Вядомы і Іван Фёдаравіч Грыбаедаў. Хутчэй за ўсё, сын Фёдара, які быў стольнікам і палкоўнікам маскоўскіх стральцоў пры царэўне Соф’і. Валодаў маёнткамі ў Разанскім і Вяземскім паветах. У бацькоў жа Аляксандра Грыбаедава былі ўладанні ва Уладзімірскай губерні. Дарэчы, рэдкі выпадак. У яго маці ад нараджэння прозвішча было Грыбаедава. Але яны належалі да розных галін гэтага роду.
Аляксандр Грыбаедаў — не толькі беларус па паходжанні. Беларусь зрабіла яго і пісьменнікам. Дакладней — Брэст. У 1813–1816 гадах Аляксандр Сяргеевіч служыў у гарадах Кобрыне і Брэсце. Быў ад’ютантам камандзіра рэзервовага кавалерыйскага корпуса генерала Андрэя Калагрывава. Прыязджаў у Мінск. На Брэстчыне знаёміўся з жыццём беларусаў, іх вусна-паэтычнай творчасцю. У Брэсце напісаў свае першыя творы. Сярод іх — і «Пісьмо з Брэст-Літоўскага да выдаўца». У ім выступае і як паэт, і як празаік. Расказвае, як адзначалася ўзнагароджанне Калагрывава ордэнам святога роўнаапостальнага Уладзіміра І ступені.
«Пісьмо...» Аляксандр Сяргеевіч адправіў у рэдакцыю часопіса «Вестник Европы». Публікацыя ў ліпеньскім нумары за 1814 год стала яго літаратурным дэбютам. Каханне ж яго заслугоўвае асобнай кнігі. З Беларуссю яно, праўда, не звязана, ды, калі ў нечым «наш», чаму б пра гэта не паведаць.
Быў у Аляксандра Грыбаедава сябра — паэт і вядомы грузінскі дзеяч князь Аляксандр Чаўчавадзэ. Пасля прыезду ў Тыфліс (цяперашняя сталіца Грузіі Тбілісі) Грыбаедаў заўсёды наведваўся ў яго радавую сядзібу Цынандалі. У Чаўчавадзэ падрастала дачушка Ніно, для Грыбаедава Ніна. Прыгожая, даверлівая, з дапытлівымі цёмнымі вачыма. Ахвотна вучыў яе ігры на фартэпіяна. З задавальненнем займаўся з ёй і французскай мовай. Яна ўсё лавіла на ляту. Гэта «батону Сандра», як па-грузінску ветліва называла яго, вельмі падабалася. Як і гутарыць з ёй пра літаратуру. Найбольш пра паэзію. Сама была рамантычнай, яе вабіла ўсё светлае, узвышанае.
Мінула даволі шмат часу. У 1828 годзе Аляксандр Грыбаедаў, прыехаўшы з Персіі, на некалькі месяцаў спыніўся ў Тыфлісе. Канешне, наведаўся ў Цынандалі. Чаўчавадзэ і дачка ўзрадаваліся яго з’яўленню. Калі б сустрэўся з Нінай у нейкім іншым месцы, магчыма, і не пазнаў бы яе.
— Сандра? — прамовіла, крыху саромеючыся, высокая зграбная дзяўчына. Толькі цёмныя вочы сведчылі, што гэта яго колішняя выхаванка. Ды і вочы ў яе былі не такія, як раней. Куды больш глыбокія і прывабныя.
— Ніна?! — у яго голасе прагучала і здзіўленне, і захапленне.
— Я, — усміхнулася яна.
Ад гэтай усмешкі яму адразу пацяплела на сэрцы. Захацелася абняць яе, расцалаваць. Але перасіліў сваё жаданне, бо адначасова яна выглядала і нейкай чужой, недасягальнай. Бадай, падобнае адчуванне з’явілася і ў Ніны. Абодва былі моцна прывязаны да сваіх успамінаў. У большай ступені Грыбаедаў. Яго дарослая памяць у сваіх схованках захавала куды больш колішняга, агульнага для іх. Аднак нямала помніла і Ніна. Не ведала, як паводзіць сябе. Не ведаў гэтага і Грыбаедаў. Стаялі моўчкі, усміхаючыся адно аднаму.
