Дні культуры Рэспублікі Беларусь 1 ліпеня адкрыліся ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Пра гэта распавялі ў беларускім пасольстве ў Пекіне, перадае [1] БелТА.
Сімвалічна, што іх адкрыццё адбылося напярэдадні Дня Незалежнасці нашай краіны. Упершыню яны праходзяць у анлайн-фармаце і працягнуцца да 1 кастрычніка.
Міністр культуры Анатоль Маркевіч у сваім прывітанні падкрэсліў, што Дні культуры праводзяцца ў год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. І нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, нашы дзяржавы пастаянна знаходзяць новыя магчымасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Культурныя сувязі паміж Беларуссю і Кітаем у апошнія гады таксама актывізаваліся.
«Культура — гэта тая сфера, якая па сваім характары спрыяе наладжванню і ўмацаванню дружбы паміж людзьмі і народамі, стварае спрыяльную глебу для паляпшэння супрацоўніцтва і ў іншых сферах, бо народы Беларусі і Кітая валодаюць унікальным гістарычным вопытам і багатымі культурнымі традыцыямі», — адзначыў Анатоль Маркевіч.
Міністр культуры і турызму Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Хэпін у сваім віншаванні адзначыў, што за 30 гадоў развіцця дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі Беларусь і Кітай пад кіраўніцтвам сваіх лідараў Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна дасягнулі найвышэйшага ў гісторыі ўзроўню давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Правядзенне абменных Дзён культуры дазваляе не толькі пашыраць супрацоўніцтва ў сферы культуры, але і ствараць трывалыя сяброўскія сувязі паміж нашымі народамі, служыць узорам узаемавыгаднага супрацоўніцтва.
«Мы будзем і далей паглыбляць супрацоўніцтва ў сферы культуры і турызму і сумеснымі намаганнямі ўзводзіць новыя масткі дружбы і ўзаемаразумення, напаўняць двухбаковыя адносіны новым зместам і ўносіць агульны ўклад у будаўніцтва супольнасці адзінага лёсу чалавецтва», — адзначыў Ху Хэпін.
Сёлета ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Кітаі нашу краіну прадставяць балетная трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета з балетам «Спартак», Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» з тэатралізаванай харэаграфічнай праграмай «Мы — беларусы» і Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь Ім. Г. і. Цітовіча са сваёй канцэртнай праграмай.
Дзякуючы анлайн-трансляцыям на платформах вядучых кітайскіх СМІ (CCTV, Tencent, Youku і іншых) гледачы ў Кітаі змогуць бліжэй пазнаёміцца з традыцыйнай беларускай культурай і ўбачыць канцэртныя праграмы лепшых творчых калектываў Беларусі.
Абменныя Дні культуры з’яўляюцца адным з важных напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва. Паміж Беларуссю і Кітаем яны праходзілі ў 2011, 2012, 2015, 2017 і 2019 гадах.
Беларусь і Кітай 20 студзеня 2022 года адзначылі 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Узровень супрацоўніцтва вырас ад узаемадзеяння па ключавых пытаннях да адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Сёння нашы краіны паслядоўна прасоўваюцца да гістарычнага павышэння ўзроўню ўзаемаадносін да «жалезнага братэрства» і «партнёрства любога надвор’я».
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/dni-kultury-belarusi-otkrylis-v-kitae-511307-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/dni-kultury-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/knr