У Калінкавіцкім раёне ў ДТЗ загінуў пасажыр легкавога аўтамабіля, паведамляецца [1] ў ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.
Смяротная аварыя здарылася 6 кастрычніка прыкладна ў 21:50 на 3 км дарогі Слабодка — Бярозаўка. Паводле папярэдняй інфармацыі, 30-гадовы мужчына, які не мае пасведчання кіроўцы, за рулём ВАЗа адцягнуўся, страціў кантроль над кіраваннем, з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў дрэва. Сам кіроўца атрымаў траўмы і трапіў у бальніцу, а 64-гадовы пасажыр, які ехаў на пярэднім сядзенні, загінуў на месцы. Ва УДАІ адзначылі: абодва не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі.
Каб выявіць недысцыплінаваных кіроўцаў на дарозе, якія ставяць пад пагрозу бяспеку, і спыніць грубыя парушэнні ПДР, супрацоўнікі ДАІ рэгіёну сёння і ў выходныя дні ўзмоцняць кантроль на дарогах. Першачарговую ўвагу праваахоўнікі накіруюць на выяўленне нецвярозых вадзіцеляў і бяспраўнікаў.
Пракантралююць падчас рэйдаў і тое, як выконваюць правілы пешаходы і веласіпедысты. «Увосень цямнее на вуліцы значна раней, і яны ў большай ступені схільныя рызыцы. Падчас прафілактычнага мерапрыемства „Стань прыкметней у цемры“ дзяржаўтаінспектары правераць, як пешаходы выкарыстоўваюць у цёмны час сутак святлоадбівальныя элементы, а таксама фізічны стан пешаходаў», — удакладнілі ва УДАІ.
Фота: ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама
Спасылкі
[1] https://gomel.mvd.gov.by/ru/news/8795
[2] https://zviazda.by/be/tags/dai
[3] https://zviazda.by/be/tags/pdr
[4] https://zviazda.by/be/tags/autamabil
[5] https://zviazda.by/be/tags/daroga
[6] https://zviazda.by/be/tags/dtz
[7] https://zviazda.by/be/tags/stan-prykmetney-u-cemry
[8] https://zviazda.by/be/tags/nebyaspeka