У Беларусі няма сістэмных, звязаных з арганізаванай злачыннасцю, карупцыйных праяў, паведаміў журналістам начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Ігар Грэйба, перадае [2] БелТА.
«У рэспубліцы няма сістэмных, тым больш звязаных з арганізаванай злачыннасцю, карупцыйных праяў. Наяўны ў рэспубліцы комплекс заканадаўчых, арганізацыйных і іншых механізмаў процідзеяння карупцыі дазволіў мінімізаваць карупцыйную злачыннасць, якая не ўплывае на развіццё эканамічных і сацыяльных працэсаў. Менавіта з гэтай прычыны сярод іншых дзяржаў СНД Беларусь характарызуецца як дзяржава, якая найменш схільная да карупцыі», — сказаў Ігар Грэйба.
На думку экспертаў некамерцыйнай дзелавой асацыяцыі TRACE International (ЗША), антыкарупцыйнае заканадаўства Беларусі з’яўляецца адным з самых добра распрацаваных у свеце і адпавядае найлепшым сусветным стандартам. Беларусь займае 12-е месца.
Па словах начальніка ўпраўлення, барацьба з карупцыяй з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці ўсіх праваахоўных органаў, у тым ліку пракуратуры. Асноўныя паказчыкі карупцыйнай злачыннасці ў рэспубліцы характарызуюцца адноснай стабільнасцю. Штогод учыняецца каля 1,5-2 тыс. злачынстваў гэтай катэгорыі, за іх учыненне да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца каля 1 тыс. чалавек. Удзельная вага такіх злачынстваў у іх агульнай колькасці — ад 1,5 працэнта да 3 працэнтаў. Прычым гэты від злачыннасці з’яўляецца высокалатэнтным і яго паказчыкі ў першую чаргу залежаць ад эфектыўнасці работы праваахоўнага блока.
У снежні мінулага года на рэспубліканскай каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй быў распрацаваны і цяпер праваахоўнымі органамі рэалізуецца комплекс мер па павышэнні эфектыўнасці процідзеяння карупцыі. З улікам яго выканання, а таксама іншых мерапрыемстваў у першым паўгоддзі гэтага года колькасць карупцыйных злачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўзрасла на 8 працэнтаў і павялічылася колькасць людзей, якія іх учынілі. Больш за ўсё злачынстваў учынена ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, дзяржаўнага кіравання, будаўніцтва, транспарту, аховы здароўя і адукацыі.
Ёсць факты набыцця таварна-матэрыяльных каштоўнасцей па завышанай цане, лабіраванні інтарэсаў канкрэтных пастаўшчыкоў, атрымання хабараў за вырашэнне пытанняў па заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў, дагавораў арэнды вытворчых і іншых памяшканняў, крадзяжы грашовых сродкаў і маёмасці.
Ігар Грэйба падкрэсліў, што да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца як радавыя супрацоўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, так і службовыя асобы, якія займаюць адказнае становішча.
Паводле слоў начальніка ўпраўлення, прыкладна палавіна праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства — найбольш складаныя, яны датычацца значных сфер эканамічнай дзейнасці. У ходзе іх правядзення ўстанаўліваюцца шматлікія парушэнні ў сферы закупак, ёсць факты неабгрунтаванага абмежавання доступу да ўдзелу ў працэдурах закупак, парушэнні парадку іх правядзення, маніпулявання конкурснымі дакументамі, дачы неаб’ектыўнай ацэнкі прапановам удзельнікаў закупак.
Мерамі пракурорскага рэагавання на пачатковай стадыі працэдуры закупкі толькі ў 2021 годзе папярэджана выкарыстанне з парушэннем заканадаўства сродкаў на суму звыш Br8,3 млн.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/society/view/genprokuratura-v-belarusi-net-sistemnoj-svjazannoj-s-organizovannoj-prestupnostjju-korruptsii-516982-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/prakuratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/karupcyya