Юля – студэнтка БДУ, музычны вопыт якой налічвае ўжо 12 гадоў. За спінай у дзяўчыны — мноства паспяховых канцэртаў і конкурсаў, вялікая колькасць узнагарод за прызавыя месцы. Мы пагаварылі з Юліяй аб яе знаёмстве з музыкай, выступленнях, першай песні і многім іншым.
Цікавасць да музыкі з'явілася ў дзяўчыны ў першыя школьныя гады.
— Калі мае равеснікі пачалі наведваць развіццёвыя секцыі, я вырашыла, што таксама хачу паспрабаваць сябе. Спачатку абрала вакал і танцы. Праз пэўны час зразумела, што да заняткаў танцамі душа не ляжыць, і на замену ім прыйшла ігра на фартэпіяна. З таго моманту я стала сур'ёзна займацца ў гэтай сферы.
Нягледзячы на тое, што бацькі Юліі валодаюць музычнай адукацыяй, сама дзяўчына ніколі не наведвала спецыялізаваныя школы.
На сцэне наша суразмоўніца з васьмі гадоў. З гэтага ўзросту дзяўчына стала прымаць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх вакальных конкурсах, займаючы прызавыя месцы. У 10 і 14 гадоў Юлія была фіналісткай нацыянальнага адбору песні для «Дзіцячага Еўрабачання». Таксама выступала на праекце «Новая хваля» ў Маскве.
Пазней конкурсная дзейнасць саступіла месца канцэртнай. Дзяўчына разам з артыстамі падарожнічала па гарадах краіны і выступала ў рамках праекта «Залатая калекцыя беларускай песні». Тры і чатыры гады таму Юлія выступала на «Славянскім базары».
Безумоўна, удзел у розных праектах і конкурсах патрабуе нямала часу. Па словах Юліі, сумяшчаць выступленні і вучобу ў школе не было праблемай.
— Нічога складанага, калі ты ўмееш размяркоўваць час і сілы.
Галоўнай цяжкасцю дзяўчына назвала сітуацыі, калі час канцэрта супадае з раскладам заняткаў.
За ўсе гады музычнай дзейнасці ў Юлі сабралася вялікая калекцыя прызоў. Але, як прызналася суразмоўніца, яны адыгрываюць для яе не галоўную ролю.
— Для любога артыста самая важная ўзнагарода — увага гледача. Калі яна ёсць, то ніякія кубкі і статуэткі не патрэбныя.
Дзяўчына распавяла, што са страхам сцэны ніколі не сутыкалася.
— Хваляванне заўсёды прысутнічае. Але калі выходзіш, забываеш пра гэта і выступаеш для сябе і гледачоў. Важна атрымліваць асалоду ад таго, што робіш, і не баяцца чужога меркавання.
Нягледзячы на моцную цікавасць да музыкі, пры выбары месца навучання Юлія аддала перавагу факультэту журналістыкі.
— Калі я была маленькая, часта прымала ўдзел у розных тэле- і радыёшоу. Мяне вельмі прыцягвала гэтая сфера. Яна здавалася чымсьці неверагодным. Акрамя таго, я досыць гаваркая, мне не складае ніякай цяжкасці гаварыць на камеру. Калі зразумела, што мая дзейнасць на сцэне і выступленні ў кадры часткова падобныя, падумала: чаму б і не? Ні разу яшчэ не пашкадавала аб сваім выбары.
Па словах Юліі, пасля заканчэння вучобы найлепшым варыянтам для яе стане магчымасць сумяшчаць журналістыку і музыку.
Yuka — музычны псеўданім дзяўчыны. Пад ім Юлія выпусціла сваю песню пад назвай «А ты».
— Гэта важная для мяне кампазіцыя, паколькі яна першая, дзе я з'яўляюся аўтарам слоў і музыкі. Любы чалавек сутыкаецца з эмацыянальным выгараннем. «А ты» якраз пра гэты стан. Я лічу так: усё дрэннае ў жыцці рана ці позна заканчваецца, і калі надыходзіць такі перыяд, гэта значыць, што потым будзе нешта лепшае.
Па словах Юліі, нягледзячы на тое, што гэта яе першая песня ўласнага сачынення, яна не стане апошняй. У хуткім часе дзяўчына плануе выпусціць новыя творы.
— Мяне натхняюць кнігі, фільмы, мае сябры, бацькі, усё што заўгодна. Мне падабаецца гэты стан, таму што ў ім я вельмі працаздольная. Лічу, што жаданне ствараць можна знайсці ва ўсім. Галоўнае — захацець.
Куміра ў музычнай сферы ў дзяўчыны няма. Ёсць толькі артысты, якія падабаюцца больш за астатніх.
— Вельмі даспадобы работа Земфіры. Мне здаецца геніяльным, калі чалавек здольны сабраць шматтысячныя залы без якой-небудзь асаблівай рэкламы.
Таксама Юлію ўражваюць песні Валерыя Меладзэ. На думку дзяўчыны, у спевака шыкоўны голас, а ўсе яго песні маюць выдатныя хукі — фрагменты, якія вылучаюцца і асабліва падабаюцца слухачам, чапляюць.
— Мне здаецца, гэта артыст, які аб'ядноўвае наогул усіх.
На думку дзяўчыны, не мае сэнсу параўноўваць спевакоў паміж сабой, бо кожны творчы чалавек — асоба.
Юлія меламан, слухае абсалютна ўсе віды музыкі. На пытанне пра ідэальна выкананую песню дзяўчына назвала адну з работ ірландскага спевака Hoіzer.
— Гэта Take Me to Church. У ёй выдатная аранжыроўка, круты тэкст, а голас аўтара проста шыкоўны. Лічу, што гэта тая кампазіцыя, якая ніколі не надакучыць.
У Іnstagram-акаўнце Юліі ёсць відэа пад назвай «Таямнічая гісторыя Б.М.».
— Пасля дзявятага класа я зацікавілася біяграфіяй Білі Мілігана: прачытала пра яго кнігу, паглядзела фільм. Гэта натхніла мяне напісаць урывак.
Юлія расказала, што пасля таго, як апублікавала ролік у сваім акаўнце, атрымала вялікі фідбэк — водгук, зваротную рэакцыю.
— Вельмі шмат людзей цікавіліся, як называецца песня і дзе яе можна спампаваць. Магчыма, калі-небудзь яна выйдзе. Паколькі гэта мой аўтарскі ўрывак, ён падабаецца мне больш за ўсе іншыя відэа ў профілі.
Таксама ў сваім акаўнце Юлія час ад часу публікуе каверы на розныя песні.
Акрамя музыкі, дзяўчына любіць глядзець фільмы і серыялы, чытаць кнігі, сустракацца з сябрамі.
— Галоўнае — умець адпачываць і прысвячаць сабе вольны час, — лічыць суразмоўніца.
...Нядаўна на факультэце журналістыкі БДУ прайшоў міжуніверсітэцкі паэтычны форум. На ім Юлія выступіла са сваёй песняй пад назвай «Картина за двести». Лірычны твор дзяўчыны выклікаў захопленую рэакцыю ў гледачоў, і некаторыя паспяшаліся знайсці песню ў інтэрнэце.
Лізавета МАЛЬЧУК, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ
Фота дадзена гераіняй
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[5] https://zviazda.by/be/tags/yuliya-mazhylouskaya