Тым вечарам ён доўга не мог заснуць. Працягваў знаходзіцца ў чароўным свеце, звязаным з маленствам Ніны, якое даўно сплыло. Час, што прайшоў, забраў з сабой мілую прыгожую дзяўчынку. Замест яе з’явілася новая Ніна. Гэткая ж вабная, але ўжо дарослая. Варочаўся з боку на бок. Некалькі разоў уставаў, падоўгу сядзеў на ложку. Нарэшце зразумеў: прыйшло каханне, у якое даўно не верыў, расчараваўшыся ў многіх жанчынах.
Што ёй усяго пятнаццаць гадоў, не палохала. У такім узросце, а то і маладзей, дзяўчат у Грузіі ўжо аддавалі замуж. Засмучала іншае. Сам жа старэйшы за яе больш як на 17 гадоў. Як яна да ўсяго ставіцца? Ці ёсць у яе нейкія пачуцці да яго, апроч звычайнай сімпатыі? А бацька яе як усё ўспрыме? Калі б яшчэ ведаў, што Ніну Чаўчавадзэ ў Тыфлісе лічаць самай прыгожай нявестай... Ды і тое, што адмовіла ўжо не аднаму жаніху... Магчыма, і перасіліў бы свае пачуцці.
А так толькі чакаў зручнага выпадку. Асабліва пасля таго, як даведаўся, што і сябра не супраць таго, каб парадніцца. Заставалася толькі прызнацца Ніне ў тым, што не давала яму спакою апошнім часам. Адважыўся ў час аднаго застолля, калі яна сядзела насупраць. Ніхто іншы, апроч яе, не цікавіў яго. Нікога іншага для яго, па сутнасці, і не існавала. Зрэдку кідаў на князёўну позірк. Яна на гэта быццам і не рэагавала.
Ад перажыванняў моцна-моцна забілася сэрца. Разумеў, што настаў той момант, калі далей чакаць немагчыма. Моўчкі падняўся, выйшаў з-за стала. Падышоў да Ніны, узяў яе за руку.
— Хадзем са мной, — сказаў упэўнена, — мне трэба вам сёе-тое сказаць.
Ніна, нічога не адказаўшы, паднялася. Відаць, падумала, што хоча, каб пайграла на фартэпіяна. А Грыбаедаў, зайшоўшы ў пакой, спыніўся, павярнуўся да яе. Адчуў моцны прыліў крыві да шчок. І пачаў ёй штосьці страсна шаптаць. Што канкрэтна, не помніў. Затое памятаў, што князёўна спачатку заплакала. Потым засмяялася... Пасля пацалаваў яе. Што ўсё адбывалася менавіта так, пазней прызнаўся ў лісце аднаму са сваіх сяброў.
Вянчаліся ў пачатку восені 1828 года ў тыфліскім саборы Сіёні. Маглі б і раней, але Аляксандр Сяргеевіч нечакана захварэў на ліхаманку. Хвароба праходзіла цяжка. У час вянчання таксама адчуваў сябе блага. Рукі не слухаліся, упусціў заручальны пярсцёнак.
— Кепская прыкмета, — зашапталіся прысутныя.
Ды гэтая прыкмета была ўжо не першая. Нечаканая хвароба — таксама прадвесце чагосьці нядобрага. Тым не менш абодва не хавалі таго, што шчаслівыя.
Аднак у Грыбаедава, бадай, усё ж было нейкае кепскае прадчуванне. Інакш не сказаў бы тое, што прамовіў перад вяртаннем у Персію. За некалькі дзён да ад’езду прагульваліся ў ваколіцах Цынандалі. Як заўсёды, вабіла да сябе гара Мтацмінда. Узіраючыся ў яе вяршыню, нечакана папрасіў жонку:
— Калі штосьці здарыцца са мной, пахавай мае астанкі тут.
Ад такой просьбы Ніне стала няёмка.
— О не, мой Аляксандр, мы будзем жыць вечна, — крыху задумаўшыся, прадоўжыла: — Каханне наша не згасне, як і твой паэтычны дар.
Дарога ў Персію выдалася нялёгкай і няпростай. Начавалі ў шатрах, што ладзілі на вяршынях гор. Даймаў холад. Да ўсяго вельмі моцна дзьмуў вецер, які працінаў быццам наскрозь. Спрактыкаваныя падарожнікі і тыя адчувалі сябе няўтульна. Што ўжо казаць пра Ніну! Далей роднага дома амаль нікуды не выязджала. Але на лёс не наракала. Яшчэ і іншых падбадзёрвала.
