У тым, што глабальная эканоміка датычыцца кожнага, у нашы дні нікога не трэба пераконваць. На жаль, ацэнкі экспертамі перспектыў яе развіцця не радуюць. Міжнародны валютны фонд пагоршыў прагноз па развіцці глабальнай эканомікі на найбліжэйшыя два гады. Наколькі песімістычныя прагнозы блізкія да рэальнасці? Аб перспектывах эканамічнага развіцця Беларусі ў неспрыяльных геапалітычных умовах у відэаінтэрв'ю на сайце Нацыянальнага прэс-цэнтра расказаў адзін з самых вядомых эканамічных аналітыкаў краіны Георгій Грыц.
Ці ёсць у нашай краіне галіны, якія на сённяшні дзень дэманструюць высокі патэнцыял у сферы экспарту? Калі казаць аб знешнім гандлі, тут усё неадназначна, адзначае эксперт. У топ-3 знешнеэканамічных партнёраў Беларусі да нядаўняга часу ўваходзіла Украіна.
— Гэта было дадатнае сальда каля 4 млрд долараў, сукупны знешнегандлёвы абарот складаў каля 7 млрд долараў. На жаль, гэты кірунак работы страчаны, яго трэба неяк замясціць. Другі негатыўны фактар — санкцыйная палітыка. Калі ацэньваць знешнеэканамічнае сальда, даходы, якія выпадаюць, досыць істотныя, дзясяткі мільярдаў долараў. Ці можна іх назваць крытычнымі? Эканоміка інэрцыйная, і сёння казаць пра тое, наколькі гэта будзе крытычна ў канцы года, некарэктна.
У нас ёсць стратэгічныя партнёры, тая ж Расійская Федэрацыя. З ёй у нас дастаткова вялікія планы. І ў нас з'явіўся новы асноўны партнёр — Кітайская Народная Рэспубліка. Дарэчы, упершыню за ўвесь час суверэнітэту нашай краіны партнёрскія адносіны з КНР выйшлі на другое месца па тавараабароце.
На сённяшні дзень сапраўды назіраецца адмоўнае сальда, падзенне па экспарце, канстатаваў спецыяліст.
— Упаў сыравінны экспарт. У нас адзін з асноўных складнікаў экспарту — калійныя ўгнаенні. Але, на жаль, з-за прыбалтыйскіх партнёраў, канкрэтна літоўскага антылобі фактычна мы пазбавіліся шмат у чым экспартнай выручкі. Але ў той жа час ёсць рост экспарту ў Расійскую Федэрацыю. І я б не казаў, як кажуць сёння многія апаніруючыя эксперты: маўляў, яшчэ пару гадоў таму гаворка ішла аб дыверсіфікацыі (траціна, траціна і траціна) рынкаў блізкага, далёкага замежжа і Расійскай Федэрацыі, а цяпер Расія нас «закабаліла», гэта наш адзіны партнёр... Дык што, калі ёсць попыт на расійскім рынку, не пастаўляць туды? Расійскі рынак заўсёды быў высокамаржынальным, ён так склаўся. І адмовіцца ад яго — тое ж самае, што стрэліць сабе ў нагу.... На дадзены момант рынак яшчэ фарміруецца: выбудоўваюцца новыя лагістычныя ланцужкі, новыя партнёрскія адносіны. Таму трэба прадаваць там, дзе купляюць, дзе даюць больш. А запатрабаванасць у Расіі ёсць, існуе патрэба ў беларускай прадукцыі.
Па многіх пазіцыях не на дзесяць, дваццаць або трыццаць працэнтаў, а ў разы вырас экспарт у Расійскую Федэрацыю, сказаў аналітык.
— Калійныя ўгнаенні — гэта фарміраванне да 20 % экспарту, высокамаржынальны прадукт. Больш за тое, ён канкурэнтны, таму што здабыча яго ў нас істотна ніжэйшая па кошце, чым у еўрапейскіх канкурэнтаў. Нашы цэны былі з розных прычын нават меншымі, чым у канадскіх кампаніях, якія цяпер гэтую нішу хочуць заняць. Але сёння мы бачым, што парушаны лагістычныя ланцужкі, і ў выніку церпім не толькі мы, але і ў цэлым глабальная эканоміка. Рынак, у тым ліку сыравінны, часам будуецца па прынцыпе «мне добра за кошт блізкага»...
