У Паўночнай сталіцы Расійскай імперыі пачатку ХХ стагоддзя спакваля фарміраваўся беларускі асяродак, наладжвалася выдавецкая справа. Культурны, высока інтэлектуальны кантэкст вымагаў трымаць планку нацыянальнага жыцця. У падмурак будучага Беларускага дома тут закладваліся асноўныя камяні. Але далёка не кожны з энтузіястаў нацыянальнага будаўніцтва добра вядомы сёння.
Адзін з прадстаўнікоў беларускага зямляцтва ў Санкт-Пецярбургу — Леанід Сеўрук (1867—1918) — асоба ці не найменш даследаваная сярод іншых. Склалася дваістая сітуацыя, адасоблена зафіксаваная ў розных нацыянальных кантэкстах. У Расіі творчая спадчына знакамітага (такі акцэнт нязменна прысутнічае ў біяграфічных звестках) вучонага-метадыста разглядаецца як важны гістарычны этап фарміравання прынцыпаў выкладання прыродазнаўства, што бярэ пачатак ад М. Ламаносава. Падручнікі Л. Сеўрука шмат разоў перавыдаваліся. Так, «Пачатковы курс прыродазнаўства» ў 1908 г. вытрымаў ужо сваю пятую апрабацыю ў сістэме адукацыі. У педагагічных колах Расіі быў у актыўным ужытку выраз «выкладаць па Сеўруку».
У гісторыі беларускай літаратуры знакаміты педагог засведчыўся непасрэдным чынам, прытым у адным з першых выданняў будучага класіка літаратуры. Праўда, гэты факт наўпроставага дачынення практычна ніколі не акцэнтаваўся і, адпаведна, не даследаваўся. Вучоны-прыродазнаўца быў рэдактарам і аўтарам прадмовы да «Другога чытання для дзяцей беларусаў» (Пецярбург, 1910) Якуба Коласа. Пра што і на вокладцы, і на тытульнай старонцы адзначана ў адпаведнасці з тагачаснай народнай стылістыкай: «Пераглядзеў і прадмову прыпісаў Л. СЕЎРУК».
Уступнае слова да «Другога чытання…» варта разглядаць у кантэксце беларускай мастацка-публіцыстычнай традыцыі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, прадмоў Францішка Багушэвіча. Зачынны тэкст Леаніда Сеўрука дакладна датаваны — 23 чэрвеня 1909 года. Можам меркаваць, напісаны на адным дыханні, прыроўненым да паэтычнай творчасці: «Бярэш у рукі ксёнжачку і здаецца табе цяпер <…> саўсім як бы пабыў на сваёй роднай старонцы, адвёў, як кажуць, душу. Разам з гэтым ты сваёю душою пачуў, што значыць родная мова, напісаная на паперы, надрукованая ў ксёнжцы».
Падчас глабальных узрушэнняў нацыя нальныя дзеячы не толькі словам, але і справай імкнуліся паспрыяць землякам. Так узнікла і дабрачынная арганізацыя «Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны» (1916—1918). Сярод яе заснавальнікаў быў Браніслаў Эпімах-Шыпіла, а на чале камітэта (кіраўнічага органа) стаяў Леанід Сеўрук.
У энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (1986) адносна Леаніда Сеўрука сказана: «Прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху пачатку ХХ ст.». Асабістае стаўленне характарызуюць дарчыя подпісы на кнігах «Адвечная песня», «Гусляр», «Шляхам жыцця», што былі выдадзены ў Паўночнай сталіцы Расійскай імперыі. «Вельмі паважанаму прафесару п. Л. С. Севруку ў довад прызнання яго прац і думак, пакладзеных на карысць маці-Беларусі і яе нешчаслівага народу. Ад шчырага сэрца. Янка Купала. Пецярбург 25/VІ.1910 г.», — дарчы аўтограф на кнізе «Адвечная песня» (1910). Даведачнаму артыкулу папярэднічала толькі адна публікацыя — у газеце «Літаратура і мастацтва»…
У канцы 1981 года пісьменніца і даследчыца Лідзія Арабей з перасадкамі адправілася ў горад Манчагорск Мурманскай вобласці. За палярны круг яе клікалі цікавы чалавек і яго ўнікальны кніжны збор. Гаворка пра Барыса Пятроўскага (1910—1994), родам з вёскі Нізок Мінскай губерні. У той час ён быў начальнікам каштарысна-дагаворнага аддзела Кольскага мантажнага ўпраўлення. Справаздачу пра сваю паездку і цікавую сустрэчу Лідзія Львоўна апублікавала на старонках «ЛіМа» ад 1 студзеня 1982 года — «Дарога вяла на поўнач. Невядомыя аўтографы песняра».
Маладыя гады Барыса Пятроўскага звязаны з Ленінградам. У канцы 1920-х гадоў у горадзе на Няве існаваў Беларускі Дом асветы: «Размяшчаўся ён на Фантанцы, 2, у былым багатым асабняку з шыкоўнай мэбляй, люстрамі. Мы ў сваіх паношаных світках, мусіць, не вельмі ўпісваліся ў тыя інтэр’еры, але нічога, нам тыя інтэр’еры не перашкаджалі!» Гасцямі беларускай гасподы, якая мела свой драматычны гурток, хор, багатую бібліятэку, былі Яўхім Карскі, Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар, Заір Азгур і інш.
