Традыцыйныя медыя будуць адыгрываць заўважную ролю ў інфармацыйнай прасторы і надалей, калі здолеюць належным чынам адаптавацца да глабальных змяненняў. Пра гэта падчас міжнароднага вэбінара, які наладзілі Кітайскі камітэт ШАС па добрасуседстве, сяброўстве і супрацоўніцтве сумесна з парталам «Хуаньцюван», заявіў Дзі Дэцзян, прафесар і навуковы кіраўнік дактарантаў Кітайскага ўніверсітэта камунікацый, прарэктар даследчага інстытута Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва і навуковы супрацоўнік дзяржаўнай ключавой лабараторыі медыяканвергенцыі. Куды рушыць найбуйнейшая ў свеце інфармацыйная прастора Паднябеснай?
Зараз адбываецца імклівы пераход ад афлайнавага фармату камунікацый да гібрыднага, у якім усё большую ролю адыграе віртуальная прастора. Усё часцей можна пачуць такі тэрмін, як «метасусвет». Такім чынам, вызначаюць прастору, якая спалучае сапраўдную і віртуальную рэальнасць (VR). Лічыцца, што ўпершыню гэты тэрмін з'явіўся ў культавай кнізе Ніла Стывенсана «Лавіна», якая выйшла ў 1992 годзе.
Як заўважыў Дзі Дэцзян, узровень пранікнення інтэрнэту адрозніваецца па краінах, аднак прасочваецца і агульная глабальная тэндэнцыя — свет рушыць у кірунку лічбавізацыі. Адпаведна адбываецца і трансфармацыя медыяпрасторы. «Традыцыйныя СМІ не знікнуць, — перакананы прафесар Дзі Дэцзян. — Хоць многія кажуць пра тое, што імклівае развіццё новых медыя прывядзе да смерці традыцыйных СМІ. Аднак гэта не так — нават у віртуальнай прасторы яны будуць адыгрываць заўважную ролю. Пры адной умове: калі здолеюць своечасова належным чынам змяніцца, адаптавацца да новай рэальнасці».
Менавіта традыцыйныя медыя застануцца галоўнымі гульцамі на медыйным полі, паколькі яны карыстаюцца нязменным даверам у аўдыторыі. Зараз карыстальнікі ўсё часцей аддаюць перавагу атрыманню навін з іншых крыніц (дадаткаў, сацыяльных сетак), аднак у многіх з'яўляецца разуменне наконт якасці і дакладнасці такой інфармацыі. Нездарма менавіта такім чынам нярэдка запускаюцца шматлікія фэйкі. Іх фарміруюць і міжнародныя медыякарпарацыі, якія імкнуцца навязаць аўдыторыі пэўны пункт погляду. Як заўважыў «Звяздзе» прафесар Дзі Дэцзян, гэта глабальная праблема, супрацьстаяць такому інфармацыйнаму ўплыву магчыма толькі праз аб'яднанне намаганняў канструктыўных медыя.
Насамрэч стратэгічная пляцоўка — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Як адзначаюць аналітыкі, на працягу больш чым 20 гадоў свайго існавання ШАС стала найбуйнейшай сусветнай рэгіянальнай платформай узаемадзеяння. Цяпер яе членамі з'яўляюцца восем краін з агульнай колькасцю насельніцтва больш за тры мільярды чалавек, якія фарміруюць чвэрць глабальнага ВУП. Чатыры дзяржавы (сярод іх — Беларусь) маюць статус наглядальнікаў, яшчэ шэсць з'яўляюцца партнёрамі па дыялогу.
У новых геапалітычных рэаліях Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва здольная і павінна стаць сусветным цэнтрам сілы на шляху стварэння новага міжнароднага палітычнага і эканамічнага парадку. Такі пункт гледжання выказаў член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Сыранкоў у Доме дружбы на круглым стале «Магчымасці ўзаемадзеяння Беларусі і ШАС у фармаце народнай дыпламатыі», паведаміла БелТА. «Для гэтага арганізацыя мае ўсе неабходныя сілы і сродкі, — падкрэсліў дэпутат. — Велізарны патэнцыял, які мае ШАС, аўтаматычна выводзіць яе за рамкі чыста рэгіянальнай арганізацыі і робіць яе вывучэнне вельмі важным для правільнага разумення сучаснай сістэмы міжнародных адносін».
Падчас экспертных дыскусій у межах анлайн-семінара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з'явілася прапанова наконт стварэння такой пляцоўкі менавіта на платформе ШАС. «Платформа інфармацыйнага абмену неабходна для ўзаемадзеяння СМІ розных краін, стварэння атмасферы ўзаемнага даверу і павагі да разнастайнасці меркаванняў. Гэта будзе прафесійны механізм для хуткага і эфектыўнага абмену дакладнай інфармацыяй і сумеснага супрацьстаяння фэйкам і чуткам, асабліва на фоне цяперашніх крызісаў і выклікаў», — лічыць старшы рэпарцёр газеты «Жэньмінь жыбаа», кансультант партала «Хуаньцюван» Дзін Ган.
