Сённяшняя мая гераіня — жанчына-маяк. Алена Серада, ці проста «наша Браніславаўна», як яе з любоўю называюць на Палессі, у 52 гады на 180 градусаў змяніла сваё жыццё. Сышла з нелюбімай руціннай работы і пачала займацца тым, што прыносіць выключна прыемныя эмоцыі. Адкрыла ва ўласным садзе ў Тураве хатнюю харчэўню «Палюшкі» і частуе турыстаў палескімі прысмакамі. Прычым гатуе традыцыйныя беларускія стравы толькі ў сапраўднай дрывяной печы і выключна з мясцовых прадуктаў.
Вырашыцца на такі крок Алене Браніславаўне дапамагло няшчасце. Колькі гадоў таму падчас планавага агляду ў яе знайшлі злаякасную пухліну... Рак грудзей, другая стадыя — дыягназ прагучаў як гром сярод яснага неба. Было ўсё: слёзы ў падушку, аперацыя, хіміятэрапія, прыняцце. Сёння ж Алена Серада не толькі знайшла сябе і займаецца любімай справай, але і падтрымлівае-матывуе іншых жанчын з такім жа дыягназам.
Калі захварэла, я тыдзень проста плакала. У мяне ложак стаіць каля акна. Таму я заўжды завешвала фіранкі перад сном, а аднойчы забылася. Прачнулася ад таго, што мне цёпла на твары ад праменя ўзыходзячага сонца. І здарыўся нейкі цуд, як быццам нехта сказаў: «А чаго ты плачаш? Ты патрэплеш сабе нервы, схуднееш, будзеш дрэнна выглядаць. Твае слёзы нешта мяняюць? Не! Ну, тады ўставай і ідзі прыбярыся ў хаце». Зараз я дакладна ведаю, што, калі памыць вокны, карысці будзе больш, чым калі капацца ў сабе, шукаючы: «А за што ж мне гэта дадзена». Ад таго, што занятыя рукі, сыходзяць дурныя думкі.
Ёсць такое меркаванне: анкалогія даецца чалавеку за нешта. Я таксама спачатку так думала, але 70-гадовая бабуля Таня, з якой мы ляжалі ў адной палаце, сказала: «Не слухай, дзіця. Не за шта. А для чагосці». Я тады вельмі моцна ўчапілася за гэтыя словы.
Неяк у нашу палату прыйшла дачка бабулі Тані. І адразу ж кінулася ў слёзы, стала енчыць: «Мама, бедненькая ты наша, як жа ты тут...». Як толькі дачка сышла, бабулі зрабілася вельмі дрэнна, і яе забралі ў рэанімацыю. Тады я зразумела: першае, што я павінна зрабіць, — гэта выключыць са свайго кола людзей, якія вось так сябе паводзяць.
Для такіх, як я, вельмі востра стаіць пытанне «Што далей?» Дыягназ ёсць, цяжкае лячэнне пройдзена, як жыць потым? Я для сябе знайшла адказ хутка і адназначна. Пакаштаваўшы аднойчы сапраўдны хлеб на смак, «захварэла» на яго. Вывела сваю першую закваску і пачала пячы на ёй. Не адразу ўсё атрымлівалася. Пакуль навучылася, колькі «недахлеба» з'елі мае куры, мама дарагая. Але праца і рукі — моцныя зарукі. Менавіта хлеб даў мне зразумець, што жыццё працягваецца.
Вы думаеце, «знайсці сябе» — гэта толькі пра маладых? Не. Знайсці сябе можна ў 20 і ў 30, а можна і пасля 50, як я. У любым узросце можна ўсё памяняць. У чым сакрэт? Проста рабіць тое, што табе падабаецца! Не, нават не так! Проста не рабіць тое, што не падабаецца. Толькі калі захварэла, я зразумела: колькі ўсяго непатрэбнага і пустога мы робім, страчваючы час на глупства.
Вось я заўжды любіла гатаваць. Але рабіла гэта толькі ў вольны ад працы час. Да 50 гадоў працавала на заводзе. 12 гадзін змены, 100 % вільготнасці, 40 градусаў у цэху. Пасля аперацыі, доўгага лячэння я вярнулася на сваю цяжкую работу. І мне зрабілася дрэнна. Пагаварылі з сям'ёй і вырашылі, што трэба кідаць усё і займацца чымсьці больш прыемным.
Галоўнае — зразумець, што паспрабаваць ніколі не позна. Бо мы нічога не зразумеем, калі не паспрабуем. Як пазнаць, што такое агонь? Вядома, усунуць у яго палец. Так і тут.
