Міжнародны конкурс «Цыцыроній-2022» сабраў у Акадэміі МУС прамоўцаў з пяці краін: Беларусі, Расіі, Кітая, Узбекістана і Шры-Ланкі. Канкурсанты прадстаўлялі 18 вышэйшых навучальных устаноў.
Удзельнікі прадэманстравалі, што майстэрства прамоўцы мае значэнне ў любой прафесіі. Прыгожа размаўляць, правільна даносіць свае думкі павінны і супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Не выпадкова падчас падрыхтоўкі будучых праваахоўнікаў у галоўнай міліцэйскай ВНУ краіны асаблівая ўвага надаецца такім дысцыплінам, як рыторыка і маўленчы этыкет.
— Кожны год конкурс становіцца больш моцным, — адзначыў прафесар кафедры псіхалогіі і педагогікі Акадэміі МУС Васіль ГОЛУБЕЎ. — Сёлета яго адметная рыса — высокі ўзровень грамадзянскасці і патрыятызму. Наша журы адзінагалосна адзначыла моцныя маральныя пазіцыі юнакоў і дзяўчат. Бачна, што маладыя людзі задумваюцца аб будучыні, хочуць будаваць свае жыцці, зыходзячы з асабістай унутранай упэўненасці.
Як расказала выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Інстытута пагранічнай службы Наталля ЛАГУН, разам з курсантамі яна ўдзельнічае ў «Цыцыроніі» дзясяты год запар. Сёлета на сцэну падымаліся тры яе канкурсанты. «Мы рады быць тут, а жаданне нашых курсантаў удзельнічаць — наймацнейшае, — падзялілася педагог. — Конкурс вельмі патрэбны. Удзячная акадэміі за гэты праект, які нас аб’ядноўвае. Гэта не толькі конкурс. Гэта свята душы і зносін».
Традыцыйна без дыпломаў і медалёў ніхто не застаўся. Пераможцамі конкурсу сталі курсант Магілёўскага інстытута МУС Дзмітрый Якоўчык, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Ганна Андрасюк і студэнт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Садзік Джункер Замані.
Уручаючы заслужаныя ўзнагароды пераможцам, начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр ВАСІЛЬЕЎ адзначыў маштаб і значнасць конкурсу, а таксама падзякаваў усім за шматгадовае супрацоўніцтва.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Акадэміі МУС
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mus
[4] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-mus
[5] https://zviazda.by/be/tags/cycyroniy-2022
[6] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[8] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[9] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[10] https://zviazda.by/be/tags/uzbekistan
[11] https://zviazda.by/be/tags/shry-lanka