На тэрыторыі Беларусі ўтрымліваецца тэндэнцыя халоднага надвор'я ажно з сярэдзіны красавіка. Прычынамі таму сталі частыя паўночныя вятры і паступленне халодных паветраных мас з паўночных шырот. І толькі ў асобныя дні мая да нас ненадоўга завітае чаканае цяпло. Новыя порцыі разрозненых дажджавых аблокаў і свежага паветра працягнуць утрымліваць тэмпературны фон на 3—5 градусаў ніжэйшым за кліматычную норму, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У аўторак у многіх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі магчымыя навальніцы. У асобных раёнах чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с, максімальная тэмпература ўдзень складзе плюс 11—17 градусаў.
У сераду ўначы і раніцай месцамі, удзень па крайнім паўднёвым усходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ноччу будзе ад плюс 2 градусаў да 7 цяпла, удзень — 12—18 градусаў вышэй за нуль.
Надвор'е пачне мяняцца ўжо 18 мая. У гэты дзень фон атмасфернага ціску пачне расці, і ўжо ў чацвер і пятніцу ападкі па краіне малаверагодныя, але пры ясным небе месцамі па краіне ёсць верагоднасць замаразкаў. Абсалютна суха будзе ў чацвер. Тэмпература паветра ўначы — плюс 1—7 цяпла, на глебе месцамі замаразкі ад 0 да мінус 2 градусаў. Тэмпература паветра ўдзень складзе ад плюс 15 градусаў па паўночным усходзе да плюс 23 градусаў па поўдні і паўднёвым захадзе краіны.
У пятніцу будзе пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 3—9 градусаў, удзень — плюс 17—23, у паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнах чакаецца ад плюс 24 градусаў да 28 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у выхадныя дні на тэрыторыі краіны чакаецца ссоўванне франтальнага раздзела з Заходняй Еўропы, ападкаў па краіне стане больш. У суботу ўначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Днём у асобных раёнах магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 6 да 12 градусаў, а ўдзень — ад плюс 13 да 20 градусаў, па паўднёвай частцы краіны чакаецца 21—26 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Маргарыты ПАЛЮХОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-palyuhovich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[5] https://zviazda.by/be/tags/vecer
[6] https://zviazda.by/be/tags/zamarazki
[7] https://zviazda.by/be/tags/minpryrody
[8] https://zviazda.by/be/tags/halodnae-nadvore