Далі маляваў, Пеле гуляў у футбол, Казарноўская спявае, а я — гатую. Гэта мой талент. На жаль, я яго вельмі позна адкрыла. Ну, не тое, каб позна... Магла б і раней заўважыць, але, значыць, гэта МОЙ ЧАС, каб я рэалізавалася ў гэтым жыцці. Адкрыю вам адзін сакрэт: жанчына не павінна ўмець гатаваць. Дастаткова навучыцца супчык зварыць, блінчык спячы, катлетку падсмажыць. Не трэба сябе катаваць: «Я павінна пячы гэты пірог, а ён не атрымліваецца». Лепш займіцеся тым, да чаго ў вас ляжыць душа.
Ведаеце, якое пытанне мне задаюць часцей за ўсё мае госці: «А вы самі так ясце? Штодзень?» Так, для сябе я таксама гатую ў печы, за выключэннем спякотных дзён, калі няма наведнікаў. Мой муж вельмі любіць смачна паесці. Таму заўсёды, усе 33 гады сумеснага жыцця, на стале была свежая выпечка, кожны дзень першае, другое і кампот. Вырашылі неяк з мужам адзначыць чарговую гадавіну ў рэстаране. Афіцыянтка, знаёмая дзяўчына, паглядзела на нас і спытала: «А вы чаму сюды прыйшлі?» Маўляў, дома прысмакі, якіх у рэстаранах не падаюць. Але я ўсё ж такі знайшла ў меню тое, што не гатую, і заказала — сушы. Доўга тады смяяліся разам з афіцыянткай.
Я запрашаю да сябе дадому людзей з анкалогіяй, якія згубіліся ў сабе, баяцца наогул штосьці рабіць. Можна прыехаць зусім бясплатна. Мы разам спячом хлеб (цестатэрапія — гэта проста цуд), паляжым на печы, з'ездзім у лес па зёлкі, проста ў садзе паразмаўляем пра жыццё, паскардзімся адна адной, пасмяёмся-паплачам. Многія з'язджаюць ад мяне не скажу каб зусім іншымі, але нейкае добрае насенне я ўсё ж закідваю, людзі вылазяць са сваёй ракавіны, задумваюцца, што робяць штосьці не так...
Хачу паказаць, што анкалогія гэта ніякі не прысуд, што з гэтым дыягназам можна паўнавартасна жыць. Два гады таму для ўдзелу ў праекце псіхаэмацыянальнай падтрымкі @іlovelіfebrest запрашалі жанчын са статусам АНКА. Стадыя раку, даўнасць пастаноўкі дыягназу, рэмісія, лячэнне — значэння не мелі. Умова была адна: мы павінны былі на ўсю краіну сказаць: «Так, У МЯНЕ РАК, але я жыву, змагаюся, не здаюся, я шчаслівая, прыгожая і не саромеюся расказваць пра гэта ўсім. Нас з усёй Беларусі было 9, першых, самых смелых. Зараз праект налічвае больш за 50 чалавек. У нас розныя гісторыі і лёсы, але ўсіх аб'ядноўвае моцнае жаданне жыць. Мы сустракаемся і зараджаемся адна ад адной пазітывам. Плачам, смяёмся, строім планы на будучыню. Бо лепш за чалавека, які праз гэта прайшоў, ніхто цябе не зразумее.
Апошнім часам развялося шмат несумленных людзей. Куды ні плюнь, усюды нутрыцыёлагі, дыетолагі. Нешта раяць анлайн, нават не бачыўшы чалавека, яго аналізы, лад жыцця. Падсаджваюць людзей на нейкія дыеты, БАДы. Мне мой доктар (а я яму давяраю) сказаў, што есці можна ўсё, але патроху. Хочаш вэнджаны селядзец? З'еш. Ну не еш кілаграм, а кавалачак-два. Таму я ем усё. Хімія не праходзіць бясследна. Таму, канешне, калі я з'ем шмат тлустага, мне будзе дрэнна. Я ж сабе не вораг. Нікому не даю парад, чалавек павінен сам вырашаць, як яму жыць. Але мне шчыра шкада людзей, якія ва ўсім сябе абмяжоўваюць, пазбаўляючы звычайнай штодзённай радасці.
Мой свет трымаецца на сям'і і любові да свайго краю. Сям'я гэта не толькі муж, дзеці. Гэта і тыя, хто пайшоў ад нас, — нашы продкі. Адна з частак майго праекта — гісторыя сям'і. Хачу, каб мае ўнукі ведалі сваіх прабабак і прадзядоў, як яны жылі, чым займаліся. Мы павінны даць дзецям усяго дзве рэчы — крылы, каб, калі яны вырастуць, паляцелі і звілі сваё гняздо, і карані, каб ведалі, хто яны і адкуль, каб было на што абаперціся.