Двухпакаёвая кватэра Барыса Пятроўскага ў Манчагорску ўся застаўлена кнігамі. Частка з іх прыдбана ад удавы Леаніда Сеўрука: «Напакаваў поўны чамадан ды яшчэ і пачак звязаў». Заўзяты бібліяфіл ахвяраваў сваім адзіным пінжаком. Але не толькі пра гэта было расказана шаноўнай госці з Мінска. Сэрцы даследчыкаў не могуць не сціснуцца ад шкадавання пасля наступнага эпізоду:
«А ўдава выняла з шафы пакет, паказвае мне і гаворыць:
— У мяне яшчэ вось гэта захавалася.
Глянуў я, а гэта ладны пачак пісем, перавязаных стужкаю. Пісьмы Янкі Купалы да Сеўрука.
Нясмела папрасіў у жанчыны:
— Дык, можа, вы мне іх аддасцё?..
Жанчына памулялася, яўна не ведаючы, як лепей зрабіць, потым уздыхнула:
— Не, гэта, усё-такі, асабістая перапіска, мала што тут можа быць, мужу гэта, магчыма, было б непрыемна…
І паклала пісьмы назад у шафу. Сказала са шкадаваннем:
— Мусіць, гэтыя пісьмы мне прыйдзецца знішчыць…
Я нічым не мог перашкодзіць такому намеру ўдавы. Мусіць, яна іх потым і знішчыла»…
У лютым 1997 года Сяргей Панізнік, тады вучоны сакратар Літаратурнага музея Янкі Купалы, з падказкі Лідзіі Арабей выправіўся ў Манчагорск разбіраць кнігазбор ужо спачылага Барыса Пятроўскага. Вярнуўся Сяргей Сцяпанавіч з двухпудовым скарбам: 98 кніг, 48 паштовак. Сярод прывезенага — «Гусляр» (1910), «Адвечная песня» (1910), «Шляхам жыцця» (1913) з дарчымі подпісамі аўтара. Супрацоўнікі музея ў ліку першых змаглі наглядна пераканацца ў праўдзівасці слоў папярэдняга візіцёра, лімаўскага аўтара: «Усе беларускія кнігі ў яго бібліятэцы былі любоўна пераплецены ў цвёрдыя вокладкі, на вокладках бронзаю адціснуты назвы выданняў і ініцыялы гаспадара бібліятэкі — А. С.».
Звесткі пра паходжанне вядомага расійскага педагога фрагментарна раскіданы па асобных публікацыях краязнаўцаў, біёграфаў. Дзякуючы ім да інфармацыі з энцыклапедычнага даведніка стала магчымым дадаць, што ў 1885 г. Л. Сеўрук скончыў Слуцкую гімназію. Бацька Леаніда Сафонавіча быў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду Курч-Сотва-Сеўрукаў, які, паводле сямейных паданняў, вёў свой радавод ад князя Гедыміна.
На жаль, беларускі складнік грамадска-культурнай дзейнасці Леаніда Сеўрука на дзесяцігоддзі застыў у першапачатковым стане фіксацыі ў двух невялікіх артыкулах 1982 і 1986 гадоў (абодва належаць пяру Лідзіі Арабей), не сфарміраваўся як асобная манаграфічная тэма.
У сеціве размешчана толькі адна партрэтная выява Леаніда Сеўрука, на якой зафіксаваны чалавек сталага веку. На маю просьбу адгукнуўся калега з Масквы, гісторык Ігар Барынаў, перадаў мне залацінкі архіўнай інфармацыі, якія дазволілі вярнуцца да раней закранутай тэмы, распрацоўкі яе асобных сюжэтных ліній. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга быў выялены фотаздымак на плёнцы са студэнцкага перыяду «аб’екта» нашай увагі.
Звесткі пра радавод дазволілі правесці росшукі з куды большым энтузіязмам. Слуцкі напрамак набыў сваю канкрэтызацыю. Паводле архіўнага дакумента («Студэнцкая справа Л. С. Сеўрука»),
«Отец — отставной унтер-офицер Сафоний Кондратьевич Севрук, православный.
Имеет бронзовую медаль на Андреевской ленте в память войны 1853—1856 и две нашивки золотой тесьмы за беспорочную 18-летнюю службу.
От роду 37 лет (в 1864), росту примерно 2 аршина 7 вершков, глаза карие, нос умеренный.
В службу вступил из однодворцев Минской губернии, 3-го Сороговского участка, рекрутом 22 января 1846. Произведен в унтер-офицеры лейб-гвардии Гренадерского полка в декабре 1861.
28 мая 1865 в погостской Иоанно-Предтеченской церкви вступил в брак с однодворкой католического исповедания Камилией Ксаверьевной Розвадовской.
Леонид родился 25 сентября 1867 в застенке Сорогово, окрещен 30 сентября того же года».
Лакалізацыя пошуку прывяла ў вёску Сорагі Слуцкага раёна. На старых могілках тут знайшлі вечны спачын бацькі Леаніда Сеўрука. На вялікую радасць, і пахаванне, і помнік захаваліся. Вельмі адметна, што надпіс пачатку ХХ стагоддзя зроблены па-беларуску: «Сафон Кандратаў Сеўрук 1819—1902 і жонка яго Камілля Ксавераўна з Развадоўскіх 1834—1892». Вось такімі непрадказальнымі часам бываюць даследчыцкія шляхі. Погляд здалёку прымушае ўважлівей пашукаць паблізу.
Мікола ТРУС
Кандыдат філалагічных навук
Фота дадзены з фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Санкт-Пецярбурга, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Янкі Купалы
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-trus
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/140-gadou-kupalu-i-kolasu
[5] https://zviazda.by/be/tags/sankt-pecyarburg
[6] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[7] https://zviazda.by/be/tags/kupala
[8] https://zviazda.by/be/tags/leanid-seuruk
[9] https://zviazda.by/be/tags/pedagog