Адразу два выставачныя праекты адкрыліся 6 верасня ў Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі. Праекты прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Асноўную частку выставы «Знаёмства з Якубам Коласам» складаюць графічныя партрэты беларускага класіка, якія зроблены мастаком Сямёнам Герусам. Стваральнік графічных партрэтаў не раз асабіста сустракаўся з Паэтам, рабіў замалёўкі і эскізы яго партрэтаў, некаторыя з якіх, былі выкананыя літаральна ў апошні месяц жыцця беларускага паэта.
Яшчэ адзін выставачны праект «Дзень добры, Масква!» прысвечаны Янке Купале. Экспазіцыя заснавана на алічбаваных матэрыялах з фондаў музея і прадстаўляе народнага паэта Беларусі ў кантэксце руска-беларускіх культурных сувязяў. Жыццё Купалы было цесна звязана з расійскай сталіцай: ён вучыўся ў Маскоўскім гарадскім народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага, браў шлюб у касцёле святых Пятра і Паўла ў Мілюцінскім завулку. Таксама ўдзельнічаў у працы праўлення Саюза пісьменнікаў СССР і апошнія 10 дзён свайго жыцця паэт правёў менавіта ў Маскве. Таму і назва экспазіцыі была звязана з Масквой.
У выставачны праект уваходзяць некалькі тэматычных раздзелаў, якія паказваюць Янку Купалу як паэта-перакладчыка, распавядаюць пра яго ўзаемаадносіны з Максімам Горкім, і паказваюць, якую ролю Масква сыграла ў асабістым і творчым шляху пісьменніка.
У завяршэнні вечара перад гасцямі выступілі артысты Гомельскай абласной філармоніі, падчас канцэрта вершы паэтаў ажывалі пад музыку вялікіх кампазітараў.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/pasolstva-belarusi
[4] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kupala
[6] https://zviazda.by/be/tags/yakub-kolas
[7] https://zviazda.by/be/tags/140-gadou-kupalu-i-kolasu