Аляксандр Грыбаедаў ніяк не мог ёю намілавацца. Пры першай магчымасці казаў самыя пяшчотныя словы. А яшчэ хацеў, каб усе ведалі, якая ў яго цудоўная жонка. Пра гэта расказваў у лістах, што пісаў падчас падарожжа. Адзін з іх, адпраўлены знаёмай, надзвычай красамоўны: «Палюбіце маю Ніначку. Хочаце ведаць, якая яна? У Эрмітажы ёсць Маці Божая ў выглядзе пастушкі Мурыльё — вось яна».
У Таўрызе, каб было бяспечней, Ніна згадзілася застацца ў расійскай рэзідэнцыі. Згадзілася і пашкадавала. Нялёгка было адной. Як быццам і клапаціліся ўсе, ставіліся спагадліва. Толькі гэта было своеасаблівае добраахвотнае выгнанне. Забаранялася выходзіць за вароты рэзідэнцыі. Часам і перамовіцца не было з кім.
Пробліскамі святла ў гэтай змрочнасці станавіліся лісты ад мужа. Іх атрымлівала ці не штодня. У адным з лістоў прызнаваўся: «Бясцэнны сябра мой! Толькі цяпер я па-сапраўднаму адчуваю, што значыць кахаць». Спяшалася адразу адказаць. Ведала, што і яму нялёгка без яе. А яшчэ памятала пра яго арыгінальны напамінак. Заказаў сабе прыгожую чарніліцу з гравіроўкай па-французску: «Пішы мне часцей, мой анёл Нінобі».
Складана праходзіла цяжарнасць. Аберагаючы яе, не гаварылі, што мужа ўжо няма ў жывых: забіў 11 лютага 1829 года раз’юшаны натоўп. Калі ж захацела ехаць да яго, схлусілі, што цяжка захварэў. Параілі лепш вяртацца на радзіму. Паехала... Аднак у дарозе падслухала размову, з якой даведалася праўду. Перажыванні скончыліся заўчаснымі родамі. Сыночка паспяшалася назваць Сашам. Але пражыў ён усяго адну гадзіну.
А саму яе звяла ў магілу халера. Усяго сорак шэсць гадоў было ёй. Аднак у перажываннях так міналі, што часам і лік ім страчвала. Бо што яны — гады гэтыя, без яго, без Сашы? Без каханага Сандра... Хоць жыццё быццам і працягваецца. Толькі ў сапраўднасці для яе даўно спынілася. Тады яшчэ, калі прыйшла скрушная, чорная вестка.
Усе яе ўспрымалі Чорнай ружай Тыфліса. Ды і, бадай, усёй Грузіі. Ніводнага разу не зняла жалобнае адзенне. Нікому з тых, хто спрабаваў сватацца, не сказала ніводнага цёплага, шчырага слова. У яе разуменні ўжо само сватанне — гэта абраза памяці яе адзінага мужчыны на зямлі.
Калі немач паклала ў ложак, як ні дзіўна, надта і не перажывала. Успрыняла гэта магчымасцю пайсці туды, дзе даўно ў адзіноце пакутуе яе Саша. Яе Сандра. Пайсці, каб ніколі-ніколі не развітвацца. Убачыўшы мяжу, якая падзяляе тое, што ёсць, і тое, што будзе, усміхнулася, зашаптала... Каму — здагадацца няцяжка:
— Чаго толькі не перанесла твая бедная Ніна з той часіны, як ты пайшоў. Мы хутка ўбачымся, убачымся... І я раскажу табе пра ўсё. І мы ўжо навекі будзем разам, разам...
Яны сапраўды ўжо не адно дзесяцігоддзе разам — Ніна Чаўчавадзэ і Аляксандр Грыбаедаў. Разам у тбіліскім пантэоне на гары Мтацмінда. На помніку жанчына, якая плача. На магільнай жа пліце — словы, якія так шмат гавораць: «Розум і справы твае неўміручыя ў памяці рускай, але для чаго перажыла цябе любоў мая?»
Беларускія карані і ў знакамітага кампазітара Міхаіла Глінкі. Бацькі яго не толькі мелі адно прозвішча, але і былі сваякамі. Маці з’яўлялася траюраднай сястрой бацькі. Па некаторых звестках, мела двайное прозвішча — Глінка-Зямелька.
З Міхаілам Глінкам — наша наступная сустрэча.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-marcinovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-grybaedau
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/litaratura