Як заўважыў прафесар Дзі Дэцзян, кітайскія ўлады нездарма так шмат увагі ўдзяляюць належнаму развіццю традыцыйных СМІ. Гэты сегмент і ў перспектыве павінен захоўваць свае пазіцыі, каб адстойваць адказнасць і дакладнасць падчас падачы інфармацыі.
Вялікая ўвага абгрунтавана аддаецца моладзі. Кантэнтнае арыентаванне на гэтую аўдыторыю павінна ажыццяўляцца з актыўным выкарыстаннем сучасных камунікацыйных тэхналогій. Пра гэта падчас міжнароднага анлайн-семінара, які арганізавалі Кітайскі камітэт ШАС па добрасуседстве, сяброўстве і супрацоўніцтве сумесна з парталам «Хуаньцюван», заўважыла Чжан Даньшань, намеснік дырэктара цэнтра збору і рэдагавання інфармацыі даччынага выдання газеты «Кітайская моладзь», галоўны рэдактар газеты «Маладзёжны даведнік».
Самае вялікае па колькасці ў свеце — пакаленне Z. Гэта людзі, якія нарадзіліся ў перыяд з 1995 да 2010 года. У 2019-м іх колькасць перавысіла 2,4 мільярда чалавек, што складае амаль траціну (32 працэнты) ад агульнай колькасці насельніцтва планеты. Нядзіўна, што вялікая ўвага падчас стварэння кантэнту — менавіта запытам «зумераў», якія аддаюць перавагу візуалізацыі. Адсюль такая папулярнасць кароткіх відэа і адпаведных платформ. Паднябесная не выключэнне, тым больш што Кітай з'яўляецца безумоўным сусветным лідарам па развіцці інтэрнэту. Як паведамілі ў Кітайскім інфармацыйным інтэрнэт-цэнтры (CNNІC), напрыканцы мінулага года колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у КНР перавысіла 1,03 мільярда, што амаль на 43 мільёны больш, чым у адпаведны перыяд 2020-га.
Станоўчая тэндэнцыя працягваецца — сёлета інтэрнэт-сектар Кітая прадэманстраваў устойлівы рост камерцыйных даходаў. Аб гэтым сведчаць даныя міністэрства прамысловасці і інфармацыйных тэхналогій КНР, паведаміла інфармагенцтва «Сіньхуа». Паводле звестак ведамства, выручка буйных прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць інтэрнэт-паслугі і спадарожныя паслугі, у студзені — красавіку склала 44,3 мільярда юаняў (каля $66 млрд), павялічыўшыся на 2,7 працэнта ў гадавым вылічэнні.Тэмпы росту павялічыліся на 1,3 працэнтнага пункта ў параўнанні з першым кварталам. У прыватнасці, выручка пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг, якія спецыялізуюцца на воблачных паслугах, а таксама паслугах вялікіх даных, падскочыла амаль на траціну (на 30,4 працэнта) — да 42,3 млрд юаняў. Паводле даных міністэрства прамысловасці і інфармацыйных тэхналогій КНР, выдаткі кампаній на даследаванні і распрацоўкі ўзраслі за гэты перыяд на 10,4 працэнта, што на два працэнтныя пункты вышэй, чым у першым квартале.
Узровень даступнасці інтэрнэту ў краіне дасягнуў 73 працэнтаў, што вышэй за сярэдні сусветны паказчык. Галоўным чынам падключэнне да сусветнага павуціння ў Кітаі адбываецца праз смартфоны — 99,7 працэнта карыстальнікаў выходзяць у глабальную сетку менавіта такім чынам. Кітайцы ў сярэднім зараз праводзяць у інтэрнэце каля чатырох гадзін штодня. Паводле звестак штогадовага даследавання Global Dіgіtal Reports 2022, універсальная платформа WeChat увайшла ў сусветны топ-5 сацыяльных сетак і нават абышла TіkTok.
«Наша каманда імкнецца своечасова пераходзіць да новых падыходаў у вытворчасці кантэнту для маладзёжнай аўдыторыі», — адзначыла Чжан Даньшань. І прадэманстравала кароткія відэа, якія яны ствараюць і распаўсюджваюць з дапамогай розных інтэрнэт-платформ. Такое ўзаемадзеянне з «зумерамі» даволі прадукцыйнае. І мае свае станоўчыя вынікі.
Цікавыя высновы справаздачы аб развіцці сеткавай літаратуры, якую раней агучыла Акадэмія грамадскіх навук КНР. У ёй адзначаецца, што прадстаўнікі пакалення Z аказалі глыбокі ўплыў на змест і асноўныя каштоўнасныя арыентацыі сеткавай літаратуры, паведаміў «Хуаньцюван». Менавіта «зумеры» сталі найбуйнейшай групай чытачоў у гэтым сегменце. Па стане на канец мінулага года налічвалася звыш паўмільярда чытачоў інтэрнэт-літаратуры, паказчык дасягнуў рэкордна высокага ўзроўню. На народжаных пасля 1995-га прыпадала больш за 60 працэнтаў новых карыстальнікаў кітайскага мабільнага дадатку для чытання «Цыдзянь».
