Кансалідаваць намаганні ў Год гістарычнай памяці грамадскіх арганізацый патрыятычнай накіраванасці на добраўпарадкаванне сімвалe смутку і трагедыі генацыду беларускага народа прапанаваў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Напярэдадні галоўнага свята беларускай дзяржаўнасці — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 78-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — у добраахвотным пачыне прымуць удзел больш за 80 чалавек. Свой уклад у добраўпарадкаванне мемарыяла «Могілкі вёсак» у «Хатыні» зробяць прадстаўнікі БРСМ, ФПБ, РГА «Белая Русь» і іншых, маладзёжных аддзелаў асноўных канфесій Беларусі, удзельнікі Усебеларускай маладзёжнай будоўлі «Хатынь», рэспубліканскіх працоўных вытворчых праектаў Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ «Атлант-2022», «Аўтазаводзец-2022» і «Трактарабудаўнік-2022».
Яны дапамогуць будаўнікам пагрузіць бутавы камень (кожны камень важыць ад 5 да 7 кілаграмаў), якім былі выбрукаваны дарожкі мемарыяльнага комплексу, для перамяшчэння ў часовае сховішча (па задуме архітэктараў, наведвальнікі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» павінны былі падыходзіць па выпнутых камянях і схіляць галовы перад тым, што тут адбылося ў дзень трагедыі). У сувязі з рэканструкцыяй комплексу сёння сцежкі дэмантаваны спецыялістамі і будуць адноўлены пасля заканчэння работ.
Грамадская працоўная ініцыятыва стартуе на «Плошчы Памяці» мемарыяльнага комплексу «Хатынь» з эстафеты памяці «Беларусь памятае. Памятаем кожнага». Пасля здзяйснення літыі благачынным Лагойскага раёна, протаіерэем Аляксандрам Зімніцкім удзельнікі мерапрыемства ўшануюць хвілінай маўчання памяць ахвяр Хатыні, ускладуць кветкі да мемарыяла «Вечны агонь» і ўсталююць запаленыя лампады.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/hatyn-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/akcyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/god-gistarychnay-pamyaci