Унікальны навучальна-метадычны комплекс (УМК) па курсе «Мадэляванне і праграмаванне ў асяроддзі ROS робататэхнічных прылад» плануюць укараніць у БДУ. Яго прэзентацыя адбылася 13 мая ва ўніверсітэце. Гэта сумесная распрацоўка спецыялістаў Інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і вучоных факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Работа над праектам вялася больш за год.
УМК складаецца з лекцыйных матэрыялаў, навучальных, лабараторных і практычных заняткаў з падрабязнымі ўказаннямі да іх правядзення. Таксама комплекс уключае стэнды для візуальнай дэманстрацыі ўнутранага абсталявання робатаў. Разам з асновамі робататэхнікі студэнтам прапануецца вывучаць падыходы да мадэлявання падобных прылад на базе сучасных праграмных платформ і тэхнічных прылад, даступных цяпер у Беларусі.
Новы навучальны комплекс аб’ядноўвае веды па робататэхніцы і праграмаванні ў адзіны базавы курс.
Навучанне на аснове інавацыйнай праграмы плануецца распачаць у БДУ ў наступным навучальным годзе. Курс будзе даступны для навучэнцаў на факультэтах прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, механіка-матэматычным, фізічным. На дадзены момант элементы робататэхнікі тут выкладаюцца ў рамках іншых дысцыплін.
У планах распрацоўшчыкаў — удасканальванне праграмы з улікам змен у сферы IT.
Надзея НІКАЛАЕВА
Прэв’ю: pexels.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-navuk
[3] https://zviazda.by/be/tags/pragrama
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyvuchenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/robatatehnika
[6] https://zviazda.by/be/tags/raspracouka
[7] https://zviazda.by/be/tags/vuchonyya