Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб жаданні пераарыентаваць на парты Санкт-Пецярбурга амаль 20 млн т грузаў. Аб гэтым ён заявіў 24 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым, перадае [1] БелТА.
«Ёсць аб чым пагаварыць. Асабліва ў плане націску Захаду на Беларусь. Мы поўнасцю хочам мільёнаў 20 тон пераарыентаваць, свае патокі, на вашы парты. І буду прасіць у вас падтрымкі і дапамогі. З Прэзідэнтам Расіі мы аб гэтым дамовіліся. Вы ведаеце, ён вам тэлефанаваў наконт гэтага. Думаю, што калі мы з вамі тут разгорнемся, то і для Піцера гэта будзе добры кавалак работы. І для нашых піцерскіх сяброў добрыя рабочыя месцы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Як паведамлялася БелТА, выкарыстанне расійскай партовай інфраструктуры для перавалкі беларускіх грузаў абмяркоўвалася ў пачатку чэрвеня і на сустрэчы ў Мінску Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам. «Я крыху прыадкрыю заслону, таму што не гатовы і не маю пакуль права гаварыць падрабязнасці. Мы разгледзелі камбінаваны варыянт. Беларускія спецыялісты паглядзелі ўжо зямельныя ўчасткі, на якіх можна будаваць уласныя партовыя збудаванні. Называліся вельмі сціслыя тэрміны будаўніцтва. А паралельна выкарыстоўваць існуючыя тэрміналы. І мы назвалі некалькі тэрміналаў, якія гатовы ўжо сёння заключыць пагадненні, дагаворы аж да перадачы, можа, нават часткі тэрыторыі, часткі партовых магутнасцей у кіраванне беларускаму боку, каб ужо сёння пайшлі адгрузкі», — расказаў 2 чэрвеня журналістам Аляксандр Драздзенка.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-zajavil-o-zhelanii-pereorientirovat-na-porty-sankt-peterburga-okolo-20-mln-t-gruzov-509987-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[3] https://zviazda.by/be/tags/sankt-pecyarburg
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-byaglou