Цяпер на слыху сфера дрэваапрацоўкі, адзначыў эксперт.
— Калі паглядзець апошнюю пераарыентацыю канцэрна «Беллеспаперапрам», літаральна за 2-3 месяцы фактычна абнуліўся экспарт у краіны Еўрасаюза, але ён замясціўся краінамі ўсходняга рэгіёна, у тым ліку ў Кітайскую Народную Рэспубліку. У прынцыпе, сыравінны рынак заўсёды запатрабаваны.
Няпроста складваецца сітуацыя з крытычным імпартам. Гаворка ідзе пра тую прадукцыю, якая не вырабляецца ў краіне, рэгіёне, але патрабуецца або для рынку, або для стварэння дабаўленай вартасці: кампаненты, мікраэлектроніка і г. д.
— Расійскія эксперты ацэньваюць сумесны сукупны крытычны імпарт у 130 млрд долараў. Мы жылі ў самазаспакоеным рэжыме, чулі шмат запэўненняў, што свет глабальны.
Навошта ўкладваць трыльёны долараў у арганізацыю вытворчасці, калі гэта ўсё можна купіць у два разы танней?.. Але сёння ўсё часцей мы чуем аб тэхналагічнай незалежнасці. Гэтае пытанне ў сучасным свеце — на ўзроўні нацыянальнай бяспекі, падкрэсліў эксперт.
Цяпер ідзе працэс перафармаціравання знешнеэканамічнай дзейнасці, будуюцца новыя партнёрскія адносіны.
— І тут я б адзначыў, што наша краіна падала заяўку на ўступленне ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС). Гэта дастаткова перспектыўны рэгіён, туды ўваходзіць частка постсавецкіх краін. Яны нам знаёмыя, у нас з імі добрыя адносіны.
На вырашэнне пытання крытычнага імпарту накіраваныя 28 праграм Саюзнай дзяржавы, распавёў Георгій Грыц.
— Яны ствараюць інфраструктурныя ўмовы. І тыя 15 праектаў, якія літаральна месяц таму былі вызначаны на ўзроўні дзвюх дзяржаў, накіраваныя на імпартазамяшчэнне. Крытычны імпарт сёння з'яўляецца самым актуальным пытаннем.
Што датычыцца высокатэхналагічнага рынку, то, на жаль, сітуацыя ў многім вельмі неадназначная — шмат у чым з-за ілюзіі, што ўсё можна купіць: мікрасхемы, тэлефоны, падкрэсліў Георгій Грыц.
— Беларусі ўдалося захаваць патэнцыял, — сказаў ён.
Але возьмем, напрыклад, мікраэлектроніку, працягнуў эксперт. Рынак вельмі манапалізаваны. Сёння ў многіх краінах кажуць аб тым, што трэба рабіць уласную альтэрнатыву.
— Літаральна на пальцах адной рукі можна палічыць кампаніі, якія вырабляюць гэтую прадукцыю на ўвесь свет. Яны знаходзяцца ў Карэі, Тайвані — дарэчы, у гэтым пераліку няма ні ЗША, ні дзяржаў Еўрасаюза. Яны самі выпусцілі гэты трэнд і цяпер ацэньваюць вяртанне лакалізацыі вытворчасцяў у раёне 50 мільярдаў долараў. Калі мы хочам замясціць гэтую прадукцыю, то пытанне, будзем аб'ектыўныя, не толькі ў тэрмінах, але і ў тэхналогіях. Прывяду прыклад. Сёння тайваньская кампанія, якая з'яўляецца сусветным лідарам у галіне вытворчасці мікрасхем і ўвайшла ў топ-10 на гэтай кан'юнктуры па капіталізацыі кампаній (уключаючы газавыя і нафтавыя), запускае ў вытворчасць мікрачыпы таўшчынёй на ўзроўні дзясяткаў нанаметраў. У той жа час на нашых прадпрыемствах пакуль мяжа па тэхналогіях — сотні мікраметраў. Каб пераскочыць гэты разрыў — з сотняў мікраметраў да дзясяткаў нанаметраў, спатрэбяцца трыльёны долараў. Я не кажу аб людскім, тэхналагічным, часавым патэнцыяле. Таму мы праз чыстае імпартазамяшчэнне высокатэхналагічны сектар не пераскочым. Застаецца рэінжынірынг, паўтор той жа, паралельны імпарт. Але сёння рэінжынірынг ужо не адыгрывае той ролі, якую адыгрываў 30 гадоў таму. Сёння пытанне не ў структуры, а ў тэхналогіях. У свеце няма такой краіны, якая здольная замясціць увесь сегмент інавацыйнай прадукцыі. Гэта немагчыма ў прынцыпе. Але патэнцыял развіцця інавацый вельмі важны.