У мяне ў харчэўні шмат старых, у тым ліку і стагадовых, рэчаў. Усе яны або зроблены рукамі кагосьці з нашай сям'і, або належалі доўгі час камусьці з нашай сям'і. Усім гэтым карысталіся. Гэта сапраўдны скарб, які не мае цаны. У кожнай рэчы ёсць свая гісторыя. Найбольш берагу калаўрот, які дастаўся мне ад маёй свякрухі, ёй — ад яе свякрухі, а той — ад яе свякрухі. Зараз, гляджу, мая нявестка зацікавілася вязаннем. Думаю, колісь і я перадам ёй гэты калаўрот.
Калі раптам у гняздзе вылупілася больш за аднаго-двух буслянят, то бацькі бязлітасна выкідваюць лішняга з гнязда. Беднае птушаня падае і разбіваецца. Я была тым лішнім буслянём. У 14 гадоў выпаўшы з гнязда, я воляй лёсу не разбілася, выжыла. Я не трымаю крыўды на бацькоў, больш за тое — удзячна ім за тое, што яны навучылі мяне, як НЕ трэба жыць. Мне пашчасціла сустрэць цудоўнага чалавека, у жніўні будзе 33 гады, як мы разам. Дзякуючы мужу я даведалася, што такое сапраўдная сям'я — з моцнымі каранямі, узаемападтрымкай. У мяне былі цудоўныя адносіны са свякроўю. Яна мяне шмат чаму навучыла, бо я жыла ў іх, пакуль муж давучваўся. Ведаеце, у клёна насенне з крыльцамі, дзякуючы якім яго ветрам можа аднесці далёка. Гэты «верталёцік» можа трапіць на пясок і засохнуць. А можа — папасці на добрую глебу і прарасці. Дык вось я, як той кляновы «верталёцік». Адарвалася і, дзякуй богу, трапіла на добрую глебу. І прарасла.
Чалавеку для шчасця насамрэч трэба не так ужо і шмат. Каб побач былі тыя, каго любіш, каб яны былі здаровыя. Каб была любімая справа, такая, каб і маглося, і хацелася рабіць. Калі ты займаешся тым, што падабаецца, у цябе лад у душы. Калі лад у душы, у цябе лад у сям'і. І, канешне ж,усім нам патрэбны мір, блакітнае неба над галавой, шчабятанне птушак, шум гаю. Так мала трэба для шчасця... І так многа…
— Якая ежа для вас самая смачная?
— З печы. У такой ежы ёсць душа, яна не можа гатавацца ў спешцы, на хуткую руку.
— Зараз вы можаце адказаць сабе на пытанне, для чаго вам была дадзена хвароба?
— Для таго, каб я зразумела, ШТО я рабіла не так. Гэта маё разуменне пацягнула за сабой большую любоў да сябе. Я навучылася казаць вельмі кароткае і вельмі цяжкае слова «не». Зараз дазваляю сабе раскошу кантактаваць толькі з тымі людзьмі, якія мне падабаюцца. ...Калі б не рак, я працягвала б жыць не сваё жыццё. Калі шмат гадоў прабоўтаўся ў адных начоўках, то вылезці адтуль, адважыцца нешта змяніць вельмі цяжка. А хвароба, як трыгер, перавярнула мае начоўкі. Я вылецела са свайго балотца. І больш туды не хачу.
— Што параіце жанчынам, якія толькі даведаліся пра свой дыягназ?
— Не пужацца. Не апускаць рукі. Не замыкацца ў сабе. Не вінаваціць сябе ні за што. Галоўнае — правільна сябе настроіць. Мой анколаг казаў: «Хоць з бальніцы цябе не выпісвай! Усё аддзяленне трымаецца на табе». Недарэмна кажуць: лекары бяссільныя, калі пацыент хоча жыць.
— Дзе ваша месца сілы?
— Каля печы. На душы непакой, сумныя думкі... Замясіла цеста, запаліла ў печы — крыху палягчэла. Летам, калі горача, хлеб пяку ноччу ці ў гадзіны 3-4 раніцы. Люблю гэты час сам-насам з сабой. Запальваю ў печы, саджуся на лаву і гляджу на агонь у цішыні. Агонь лечыць, ачышчае. Калі завіхаюся каля печы, столькі сіл з'яўляецца, нават спіна выпрамляецца і думкі такія светлыя... Пра дрэннае і не ўспамінаеш...
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/palesse
[5] https://zviazda.by/be/tags/hvaroba
[6] https://zviazda.by/be/tags/rak