Для маладых чытачоў інтэрнэт-літаратура ўяўляе сабой не толькі спосаб баўлення часу, але і важны канал атрымання ведаў. Як адзначалася ў справаздачы, прадстаўнікі пакалення Z адчуваюць асабліва моцнае пачуццё нацыянальнага гонару і патрыятычны энтузіязм і з дапамогай каментарыяў выказваюць сваю любоў да Радзімы. Летась у каментарыях, якія пакінулі карыстальнікі дадатку «Цыдзянь», слова «Кітай» з'яўлялася больш за 300 тысяч разоў. Як адзначылі ў Акадэміі грамадскіх навук КНР, пакаленне Z аказала моцны ўплыў на кірункі творчасці, каштоўнасныя арыентацыі і функцыі літаратуры ў інтэрнэце. Варта адзначыць, што летась рэалізм стаў адным з самых папулярных напрамкаў літаратурнай творчасці ў кітайскім інтэрнэце.
Наш час — насамрэч эпоха лічбы. Паднябесная — сярод сусветных лідараў на гэтым шляху. Маштабы лічбавай эканомікі Кітая фактычна дасягнулі 40 трыльёнаў юаняў (звыш 6 трыльёнаў долараў). Гэта амаль 40 працэнтаў ВУП. Тэмпы штогадовага росту — на ўзроўні 10 працэнтаў. Такія тэндэнцыі згадала выканаўчы прэзідэнт інфармацыйнага агенцтва «Сіньхуа» анлайн», старшы навуковы супрацоўнік Кітайскай асацыяцыі па рэфармаванні і развіцці прадпрыемстваў Сі Цын. Як адзначаюць эксперты, лічбавая эканоміка стала ключавым драйверам стабільнага эканамічнага росту Кітая. Па стане на канец 2020 года колькасць кампаній у галіне штучнага інтэлекту (ШІ) у Паднябеснай дасягнула 6425 — чвэрць сусветнага паказчыка. Напрыканцы мінулага года рынак комплексных рашэнняў у сферы тэхналогій ШІ склаў 1,28 трыльёна юаняў (197 млрд долараў). Пры падтрымцы дзяржавы тэхналогіі штучнага інтэлекту ўступілі ў стадыю імклівага развіцця, а такія прыярытэтныя галіны, як разумныя чыпы, дроны, разумныя аўтамабілі з сеткавымі магчымасцямі і робаты, атрымалі далейшае развіццё.
Медыясфера павінна адпавядаць імклівай лічбавай трансфармацыі, лічыць Сі Цын. Пры гэтым вельмі важна забяспечваць не толькі хуткасць, шматканальнасць распаўсюджвання, але і якасць кантэнту. Як заўважыла «Звяздзе» Сі Цын, такім чынам можна эфектыўна змагацца з фэйкамі. «Кітай — найбуйнейшы рынак навін, — адзначыла эксперт. — Гэта найвялікшая ў свеце аўдыторыя. Таму вельмі важна наладзіць дзейсны кантроль за якасцю кантэнту». Нездарма зараз актыўна прымяняецца такі тэрмін, як «медыяэкалогія».
Развіваць канструктыўную плынь актыўна дапамагаюць у тым ліку і воблачныя тэхналогіі. «Новыя каналы — гэта не толькі камп'ютары і мабільнікі. Сёння навіны можна атрымаць нават з экрана халадзільніка, — заўважыла эксперт «Сіньхуа». — Галоўнае — забяспечыць неабходны фармат. У выніку развіцця кагнітыўных тэхналогій і штучнага інтэлекту ў вытворчасці кантэнту ўдзельнічаюць і робаты, аднак я лічу, што гэта не заменіць журналістаў, паколькі яны могуць ствараць унікальны інфармацыйны прадукт, які адлюстроўвае асабісты пункт погляду на падзеі».
Тым часам стала вядома, што омні-медыя і камунікацыя на аснове платформ сталі ключавымі трэндамі ў індустрыі навінавых СМІ Паднябеснай. Такая тэндэнцыя адзначаецца ў дакладзе Усекітайскай асацыяцыі журналістаў, паведаміла «Сіньхуа». На працягу апошніх двух гадоў традыцыйныя СМ (радыё, тэлебачанне і газеты) дэманстравалі запавольванне тэмпаў росту і працягвалі факусіравацца на глыбокай канвергенцыі і лічбавай трансфармацыі, адзначаецца ў дакладзе. Новыя тэхналогіі, такія як тэхналогія медыяплатформы, лічбавай перадачы даных, відэатэхналогіі высокай выразнасці, штучны інтэлект і 5G, садзейнічалі пераўтварэнням і інавацыйнаму развіццю медыясферы. «На гэтым фоне працягвае павышацца кваліфікацыя работнікаў СМІ, — адзначылі ва Усекітайскай асацыяцыі журналістаў. — У структуры кадравага складу паступова павялічваецца доля моладзі і высокаадукаваных кадраў». Так што перспектыва відавочная.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-litvinau
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/padnyabesnaya
[5] https://zviazda.by/be/tags/tradycyynyya-medyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/shas