Для стымулявання спажывання неабходна значна знізіць працэнтныя стаўкі па крэдытах у эканоміцы. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае [1] БелТА.
Ва ўрадзе бачаць тры асноўныя фактары аднаўлення эканамічнага росту: экспарт, інвестыцыі і спажыванне. Што да апошняга, то Раман Галоўчанка ўпэўнены ў неабходнасці стымулявання ўнутранага спажывання. З улікам залішняй ліквіднасці, якая ўтварылася ў банкаўскай сістэме, урад мае намер устанавіць для дзяржаўных банкаў павышаныя заданні па росце крэдытавання для спажывецкіх, інвестыцыйных мэт, а таксама бягучай дзейнасці прадпрыемстваў. «Лічу, што час падысці да ўстанаўлення працэнтных ставак у эканоміцы на эфектыўным узроўні. Шокавы стан ужо прайшоў, і высокія працэнтныя стаўкі сваю ролю адыгралі. Высокія стаўкі, як мы ўсе цудоўна разумеем, не могуць з’яўляцца элементам доўгатэрміновай грашова-крэдытнай палітыкі. Пры гэтым паводзіны фізічных асоб змяніліся. На працягу першага паўгоддзя насельніцтва з’яўляецца ўстойлівым прадаўцом валюты, — адзначыў Раман Галоўчанка. — Больш за тое, насельніцтва стала больш зберагаць. З пачатку года тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва выраслі больш як на 10 працэнтаў».
Гэтыя даныя, паводле слоў прэм’ер-міністра, сведчаць аб тым, што паводзіны насельніцтва садзейнічаюць макраэканамічнай стабільнасці. «Таму неабходна істотнае зніжэнне працэнтных ставак у эканоміцы. Узровень працэнтнай стаўкі па крэдытах павінен арыентавацца на прагнозны параметр па інфляцыі ў сярэднетэрміновай перспектыве. Без даступных крэдытаў не будзе ні інвестыцый, ні спажывання, ні росту», — упэўнены Раман Галоўчанка.
Закранаючы праблему росту цэн, кіраўнік урада звярнуў увагу, што энергетычны і харчовыя крызісы прывялі да росту інфляцыі ў шэрагу краін і могуць прывесці да рэцэсіі найбуйнейшых эканомік свету, падзення даходаў насельніцтва і росту беднасці. У Беларусі рост цэн ёсць, але ён не з’яўляецца крытычным, перакананы прэм’ер-міністр. Па ягоных дадзеных, актыўнасць на спажывецкім рынку істотна не змянілася. «Інфляцыйныя працэсы ўдалося стрымаць у разумным калідоры перш за ўсё за кошт жорсткага адміністрацыйнага кіравання, і мы бачым запаволенне тэмпаў інфляцыі», — канстатаваў Раман Галоўчанка.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/golovchenko-dlja-stimulirovanija-potreblenija-nuzhno-suschestvenno-snizit-protsentnye-stavki-po-517806-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/sankcyi