У Драгічыне каля адзінаццаці гадзін вечара дзяжурны мясцовага РАУС накіраваў нарад Дэпартамента аховы на вуліцу Пралетарскую — паступіла паведамленне аб панажоўшчыне.
За лічаныя хвіліны экіпаж прыбыў да месца здарэння. У прыватным доме праваахоўнікі заспелі мужчыну з пранікальным раненнем брушной поласці і неадкладна выклікалі брыгаду хуткай дапамогі.
У ходзе разбору ўдалося ўстанавіць, што сусед, які жыве насупраць, зайшоў да пацярпелага ў двор, дастаў нож і беспадстаўна нанёс адзін удар у вобласць жывата, пасля чаго схаваўся, паведамляе падрабязнасці МУС.
Зламысніка дапамог выявіць службовы сабака, які прывёў міліцыянераў у суседні двор, дзе за гаспадарчымі пабудовамі хаваўся фігурант.
67-гадовы мясцовы жыхар на момант затрымання знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення — 1,1 праміле. Прычыну зробленага растлумачыць не змог.
За наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання заведзена крымінальная справа.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-sprava
[2] https://zviazda.by/be/tags/mus
[3] https://zviazda.by/be/tags/dragichyn