7 ліпеня, у дзень 140-годдзя Янкі Купалы, у сталічным парку, які носіяць яго імя, прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка народнаму паэту Беларусі.
Мерапрыемства пачалося з абвяшчэння прывітальнага адраса Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яго зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі. «Для многіх пакаленняў знакаміты Пясняр стаў пуцяводнай зоркай, прыкладам бескарыслівага служэння Айчыне. Паэт, драматург, публіцыст, сваімі творамі ён адкрываў беларусам багацце і прыгажосць роднай мовы, хараство пейзажаў, слаўную гісторыю нашай краіны. Глыбока сімвалічна, што ў гэтым годзе, у Год гістарычнай памяці, мы зноў звяртаемся да купалаўскага слова як носьбіта высокай духоўнасці беларускага народа», — гаворыцца ў віншаванні. Пасля адрас быў перададзены дырэктару Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганне Галінскай для захоўвання ў фондах.
Міністр культуры Анатоль Маркевіч у сваім выступленні адзначыў: «Творчасць Янкі Купалы з'яўляецца сапраўднай энцыклапедыяй жыцця беларускага народа, узорам сусветнай літаратуры, якую ведаюць і паважаюць ва ўсім свеце».
Ва ўнісон з гэтым гучалі і словы старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча: «Веліч Купалы недасягальная ў касмічнай прасторы, у якой заўсёды праз стагоддзі будуць прысутнічаць тыя творы, вершы, паэмы, п'есы, якія напісаў вялікі класік. Веліч Купалы — гэта і разуменне, што ў нас ёсць паэт сусветнага маштабу. Перакладзеныя больш чым на 100 моў народаў свету творы Янкі Купалы — яскравае таму пацвярджэнне».
Таксама ён адзначыў, што адзін з першых вядомых твораў Песняра — гэта верш з сімвалічнай назвай «Мая доля» і што доля беларусаў — быць з Купалам, заўсёды разумець і асэнсоўваць тыя сакральныя запаветы, якія ён пакінуў наступным пакаленням.
Акрамя таго, у цырымоніі ўскладання кветак узялі ўдзел міністр адукацыі Андрэй Іванец, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прадстаўнікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, нашчадкі Янкі Купалы, прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага фонду культуры, а таксама розных устаноў культуры і адукацыі сталіцы.
Незабыўную атмасферу свята дапамаглі стварыць Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, Музычная капэла «Санорус», выступленні дзіцячых калектываў.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lizaveta-golad
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kupala
[4] https://zviazda.by/be/tags/140-gadou-kupalu-i-kolasu
[5] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0