За сем месяцаў гэтага года ў кансалідаваны бюджэт Гомельскай вобласці паступіла Br1,668 млрд. Адносна ўзроўню аналагічнага мінулагодняга перыяду паступленні павялічыліся на 2,7 працэнта, або Br44,3 млн у фактычных цэнах. Аб гэтым БелТА паведаміла [1] першы намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гомельскай вобласці Таццяна Сідарэнка.
Паводле інфармацыі Таццяны Сідарэнка, у фарміраванні бюджэту рэгіёна ўдзельнічалі больш за 826 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку звыш 19 тыс. арганізацый, каля 31 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў і больш за 776 тыс. фізічных асоб.
«Амаль 74 працэнты даходаў бюджэту вобласці ў студзені-ліпені сфарміравана за кошт паступленняў пяці падаткаў. 34,7 працэнта — за кошт падаходнага падатку, 17,7 працэнта — ПДВ, 10,8 працэнта — падатку на прыбытак, 6,2 працэнта — на нерухомую маёмасць і 4,2 працэнта — экалагічнага», — расказала першы намеснік начальніка.
Ад арганізацый дзяржсектара эканомікі ў бюджэт Гомельскай вобласці паступіла амаль Br1,2 млрд. На іх долю прыпадае 71,5 працэнта агульных паступленняў. Уклад арганізацый недзяржаўнага сектара — Br362,1 млн (21,7 працэнта), індывідуальных прадпрымальнікаў — Br64,8 млн (3,9 працэнта), фізічных асоб — Br48,1 млн (2,9 працэнта).
Восем буйнейшых падаткаплацельшчыкаў пералічылі ў бюджэт Br751,5 млн — гэта 45 працэнтаў ад даходаў вобласці. «Лідарам з’яўляецца РУП «Вытворчае аб’яднанне „Беларуснафта“, удзельная вага плацяжоў якога перасягнула 29 працэнтаў агульных паступленняў у бюджэт вобласці», — удакладніла Таццяна Сідарэнка.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/pastuplenni-u-bjudzhet-gomelskaj-voblastsi-u-studzeni-lipeni-pavjalichylisja-na-27-pratsenta-118664-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc
[3] https://zviazda.by/be/tags/byudzhet
[4] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-sidarenka