Намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка пракаментаваў, як зменіцца аплата працы медыцынскіх работнікаў пасля адмены «ковідных» надбавак.
Ён адзначыў, што Указ № 131, які прадугледжваў гэтыя надбаўкі, быў прыняты ў 2020 годзе, калі Беларусь сутыкнулася з каранавіруснай інфекцыяй. Дакумент дазволіў аказаць неабходны аб'ём медыцынскай дапамогі пацыентам ва ўмовах пандэміі і захаваць кадравы патэнцыял працаўнікоў галіны. Дзякуючы Указу значна павялічыўся памер аплаты працы работнікаў галіны.
Паводле слоў намесніка міністра, цяпер эпідэміялагічная абстаноўка стабілізавалася, захваральнасць на COVІD-19 нязначная, насельніцтва правакцынаванае. Указ № 131 адменены. Замест яго Міністэрства аховы здароўя распрацавала пастановы, якія ў найбліжэйшы час будуць прыняты. Уведзена новая стымуляцыйная выплата ўсім урачам і сярэднім медыцынскім работнікам — надбаўка за работу ў сферы аховы здароўя.
У залежнасці ад складанасці і інтэнсіўнасці працы ўстаноўлены большы памер надбаўкі спецыялістам у прыёмных аддзяленнях стацыянараў, аддзяленнях анестэзіялогіі і рэанімацыі, аддзяленнях для пацыентаў з інсультамі, выязных брыгадах хуткай медыцынскай дапамогі, участковай службе паліклінік. Таксама ўстаноўлена надбаўка за асаблівасць прафесійнай дзейнасці малодшым медыцынскім сёстрам, санітаркам прыёмных аддзяленняў стацыянараў, аддзяленняў (палат) для пацыентаў з інсультамі, выязных брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, аддзяленняў (палат) анестэзіялогіі і рэанімацыі.
— Як і даручаў Прэзідэнт, дакументамі Міністэрства аховы здароўя «ковідныя» надбаўкі трансфармаваны ў іншыя стымуляцыйныя выплаты, што дазволіць павысіць заработную плату ўсім медыцынскім работнікам, а не толькі пацыентам з COVІD-19, якія аказваюць медыцынскую дапамогу, — падкрэсліў Дзмітрый Чараднічэнка.
Міністэрства аховы здароўя працягне штомесячны кантроль узроўню аплаты працы ўсіх медыцынскіх работнікаў.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/aplata
[6] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus