У гэтыя выхадныя ёсць прычына згадаць сцэнарыста, паэта, рэжысёра Генадзя Шпалікава з нагоды яго 85-годдзя. А ў эфіры тэлеканалаў «Культура» і АНТ можна будзе ўбачыць яго фільм «Доўгае шчаслівае жыццё» і дакументальнае кіно пра самога майстра.
Мастацкая кінастужка рэжысёра выйшла на «Ленфільме» ў 1966 годзе і расказвае гісторыю маладых людзей Алены і Віктара, якім здаецца, што выпадак звёў іх для доўгага і шчаслівага жыцця. Аднак раніцай і следу не застаецца ад усіх слоў, што сказалі адно аднаму ўвечары, бо раптам пры новай сустрэчы ўсё набывае зусім нечаканыя адценні... Не прапусціце паказы фільма «Доўгае шчаслівае жыццё» ў суботу 10 верасня і ў нядзелю 11-га ў паўторы вечарам на канале «Культура».
А вось на АНТ у суботу можна паглядзець дакументальны фільм Алесі Фокінай «Жыццё абаяльнага чалавека», які распавядае пра рэжысёра Шпалікава, які марыў быць ваенным, але знайшоў сваё прызначэнне ў кінамастацтве. Яго сцэнарыямі поўніліся кінастудыі краіны, аднак трыумф Генадзь Шпалікаў зведаў пасля фільма «Я крочу па Маскве», бо стала зразумела, што героі мяняюцца ў адпаведнасці з часам. Стужка «Доўгае і шчаслівае жыццё» стала яго адзінай рэжысёрскай работай, а фільм «Ты і я» (пастаўлены па яго сцэнарыі) прагрымеў на Венецыянскім кінафестывалі. Аднак, ці рабіла яго ўсё гэта шчаслівым? Даведаемся ў дзённым эфіры 10 верасня.
Алена ДРАПКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/film
[5] https://zviazda.by/be/tags/dougae-shchaslivae-zhyccyo
[6] https://zviazda.by/be/tags/genadz-shpalikau
[7] https://zviazda.by/be/tags/ant