На якія яшчэ сферы, на думку эканамічнага аналітыка, Беларусі мэтазгодна звярнуць увагу ў існуючых умовах?
— Актуальная ніша — фэшн, замена брэндавага адзення, развіццё лёгкай прамысловасці. Машынабудаванне я б адзначыў асобна, таму што сёння па суадносінах цаны і якасці мы адназначна канкурэнтаздольныя. У станкабудаванні мы кампетэнцыі не страцілі. Патэнцыял захаваўся па біятэхналогіях, у сельскай гаспадарцы.
Георгій Грыц падкрэсліў таксама, што многія прадпрыемствы, у тым ліку буйныя, транснацыянальныя (той жа «МакДональдс») сыходзяць з расійскага рынку.
— Калі б мы замясцілі некаторыя з гэтых ніш, гэта быў бы вельмі добры прырост, на ўзроўні 10 % ВУП.
Выбудоўваць эканоміку закрытага цыкла спрабавалі многія краіны. Самы паспяховы вопыт — у Кітая. Ці трэба спрабаваць ісці гэтым шляхам?
— Кітай дэ-факта стаў членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў 2001 годзе. Да гэтага кітайская прадукцыя асацыіраваліся з таннасцю і нізкай якасцю. Але яны перайшлі да палітыкі стварэння ўласных кампетэнцый.
І ў цяперашні час заходнія кампаніі бачаць у кітайскіх брэндах саперніка на глабальным рынку, адзначыў эксперт.
— Ад звычайнай кантрафактнай прадукцыі яны перайшлі да рэінжынірынгу і паступова падняліся на ўзровень канкурэнтаў. А сёння ставяць сабе задачу да 2030-50 года стаць сусветным лідарам у галіне высокіх тэхналогій. І вопыт апошніх дзесяцігоддзяў паказвае, што кітайцы, як правіла, дасягаюць сваіх мэт. Кітай — добры прыклад, але з нацыянальнай спецыфікай. У нас няма столькі часу, няма такога ўнутранага рынку — мільярда спажыўцоў. Кітай для нас у першую чаргу цікавы як партнёр. У нас ёсць удалыя праекты — той жа «БелДжы», ёсць умовы для манетызацыі адносін паміж нашымі краінамі. Як бы я паступіў, калі б тэрмінова, «яшчэ ўчора» мне было трэба вывесці на рынак «выпадаючыя» тавары — скажам, тэлефоны або аўтамабілі прадстаўнічага класа? Расіяне, напрыклад, выбіраюць кітайскага партнёра і адкрываюць яму рынак, даюць падатковыя прэферэнцыі і г. д. Літаральна тыдні два таму з'явіўся новы брэнд электронікі Passіon, вынік партнёрства расійскай кампаніі з «Чайна Юніён Групп», адным з найбуйнейшых аператараў мабільнай сувязі ў Кітаі. Што нам перашкаджае знайсці партнёраў у КНР і стварыць ім умовы на базе таго ж «Інтэграла»?
Дзіяна РОНІНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/dyyana-ronina
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/georgiy-gryc
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[5] https://zviazda.by/be/tags/impartazamyashchenne