Некаторыя лічаць, што пчаліныя ўкусы дапамагаюць умацаваць здароўе, а таксама паменшыць колькасць зморшчын. Хоць пацвярджэнні гаючых уласцівасцяў яду настойліва шукалі стагоддзямі, яны так і засталіся міфічнымі. Акрамя таго, пчаліны яд прызнаны адным з самых магутных і небяспечных алергенаў у свеце.
Ад укусаў звычайных пчол у год гіне ў тры разы людзей больш, чым ад яду змей. Бо, акрамя пчалінага таксіну, яд утрымлівае рэчыва гістамін, якое памнажае алергічную рэакцыю. Прычым арганізм можа без наступстваў перанесці серыю ўкусаў, а фатальным здольны стаць любы наступны.
У пчаліным ядзе ёсць амінакіслоты, ферменты, аднак панізіць халестэрын, пазбавіць ад рэўматызму, разгладзіць скуру ўсе гэтыя рэчывы не могуць, ды і шкода таксінаў перавешвае патэнцыйную карысць. Пчаліны яд калі і дзейнічае, то як плацэба, за кошт сваёй рэпутацыі.
Не прынясе карысці і пярга, у ёй не раз выяўлялі плесневыя таксіны. А вось пчаліны воск здароўю не нашкодзіць. Яшчэ бяспечны і нават карысны пропаліс. Гэта клей, які пчолы рыхтуюць з пылка і соку раслін, змешваючы з ферментамі сваёй сліны. Навукоўцы высветлілі, што гэтыя ферменты змяшчаюць прыродны антысептык, які эфектыўна змагаецца з бактэрыямі ў роце. Так што зубная паста ці жуйка з пропалісам у складзе, сцвярджаюць дантысты, — нядрэнны выбар.
Тысячы гадоў у культуры народаў усіх кантынентаў абсалютна заслужана апявалася праца гэтых насякомых. Без пчол і праўда на зямлі наступіць гуманітарная катастрофа. Але гэтая нікім не праплачаная PR-кампанія дазволіла прадаўцам пчаліных прадуктаў сэканоміць на рэкламе і прадаваць літаральна ўсё, у чым ёсць намёк на пчаліную прысутнасць. Але пчаліныя прадукты карысныя не ўсе. Нават ад мёду карысці няшмат, толькі псіхалагічная. Многім салодкае дапамагае справіцца са стрэсам.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/pcholy
[6] https://zviazda.by/be/tags/myod