Адным з бясцэнных падарункаў Добрушу падчас святкавання Дня беларускага пісьменства стала адкрыццё помніка народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну. Аўтары кампазіцыі, вага якой складае каля 10 тон, Уладзімір Піпін і Канстанцін Касцючэнка, распавялі «Звяздзе» аб тым, як ішла праца над праектам.
— У нас зладжаны калектыў, мы каля 15 гадоў працуем разам, — адзначыў Уладзімір Піпін. — Разам стварылі ўжо не адну работу, у тым ліку і помнік Івану Шамякіну. Скульптура — у прынцыпе цяжкая фізічная праца, асабліва калі трэба ўкласціся ў пэўны тэрмін. Таму дапамога суаўтара проста неабходна.
Падчас работы над праектам скульптары звярталіся і да сваякоў Івана Шамякіна, у распрацоўцы кампазіцыі ім дапамагала дачка пісьменніка Алеся Шамякіна.
— Алеся Іванаўна прымала актыўны ўдзел пры стварэнні мадэлі ў гліне, — падзяліўся Канстанцін Касцючэнка. — Звычайна падчас працы над такімі праектамі нельга абысціся без дапамогі сваякоў і блізкіх, яны падказваюць дэталі, якія маюць вялікае значэнне.
Скульптары прызналіся, што падчас работы адчувалі вялікую адказнасць:
— Іван Шамякін трэці з нашых народных пісьменнікаў, вобраз якога ўвасабляецца ў скульптурнай пластыцы. Да гэтага помнікі былі створаны Янку Купале і Якубу Коласу, — распавёў Канстанцін Касцючэнка. — Таму, распрацоўваючы вобраз, эскіз і ў далейшым саму мадэль помніка, мы разумелі, што кампазіцыя павінна быць на адным узроўні са скульптурамі Купалы і Коласа. Мы імкнуліся да таго, каб помнік увабраў у сябе ўсю энергетыку, унутраны змест твораў Шамякіна.
— Падчас работы над помнікам мы ўлічвалі глыбіню і маштабнасць асобы пісьменніка. Стварыць з вобраза чалавека сур'ёзны мемарыяльны аб'ект — гэта складаная задача, якую не кожны скульптар можа вырашыць. Але, мяркую, у нас атрымалася — помнік адлюстроўвае дух і моц Івана Шамякіна, — падсумаваў Уладзімір Піпін.
Арына КАРПОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aryna-karpovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/dobrush
[4] https://zviazda.by/be/tags/pomnik
[5] https://zviazda.by/be/tags/ivan-shamyakin-1