Зіновій Прыгодзіч выданнем кнігі «Созидатели. Книга 3», якая сёлета пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура», завершыў трылогію, складзеную з гутарак-партрэтаў з дзеячамі беларускай культуры, беларускай літаратуры. Сустрэчы, якія прадстаўлены ў трохтомніку са знакавай назвай — «Стваральнікі», заснаваны на ўражаннях, журналісцкіх інтэрв’ю на працягу значнага адрэзку часу.
У першым томе суразмоўцамі дасведчанага публіцыста, пісьменніка выступаюць Васіль Быкаў, Наталля Гайда, Міхась Дрынеўскі, Аляксей Дудараў, Мікалай Яроменка, Марыя Захарэвіч, Леанід Левін, Ігар Лучанок, Адам Мальдзіс, Іван Міско, Міхась Міцкевіч, Генадзь Аўсяннікаў, Георгій Паплаўскі, Міхаіл Фінберг. У другім — Валянціна Гаявая, Аксана Волкава, Алег Елісеенкаў, Міхаіл Казінец, Міхаіл Савіцкі, Янка Сіпакоў, Іван Шамякін, Іван Юркін, Анатоль Ярмоленка. У трэцім томе — Уладзімір Гасцюхін, Леанід Шчамялёў, Анатолій Алай, Уладзімір Слабодчыкаў, Леў Гумілеўскі, Аляксандр Яфрэмаў, Валянцін Елізар’еў. Наўрад ці трэба прадстаўляць творчую прафесію кожнага з іх, людзі вядомыя. Пісьменнікі, акцёры, кампазітары, мастакі — усе яны з’яўляюцца яркімі прадстаўнікамі культуры, асевтніцтва Беларусі. Дзякуючы зробленаму імі ў мастацтве, культуры, грамадскім жыцці рэспублікі, краіны, Беларусь стала болей вядомай свету, зазіхацела новымі дыяментамі. Менавіта без іх цяжка ўявіць беларускую літаратуру, беларускае тэатральнае мастацтва, беларускую музычную культуру, беларускае кіно...
Суразмоўцы Зіновія Прыгодзіча, стваральнікі нашай Айчыны, выказваюцца па самых розных пытаннях. Ох, якое журналісцкае майстэрства патрэбна — прыдумаць пытанні такім асаблівым людзям. Такія пытанні, каб уцягнуць іх у вір шчырай размовы пра сябе і час, каб разварушыць суразмоўцаў. Так, Зіновій Прыгодзіч гэтымі гутаркамі не проста вымалёўвае партрэты сваіх сучаснікаў, а піша сапраўдны партрэт часу. Кнігі пад агульнай назвай «Стваральнікі» адкрываюць мноства цікавых фактаў, дазваляюць зразумець, што ж, якія жыццёвыя і творчыя прыярытэты вынеслі гэтыя прыродай пазначаныя таленты на самыя значныя вышыні. Дазваляюць зразумець, якой працай, якімі намаганнямі дасягнута зробленае імі. Мяне як чытача радуе, што ў кнігах няма выпадковых сустрэч, здаецца, што ўсе, з кім гутарыў З. Прыгодзіч, — яго шчырыя сябры.
Раю адкрыць кнігу і студэнтам факультэта журналістыкі, усім, хто авалодвае прафесіяй журналіста — ці то з разлікам на працу ў папяровым друку ці то прафесіяй журналіста тэлебачання. Вы знойдзеце на старонках кніг шмат сакрэтаў твоорчага майстэрства. І, можа быць, ідучы на гутарку з акцёрам ці музыкантам, кампазітарам ці пісьменнікам, зразумееце, як важна рыхтавацца да гэтых сустрэч.
Упэўнены, што кнігі цыкла «Стваральнікі» патрэбны і маладым чытачам, якія авалодваюць творчымі прафесіямі, збіраюцца стаць . Ужо дзеля таго, каб яны азнаёміліся з перакананнямі сваіх папярэднікаў. Вопыт асобаў, якія ўжо здзейсніліся ў мастацтве, якіх лічаць тварам нацыянальнай культуры, дарагога каштуе. І нізкі чытацкі паклон пісьменніку і журналісту Зіновію Прыгодзічу, што ён не шкадуе часу на сустрэчы з яркімі майстрамі, якія робяць наша жыццё шмат прыгажэйшым, прымушаюць духоўна развівацца і ісці наперад.
Дарэчы, 10 лістапада ў Доме літаратара ў Мінску па адрасе — вул. Фрунзэ, 5 а 17-й гадзіне пачнецца вечарына, прысвечаная пісьменніку Зіновію Прыгодзічу і героям яго кніг «Стваральнікі». Да сустрэчы не толькі з пісьменнікам, але і з яго суразмоўцамі! Прыходзьце! Не пашкадуеце!
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/zinoviy-prygodzich
[5] https://zviazda.by/be/tags/stvaralniki
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-yafremau-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-gayavaya
[8] https://zviazda.by/be/tags/vasil-bykau