Нягледзячы на тое, што другі месяц лета стартаваў гарачым надвор’ем, ён не змог папоўніць шэрагі цёплых месяцаў. Сярэдняя тэмпература паветра ў гэтым месяцы аказалася на 1 градус ніжэйшай за кліматычную норму. Пры гэтым па дажджах норма ліпенем была выкананая, а месцамі па захадзе краіны нават перавышаная ў 2–2,5 раза, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
А 5 жніўня наогул нам абяцаюць жоўты ўзровень небяспекі з-за спякоты. Чакаецца пераважна без ападкаў. Толькі днём па паўднёвым усходзе краіны, дзе адаб’ецца ўплыў няўстойлівай паветранай масы, месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Удзень паветра прагрэецца да плюс 27–33 градусаў.
У суботу ўмовы надвор’я пачнуць мяняцца. У начныя гадзіны яшчэ захаваецца ўплыў поля павышанага атмасфернага ціску, таму істотных ападкаў не прагназуецца. А вось раніцай і ўдзень на нашу тэрыторыю чакаецца перамяшчэнне франтальнага падзелу з Заходняй Еўропы, які праявіць сябе на большай частцы краіны кароткачасовымі дажджамі. Месцамі дажджы будуць суправаджацца навальніцамі і ўзмацненнем ветру да моцнага парывістага. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 15–20 градусаў. У дзённыя гадзіны тэмпературны фон будзе даволі кантрасны: ад плюс 22 градусаў па паўночным захадзе ў зоне атмасфернага фронту да плюс 32 градусаў па паўднёвым усходзе краіны.
Цяпло пачне сыходзіць ад нас ужо ў нядзелю. У гэты дзень яшчэ будзе захоўвацца ўплыў франтальнага падзелу, які ссоўваецца ў паўднёва-ўсходнім напрамку. Таму ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны, а днём па паўднёвым усходзе прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Пры гэтым тэмпературны фон па краіне панізіцца: ноччу будзе плюс 9–15 градусаў, а ў паўднёва-ўсходніх раёнах плюс 16–19 градусаў. Максімальная тэмпература ўдзень не перавысіць плюс 20–26 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў сіноптыкаў, у пачатку чарговага працоўнага тыдня атмасферны ціск пачне расці, дажджоў стане менш. Яны будуць насіць кароткачасовы характар і выпадаць лакальна. У панядзелак будзе пераважна без ападкаў, толькі месцамі па поўдні краіны магчымы кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Уначы тэмпература паветра складзе плюс 8–15 градусаў, удзень — плюс 20–27 градусаў. А ў аўторак-сераду, 9–10 жніўня, ноччу будзе пераважна без ападкаў. Днём у асобных раёнах краіны магчымы кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай месцамі туман. Тэмпература паветра ўначы панізіцца да плюс 7–14 градусаў.
Удзень паветра прагрэецца да плюс 20–27 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhniven